«Маці – гэта бясцэнны Божы дар, беражыце яго». Матуль Брагіншчыны віншуе Аляксандр Цярэшчанка

Грамадства Літаратурная гасцёўня

Маміны далоні

Маці, мама, матуля… Як бы мы ні называлі іх – гэта самыя дарагія, родныя, любімыя жанчыны для кожнага чалавека. Яны падаравалі нам жыццё, расцілі і выхоўвалі нас, вучылі, акружалі пяшчотай і клопатам, любоўю. Яны не шкадавалі для нас нічога – ні свайго здароўя, ні часу, ні грошай, толькі б дзецям было добра.

А ці адчуваюць маці ўвагу і клопат ад сваіх дзяцей? Ці часта мы пра іх успамінаем? (А яны пра нас, я упэўнены, кожны дзень.) Як яны чакаюць ад нас добрага слова, званка, цікавяцца нашымі справамі. А ці не забываем мы павіншаваць матуль са святамі? Крыўдна за тых, хто не ведае даты дня нараджэння сваёй маці, але ведае, калі пенсія. Ёсць і такія, хто падымае руку на яе. Чаму ўсе маленькія дзеці абдымаюць маму, цалуюць яе, прызнаюцца ў любові, а дарослыя саромяцца? Чаму просяць прабачэння толькі тады, калі яны ляжыць у труне? Прыдзіце да жывой маці, падзякуйце за яе дабрыню, папрасіце прабачэння, калі адчуваеце ў нечым віну.

Маці – самы надзейны сябар, яна ўсё зразумее, дасць параду, якімі б ні былі яе дзеці, яна заўсёды іх любіць. На жаль, нашы матулі старэюць і, як бы сумна ні было, пакідаюць нас. Мая маці пражыла дзевяноста адзін год. На яе доўгім жыццёвым шляху было ўсё – і гора, і радасць. Ваеннае дзяцінства, цяжкая ручная праца у калгасе, хрэсьбіны і вяселлі чатырох дзяцей, нараджэнне дзевяці ўнукаў і дзевяці праўнукаў.

Я ніколі не забуду апошнюю сустрэчу з маці. Яна трымала ў сваёй руцэ маю, мабыць, як калісьці, калі я быў малым. Я адчуваў цеплыню гэтай маленькай, высахлай, але залатой рукі і думаў, колькі сотняў тон бульбы накапалі гэтыя рукі, колькі тысяч літраў надаілі малака, колькі нагрэблі сена… А галоўнае, яны трымалі мяне ля грудзей. Я глядзеў на родны маршчыністы твар, на якім зорачкамі блішчалі вочы і позірк быў нейкі заклапочаны. Аб чым яна думала? У мяне нагарнулі слёзы, я разумеў, што гэта мая апошняя сустрэча з матуляй. Для мяне яе вобраз – святы, я ніколі не павысіў на яе голас, ніколі не называў на ты.

На Брагіншчыне яшчэ жывуць матулі, у якіх такі ж лёс, як і ў маёй. Дабра вам і даўгалецця. Хачу пажадаць усім матулям Брагіншчыны здароўя, увагі і павагі, клопату і пяшчоты ад родных, шчасця ў дзецях, радасці ў жыцці, міру і дабра.

Шаноўныя, памятайце: маці – гэта бясцэнны Божы дар, беражыце яго.

Я зноў гляджу на маміны далоні
І позірк заклапочаны лаўлю.
У яе ўжо даўно сівыя скроні,
А я яе ўсё мацней люблю.

Я зноў гляджу на маміны далоні –
На іх жыцце нібыта адцвіло.
Цябе люблю, скажу я маме сёння,
Каб заўтра ужо позна не было.

У маіх руках – матуліны далоні,
Вочы яе, як зорачкі блішчаць.
Цалую сёння маміны я скроні,
Яе маршчынкі буду цалаваць.

Дзякуй, мама, за бяссонныя ночы
Над калыскаю сваіх дзяцей.
Цалаваць тыя рукі я хочу,
Што трымалі мяне ля грудзей.

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *