10 лістапада – Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС

Грамадства Территория закона

Каля помніка Васілю Ігнаценку. 2007 год.

Гэта людзі, якія валодаюць вялікім жыццёвым вопытам і з якіх бярэ прыклад сённяшняе пакаленне супрацоўнікаў міліцыі. Нават знаходзячыся ў адстаўцы, займаючы пасады ў іншых сферах дзейнасці, яны гатовыя ў любы момант стаць на варту правапарадку.

Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск сёлета споўнілася 30 гадоў. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў канцы чэрвеня. Між тым для многіх ветэранаў МУС святочнай з’яўляецца дата 10 лістапада. Справа ў тым, што ў гэты дзень адзначалі сваё прафесійнае свята супрацоўнікі савецкай міліцыі. І тыя, хто застаў часы існавання СССР, успамінаюць яго з настальгіяй.

Старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС Сяргею Музычэнку таксама давялося некаторы час служыць у савецкай міліцыі.

– Апошні раз мы сустракалі прафесійнае свята менавіта 10 лістапада ў 1993 годзе. А з 1994-га Дзень беларускай міліцыі адзначаецца 4 сакавіка, – узгадвае Сяргей Анатольевіч.

Новая дата звязана з падпісаннем у 1917-м дакумента, паводле якога Міхаіл Фрунзе прызначаўся часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў Мінску.

Брагінская раённая арганізацыя Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск налічвае 42 чалавекі. Практычна ўсе яны пачыналі працаваць у савецкі перыяд. За плячыма кожнага – не адно дзесяцігоддзе службы, якая патрабавала поўнай самааддачы, псіхалагічных і фізічных сіл. Нагадаем, што ў ліку першых супрацоўнікі органаў унутраных спраў былі накіраваны на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Не менш цяжка было і ў першыя гады пасля распаду СССР.

Ветэраны прайшлі свой прафесійны шлях дастойна і сумленна, а сёння перадаюць вопыт маладым супрацоўнікам. Абмяркоўваюць з імі складаныя моманты працы, расказваюць аб тым, якімі былі іх першыя крокі на службе, даюць карысныя парады.

– Вядома, многае змянілася. Як методыка і тактыка раскрыцця злачынстваў, так і самі злачынствы: у свеце камп’ютараў і інтэрнэту разам з іншым на першы план выйшла барацьба з незаконнымі справамі ў IT-сферы. Але словы падтрымкі ад старэйшых таварышаў, іх наказы заўсёды актуальныя. Таму ні адно ўрачыстае мерапрыемства РАУС, у ліку якіх – прыняцце прысягі, прысваенне чарговага звання, уручэнне ўзнагарод ці табельнай зброі – не застаецца без удзелу нашых ветэранаў, – дадае намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Брыцько.

Людзі, якія з’яўляюцца захавальнікамі лепшых традыцый органаў унутраных спраў і з задавальненнем дзеляцца сваёй мудрасцю і вопытам, безумоўна, рады такой увазе. Прызнаюцца, што галоўнае для іх – памяць, бо ўпэўнены, што няма будучыні без мінулага. Калектыў і пярвічная ветэранская арганізацыя РАУС адрасуюць ім віншаванні і шчырыя пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту, прафесійнага росту і мірнага неба.

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *