На працоўным календары Зоі Сапоненкі – трыццаць сёмы навучальны год, трыццаць пяць з якіх прайшлі ў Хракавіцкай школе

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

8 лістапада Зоя Анатольеўна адзначыла 60-годдзе з дня нараджэння.

На працоўным календары Зоі Сапоненкі – трыццаць сёмы навучальны год, трыццаць пяць з якіх прайшлі ў Хракавіцкай школе.

…У той час у нашым педкалектыве пераважная большасць настаўнікаў былі вопытныя, сталыя. І Зою Анатольеўну, якая толькі год назад закончыла Мазырскі педінстытут, прынялі добразычліва. З першых яе ўрокаў і педагогі, і вучні заўважылі ў гэтай жыццярадаснай і ўважлівай настаўніцы неабыякавага, чулага і спагадлівага чалавека. Рабіць дабро людзям наша паважаная юбілярка не перастае і сёння. Яна ўмее падтрымаць суразмоўцу і словам, і справай, і нават інтанацыяй свайго, на рэдкасць жывога і звонкага голасу. З яе твару рэдка знікае прамяністая ўсмешка, незалежна ад таго, гутарыць яна са сваімі калегамі, вучнем або аднавяскоўцам.

Вядома, у жыцці гэтай працавітай і шчырай жанчыны, як і ва ўсіх нас, бываюць няпростыя моманты. Але, нягледзячы ні на што, яна яшчэ знаходзіць сілы і час весці асабістую падсобную гаспадарку. Ёсць нават конь, якога Зоя Анатольеўна сама запрагае, каб, напрыклад, з’ездзіць у грыбы. А яна, трэба сказаць, вялікі грыбнік-аматар.

У доме нашай юбіляркі заўсёды прыгожа і ўтульна, шмат хатніх кветак. На прысядзібным участку радуюць вока дагледжаныя сад і агарод. А ў склепе – разнасолаў на любы густ! І ўсе яны з вырашчанага, сабранага і перапрацаванага нястомнымі рукамі жанчыны ўраджаю.

Выхавала Зоя Анатольеўна двух сыноў. Ад старэйшага ўжо дачакалася ўнукаў. Малодшы пасля заканчэння біялагічна-экалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны працуе ляснічым-эколагам у Палескім запаведніку.

Няпроста было гэтай жанчыне паставіць на ногі сваіх хлапчукоў (у тым ліку і па стане здароўя). Часта яны бачылі вільготныя вочы маці, бо не адзін раз шчымлівы сум ахінаў яе сэрца. Сыны, вядома, імкнуліся суцешыць матулю. І гэта прыдавала ёй сілы, акрыляла. На клопаты родных людзей адказвала мацярынскай пяшчотай і любоўю.

Нягледзячы на чыста жаночыя рысы характару, наша юбілярка да таго ж і мужная жанчына. Як пісаў Мікалай Някрасаў, “и коня на скоку остановит, и в горящую избу войдёт…”

Па словах намесніка дырэктара Хракавицкай СШ Надзеі Махнач, Зоя Анатольеўна валодае вялікім прафесійным патэнцыялам. Яна настаўніца вышэйшай катэгорыі. Хоць на пенсіі, але яшчэ запатрабаваная ў школе. Ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з маладымі педагогамі, якія, між іншым, з’яўляюцца яе былымі вучнямі.

Зоя Анатольеўна шмат гадоў працавала намеснікам дырэктара, затым – настаўніцай. Прыклала нямала намаганняў, каб абсталяваць кабінет беларускай мовы і літаратуры згодна з патрабаваннямі методыкі навучання і эстэтыкі. Візітная карткай яго з’яўляецца этнаграфічны куток. А яшчэ – вазоны, якіх у кабінеце вельмі шмат і якія педагог трапятліва даглядае.

Цікава і змястоўна арганізуе і праводзіць Зоя Анатольеўна тыдні беларускай мовы і літаратуры. Яе вучні дасягаюць поспехаў на раённых прадметных алімпіядах, былі ўдзельнікамі абласных этапаў.

Сэнс сваёй прафесійнай дзейнасці Зоя Анатольеўна бачыць не толькі ў тым, каб перадаць свой вопыт маладым педагогам, а веды – вучням. Стратэгічная задача – выклікаць у дзяцей жывы інтарэс да матчынай мовы, падахвоціць іх і, ужываючы разнастайныя формы і метады, стымуляваць жаданне вучыцца.

– Вынікі радуюць. Цэнтралізаванае тэсціраванне нашы выпускнікі здаюць паспяхова. Ёсць прыклады, калі абітурыенты набіралі больш за 80 балаў, – расказвае Надзея Мікітаўна. – Паспяхова працягвае вучобу на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Руслан Прахарэнка, а Ірына Махнач закончыла гэтую ж ВНУ з адзнакай. Многія вучні Зоі Анатольеўны сталі выкладчыкамі беларускай мовы і літаратуры. У іх ліку Марыя Прахарэнка, Алена Леўкавец, Алена Фурс, Ганна Капур і іншыя.

Разам з былымі калегамі Надзеяй Кірбай, Тамарай Хіжанок і Святланай Ганчарэнкай віншуем Зою Анатольеўну з юбілеем. Жадаем ёй даўгалецця і светлай жыццёвай дарогі, аптымізму, шчасця і анёла-ахоўніка побач.

Любоў МАЙСЕЕНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *