ААТ “Чамярыскі”: у гаспадарцы працуюць людзі, якія жывёлагадоўлі аддалі па трыццаць гадоў

Сельское хозяйство

Пётр Пінчук

Ёсць людзі, якія з-за сваёй сціпласці стараюцца быць у цяні, не гавораць пра заслугі, не падкрэсліваюць на кожным кроку, што іх уклад у поспехі калектыву – значны. Яны проста сумленна выконваюць свае абавязкі і менш за ўсё думаюць пра ўзнагароды, хаця заслугоўваюць іх.

Да такіх адносіцца і Пётр Пінчук з ААТ “Чамярыскі”. Жывёлаводам ён працуе з 1987 года, з дня ў дзень крочыць знаёмай дарогай на ферму, каб накарміць маладняк, навесці парадак на рабочым месцы, зрабіць усё па-гаспадарску, як дома.

Па словах загадчыцы Хракавіцкай фермы Таццяны Аладкі, зараз ён вырошчвае цялушак для ўзнаўлення малочнага статка. Іх у яго групе каля 200 галоў. На гэты вытворчы ўчастак і патрэбен быў менавіта такі даглядчык: з багатым вопытам, пачуццём адказнасці, веданнем справы. Прадуктыўнасць будучай высокаўдойнай каровы закладваецца з першых месяцаў нараджэння, залежыць не толькі ад селекцыі, але і ад умоў утрымання і кармлення цяляці. Калі яно не атрымлівае дастатковую колькасць корму і мікраэлементаў, хуткага прыбаўлення ў вазе ад яго чакаць не варта.

Пётр Пятровіч выдае сваім гадаванцам сена, сянаж, кукурузу з палімерных рукавоў, якую яны паядаюць з ахвотай. Яго стараннасць цэняць дырэкцыя і зааветспецыялісты гаспадаркі.

Расказаць на старонках “МП” пра Алену Кузякову і Алену Смірнову нас папрасіў галоўны заатэхнік “Чамярыскага” Аляксандр Малочка. Імпануе, што спецыяліст з багатым вопытам работы ў сельскай гаспадарцы зацікаўлены ў тым, каб пра лепшых аператараў машыннага даення ведалі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне, а родныя і блізкія ганарыліся імі.

Алена Кузякова і Алена Смірнова

Алена Смірнова прыйшла на ферму ў 16-гадовым узросце, дык так і засталася. Спачатку дапамагала сваёй матулі Надзеі Піліпаўне, перадавой даярцы, а потым і сваю групу кароў набрала. Яе працоўны стаж складае трыццаць гадоў. Работу на Хракавіцкай ферме Алена Васільеўна паспяхова спалучае з мацярынствам. У яе шасцёра дзяцей, чацвёра з якіх ужо дарослыя, а двое – школьнікі. Руплівая жанчына паспявае і на ферме, і дома.

Трыццацігадовы працоўны юбілей Алена Кузякова адзначыць у 2022-м. Як і яе сяброўка, яна клапоціцца аб павышэнні надояў і якасці малака, прыкладвае для гэтага вялікія намаганні. З пачатку года атрымала ад кожнай каровы па 4500 літраў малака.

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – хочацца пажадаць гэтым людзям моцнага здароўя, дабрабыту, працоўных дасягненяў, асабістага шчасця і пабольш светлых і радасных дзён у жыцці.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *