COVID-19 і дзеці: падрастаючае пакаленне нагадвае дарослым аб неабходнасці выконваць правілы

Грамадства СтопCOVID

Пераканалі  ўласным  прыкладам

У першую хвалю захворвання на COVID-19, калі мы былі найбольш асцярожнымі і прыслухоўваліся да парад спецыялістаў, выконвалі меры прафілактыкі (пра вакцынацыю размовы тады не ішло), мяне парадавала стаўленне падлеткаў да гэтай праблемы і свайго здароўя. У магазін “Санта” я зайшла ўслед за трымя дзяўчынкамі. Першае, што яны зрабілі, апрацавалі рукі дэзынфіцыруючым сродкам. Мне стала няёмка ад таго, што праходзіла міма яго кожны дзень і не заўважала на сцяне каля дзвярэй, не гаворачы ўжо пра карыстанне. У той вечар я зрабіла тое ж, што і падлеткі: падстрахавала сябе ад магчымасці заразіцца COVID-19.

А яны прайшлі ў гандлёвую залу і спыніліся, нешта абмяркоўваючы. Адна з дзяўчатак тлумачыла сяброўкам, як правільна наносіць антысептык, якімі павінны быць пры гэтым рухі, дзе знаходзяцца пальцы. Рабіла яна гэта так, што міжволі захацелася скапіраваць яе дзеянні.

З тае пары рэгулярна карыстаюся дэзынфіцыруючым сродкам. Пра гэта ў магазіне пастаянна нагадвае нам, пакупнікам, і голас дыктара. Але ж не ён, а тры юныя асобы наглядна паказалі мне, што мерамі перасцярогі грэбаваць нельга. Іх урок аказаўся павучальны і карысны.

Чхаць  патрэбна  правільна

Дашы чатыры гады. Як і ўсе дзеці, яна любіць вабіць час з бабуляй, якая чытае ёй казкі, малюе, гуляе з ёй на вуліцы. У пачатку вясны жанчына крыху прастудзілася. Сцішыўшыся з унучкай у яе пакоі над раскрытай кнігай Карнея Чукоўскага, нечакана некалькі разоў чхнула. Малая здзіўлена паглядзела на яе і сказала:

– Так нельга рабіць! Патрэбна вось так!

Пры гэтым сагнула руку ў локці і дакранулася носам і губамі да месца згібу.

Бабуля з удзячнасцю падумала пра выхавальніц садка, якія прывіваюць дзеткам культуру паводзін, вучаць клапаціцца не толькі пра сваё здароўе, але і тых, хто побач. Пазней пра гэта пачула і ў аўтарскай праграме доктара Аляксандра Мяснікова, які доўгі час працаваў у далёкім замежжы. Ён паказваў, як правільна чхаць, каб не заразіць іншых людзей: згінаў руку так, як паказвала чатырохгадовая Даша. Падкрэсліваў, што першы досвед малышы за мяжой атрымліваюць у дашкольных установах. Нашы – таксама.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *