ААТ “Пераможнік”: асеннія клопаты вяскоўцаў

Общество Сельское хозяйство

Кола сельскагаспадарчых работ у раёне паступова звужаецца. Асноўныя з іх – уборка кукурузы на зерне і ўздым зябліва – праходзяць у прывычным рытме. Цёплае вільготнае надвор’е ў канцы кастрычніка і пачатку лістапада дазваляе весці ворыва ўвесь светлавы дзень. Па словах галоўнага агранома ААТ “Пераможнік” Сяргея Марчанкі, у іх сельгаспрадпрыемстве работу выконвае Сяргей Сідарок, да якога ў бліжэйшыя дні далучыцца Сяргей Катлярэнка. Удваіх яны змогуць апрацаваць плошчу амаль у тысячу гектараў.

А вось уборка кукурузы на зерне ўжо завершана. Каралеве палёў на гэтыя мэты адводзілася 600 гектараў, але ж 200 га зжалі на сілас. З тых чатырохсот, што засталіся, намалацілі 350 тон залацістых зярнят, а 797 тон заклалі ў палімерныя рукавы. Даўжыня іх – ад 60 да 90 метраў. Зрабілі ўсё згодна з тэхналогіяй: у час здрабнення дадавалі неабходныя мікрадабаўкі. Запоўнілі сем рукавоў зернем кукурузы і чатыры – аўсом, ячменем і трыцікале. Для грамадскага статка гэта пажыўны і якасны корм, нарыхтаваны па новай тэхналогіі.

У механізатара Міхаіла Дарошчанкі сёлетняе жніво было 30-е. Са сваім памочнікам Віталем Ракам намалацілі за сезон 1110 тон збожжа і ўбралі 407 гектараў. Мы сустрэлі Міхаіла Іванавіча на тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу, дзе ён разам з Дзянісам Чарвінскім запаўняў палімерныя рукавы кукурузай. Па яго словах, за дзень плюшчылі па 60 тон.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *