“Зямля ў сонечных  далонях” – духоўная спадчына Брагіншчыны

Главное Общество

Надзея Мялешка: выданне гэтай кнігі – доўгачаканае свята для ўсіх, хто сэрцам адданы Брагіншчыне.

У гэтым годзе для нас, жыхароў і ўраджэнцаў раёна, адбылася доўгачаканая падзея. У выдавецкім доме “Гомельская праўда” выйшла кніга “Зямля ў сонечных далонях”, якая з’яўляецца працягам серыі “Мая малая радзіма”. Народная духоўная культура Брагінскага раёна – так пазіцыяніруюць яе самі ўкладальнікі. У ёй знайшлі адлюстраванне культурныя здабыткі нашага сонечнага краю. Заслугоўвае ўвагі той факт, што ў лік аўтараў разам з навуковымі дзеячамі ўвайшлі і нашы таленавітыя землякі, сярод якіх і супрацоўнікі рэдакцыі газеты “МП”.

З’яўленне гэтага выдання нішто іншае як імкненне  захаваць і папулярызаваць культурныя здабыткі брагінскай зямлі. Каго кніга можа зацікавіць? Перш за ўсё тых, хто неабыякава ставіцца да пытанняў культуры і культурнай спадчыны. Тут знайшлі адлюстраванне абрады, традыцыі, міфалогія і павер’і, змешчаны аповеды пра знакамітых землякоў і гістарычны лёс Брагіншчыны, а таксама літаратурныя і гістарычныя артыкулы і моўныя даследаванні.

Напярэдадні Дня работнікаў культуры мы сустрэліся  з Надзеяй Мялешкай. Яна – чалавек неабыякавы да ўсяго, што тычыцца гісторыі і сучаснасці  Брагіншчыны. На працягу сваёй дзейнасці ўносіць важкі ўклад у папулярызацыю і захаванне нацыянальных здабыткаў, не ўяўляе свайго жыцця без творчасці і самавыяўлення ў ёй, а таксама з’яўляецца адным з аўтараў (што асабіста ў мяне не выклікае ніякага здзіўлення) гэтага каштоўнага выдання. Надзея працавала ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй, а сёння яна ўзначальвае школу мастацтваў. Два гады запар яе прозвішча змяшчалася на раённую Дошку гонару. А яшчэ яна здымае кіно і не раз з’яўлялася пераможцай і лаўрэатам розных конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Адным словам, чалавек культуры. Але размова не пра гэта.

Уласна кажучы, да Надзеі ў мяне было толькі два пытанні. Колькі часу вялася работа над напісаннем артыкулаў? І як, на яе думку, атрымалася? Найбольш цікава было даведацца пра яе меркаванне наконт канчатковага выніку.

І вось што яна паведаміла:

– Выданне такой кнігі – культурная падзея для Брагіншчыны. Я б нават сказала – свята. У нас ужо ёсць “Памяць” (гісторыка-дакументальная хроніка нашага раёна), “Духоўная культура Брагіншчыны” (зборнік традыцый нашага краю). “Зямля ў сонечных далонях” – гэта першае ў сваім родзе выданне, своеасаблівы экскурс у мінулае і знаёмства з сучасным культурным жыццём Брагіншчыны. Каштоўнасць такой кнігі складана недаацніць. У ёй  ёсць тое, што цяжка вымераць у грашовым эквіваленце: душа нашага народа. Людзі, якім давялося пакінуць Брагіншчыну пасля адсялення, зразумеюць, аб чым я.

Сярод праблем, якія прынесла з сабой аварыя на ЧАЭС, – культурная катастрофа. Пасля здарэння ў красавіку 1986-га Брагіншчыну сталі пакідаць людзі, якія з’яўляліся носьбітамі культуры. Аб гэтым мне калісьці казаў наш знакаміты зямляк – жывапісец Віктар Шматаў. Але ў той час я гэтага так востра не разумела і не адчувала. Змешчанае ў гэтай кнізе – магчымасць перадаць нашчадкам ўсё тое, што ўдалося сабраць практычна па крупінках.

Работа над зборнікам вялася з 2019-га. Але ў яго аснове – распрацоўкі, якім значна больш гадоў. Мае артыкулы датычацца гісторыі нашага краю, народнага тэатра – батлейкі, музея, школы мастацтваў. Скажу так: сярод безлічы пераваг ёсць у гэтага выдання адзін недахоп – невялікі тыраж (усяго 200 экзэмпляраў).   

 

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *