Дні без урокаў. Чым займаюцца школьнікі на асенніх канікулах

Общество

Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна пачаўся навучальны год, а ўжо мінула першая чвэрць. З нядзелі ў школьнікаў – асеннія канікулы. Перыяд, за які патрэбна зняць эмацыянальнае і інтэлектуальнае напружанне, умацаваць здароўе, аднавіць сілы. Іншымі словамі, правесці гэтыя дні з карысцю. Таму задача дарослых нумар адзін – забяспечыць максімальную занятасць непаўналетніх, засцерагчы іх ад неабдуманых крокаў і не дазволіць ім трапіць пад дрэнны ўплыў.

Менавіта такую мэту ставіць прафілактычная акцыя “Арганізуй свой вольны час”, якая праводзіцца на тэрыторыі раёна ў перыяд канікул: з 31 кастрычніка па 7 лістапада. У рамках яе на базе ўстаноў адукацыі дзейнічае 11 лагераў дзённага знаходжання, якія наведваюць 190 школьнікаў. І яшчэ адзін, з ахопам 30 вучняў, – пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Для юных асоб прадугледжаны цэлы комплекс творчых, фізкультурна-аздараўленчых, забаўляльна-пазнавальных і іншых мерапрыемстваў. А хтосьці не супраць і папрацаваць: на базе Брагінскай школы рэалізуецца праект другаснай занятасці, у якім задзейнічаны 10 падлеткаў ва ўзросце 14–15 гадоў. У вольны ад вучобы час яны падклейваюць, прыводзяць у належны стан кнігі з бібліятэчнага фонду.

Каб канікулы прайшлі не толькі цікава, але і бяспечна, у работу, накіраваную на захаванне жыццяў і здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх законапаслухмяных паводзін і цвёрдых маральных прынцыпаў, уключаны ўсе, хто стаіць на абароне правоў падрастаючага пакалення. Гэта ў першую чаргу прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, сістэм адукацыі і спорту, культуры, БРСМ і інш. Любая работа з дзецьмі будуецца з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *