Водныя шляхі Рыгора Мігая. Героя атрымаў за поспехі ў развіцці рачнога транспарту

Год народнага адзінства Грамадства

У першы рэйс

Малая радзіма Рыгора Мікалаевіча – вёска Глухавічы, якой ужо няма на карце (сцёр з твару зямлі Чарнобыль). Нарадзіўся ён тут 2 мая 1927 года ў сялянскай сям’і. Да вайны закончыў шэсць класаў. Будучы падлеткам, выконваў любую цяжкую фізічную працу, каб дапамагчы сям’і выжыць у галодны перыяд акупацыі. Калі раён вызвалілі, прымаў удзел у аднаўленні разбуранага мясцовага калгаса імя Калініна. У 1944-м асірацеў.

Восенню таго ж года юнак па накіраванні камсамола паступіў у школу фабрычна-заводскага вучнёўства рачнога транспарту (г. Чарнобыль). Усю цяжкую зіму 1944–1945 гадоў сумяшчаў заняткі з работай па аднаўленні інтэрната і вучэбных карпусоў. З адкрыццём навігацыі, вясной пераможнага 1945-га, выйшаў у першы рэйс на параходзе “Байкал”. Пасля завяршэння вучобы пачаў самастойную працоўную дзейнасць на Чарнобыльскім сударамонтным заводзе.

Капітан-механік

З 1947 года Рыгор Мігай – на беларускай зямлі. Месцам яго работы стала Днепра-Дзвінскае (з 1952-га – Верхнедняпроўскае) рачное параходства. Качагарам хадзіў на параходах “Арол” і “Нява”. Без адрыву ад працы закончыў курсы суднавых механікаў, завочна – Маскоўскі тэхнікум рачнога транспарту. І ў 1955 годзе перайшоў працаваць механікам на Пінскі суднарамонтны завод (з 1957-га – рамонтна-эксплуатацыйная база, а з 1961-га – суднабудаўніча-суднарамонтны завод).

Прымаў актыўны ўдзел у работах па мадэрнізацыі параходаў і цеплаходаў, пераводзе суднаў з цвёрдага на вадкае паліва, у аўтаматызацыі кіравання машынна-кацельнымі агрэгатамі. Тады ж, у сярэдзіне 1950-х, паклаў пачын сумяшчэнню прафесій у Верхнедняпроўскім параходстве і стаў выходзіць у рэйсы механікам рачных буксіраў. Паспяхова здаў экзамены на права кіравання суднаў і з 1962 года прадоўжыў працаваць капітанам-механікам буксірнага цеплахода (БТ) – адным з першых у параходстве.

Эканоміка па-флоцку

Суднавая каманда пад кіраўніцтвам Рыгора Мігая забяспечвала ўзорнае ўтрыманне машын і механізмаў БТ-0203, потым БТ-0242, працуючы без аварый. Штогод датэрміновы і высакаякасна выконвала зімовы рамонт цеплахода. Адным з першых у перыяд сёмай (пашыранай: 1959–1965) пяцігодкі Рыгор Мікалаевіч пачаў укараненне ў практыку новага спосаба кіравання несамаходнымі суднамі (баржамі) па рацэ. Да гэтага буксір цягнуў за сабой баржу на доўгім тросе. А цяпер прапаноўвалася трывала мацаваць яе спераду буксіра, які ўжо не валачыў судна, а штурхаў яго перад сабою.

Выгада была нават не ў тым, што палепшылася манеўраванне, асабліва на звужаных участках рэк. Больш важным з’яўлялася тое, што новаўвядзенне дазволіла скараціць колькасны склад суднавай каманды і тым самым павысіць паказчыкі выкарыстання цеплахода. Так пачын Мігая даў беларускім рачнікам мільёны рублёў эканоміі. У выніку каманда БТ-0242 адной з першых адкрывала навігацыю, мела стабільна высокія паказчыкі ў перамяшчэнні грузаў і не раз з’яўлялася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва сярод калектываў параходства.

Высокая ўзнагарода

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 верасня 1966 года за датэрміновае выкананне заданняў сямігадовага плана па развіцці рачнога транспарту і выдатныя вытворчыя поспехі Рыгору Мігаю было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

З 1967 года Рыгор Мікалаевіч – механік Пінскага суднабудаўніча-суднарамонтнага завода. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак заставаўся верным традыцыі, сутнасць якой – пастаянны пошук новага, свядомая, добрасумленная праца і моцная флоцкая дысцыпліна.

Пайшоў з жыцця знакаміты ўраджэнец Брагіншчыны ў 2007 годзе.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *