Слова – кіраўніку. Пазіцый не здаём

Главное Общество Сельское хозяйство

Колькі ні думай, лепш за хлеб не прыдумаеш… Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці з асаблівай цеплынёй узгадваеш людзей, якія яго росцяць, не дасыпаюць начэй, стараюцца своечасова пасеяць і ўбраць збожжавыя культуры. А потым хвалюцца, каб нечаканыя вясеннія замаразкі не пашкодзілі пасевы, каб не спаліла іх гарачае летняе сонца, не прыбілі да зямлі моцныя ліўні з вятрамі… І так год за годам.

Сёння размова з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Карпенкам пойдзе пра тое, як склаўся гэты сельскагаспадарчы год для аграрыяў Брагіншчыны, з якімі вынікамі яны сустракаюць свята, што ў планах на будучы год.

– Сяргей Вячаслававіч, усіх, каму неабыякавы лёс раёна, парадавала, што хлебаробы Брагіншчыны занялі трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па такім паказчыку, як выхад зерня ў разліку на бала-гектар. Што пасадзейнічала поспеху і дазволіла выйсці ў лідары?

– Бясспрэчна, гэта ў першую чаргу прыемная навіна для тых, хто закладваў аснову будучаму ўраджаю і ўбіраў яго: рыхтаваў плошчы, сеяў зерневыя і зернебабовыя, апрацоўваў пасевы, вёў падкормку раслін, сядзеў за штурвалам камбайнаў і машын, арганізоўваў работу на палях і зернетаках. У кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў раёна і гаспадарак, механізатараў, вадзіцеляў была адна мэта: вырасціць багаты каравай. Аб’яднаўшы намаганні, яны дружнай камандай змагаліся са стыхіяй, пераадольвалі цяжкасці, дапамагалі адзін аднаму.

Разлічвалі мы на большае. Калі і не паўтарыць рэкорд 2016 года (тады ААТ раёна сабралі звыш 50 тысяч тон зерневых і зернебабовых), дык выйсці на ўзровень мінулага. На жаль, не атрымалася. Сёлета валавы намалот зерневых каласавых склаў 41 167 тон пры ўраджайнасці 24,2 цнт/га. А віной усяму – ліпеньская спёка. З вясны ўсё складвалася найлепшым чынам: праходзілі дажджы, вільгаці ў глебе хапала, а потым надвор’е нечакана сапсавалася. Высокая тэмпература летніх дзён адмоўна паўплывала на стан пасеваў, што прывяло да недабору зерня.

А зроблена было нямала. Каб павысіць ураджайнасць, адмовіліся ад насення трэцяй рэпрадукцыі, завезлі эліту і суперэліту. Апошнія два гады падкормку пасеваў вялі толькі КАСамі (патрабаванне старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя). Вітаміны ўрадлівасці ў лёгкай і даступнай форме лепш засвойваюцца раслінамі і не так хутка выпараюцца. Ну, і вядома, правялі веснавыя палявыя работы ў агратэхнічныя тэрміны з захаваннем тэхналогіі. Уклалі значныя сродкі, затрацілі шмат энергіі, часу, таму хацелася б, каб і аддача ад кожнага гектара была больш шчодая. Хаця на вынікі гэтага сельскагаспадарчага года крыўдаваць не даводзіцца. Яны ёсць, аб чым сведчыць трэцяе ганаровае месца ў абласным спаборніцтве.

– А што з кукурузай?

– Намалацілі 9724 тоны зерня, што складае 100,4% да ўзроўню мінулага года. І зноў жа, віды на ўраджай каралевы палёў былі добрыя. Неспрыяльныя кліматычныя ўмовы не дазволілі каштоўнай кармавой культуры сфарміраваць пачаткі, наліць іх зернем. Найбольшы ўрон спёка нанесла ААТ “Камарынскі”: калі летась тут сабралі 706 тон, то сёлета – ніводнай.

– Звычайна жніво ў нашым раёне праходзіць арганізавана, без эксцэсаў. Як разгортвалася спаборніцтва на хлебных палях сёлета?

– Перш чым адказаць на пытанне, хацеў бы звярнуць увагу на адну акалічнасць: у ААТ раёна найвышэйшая ў вобласці нагрузка на адзін камбайн: 485 гектараў. Прыводжу гэтыя лічбы для таго, каб паказаць, чаго варты нашы людзі. Як і ў папярэднія гады, яны праяўлялі ініцыятыву, энтузіязм, дэманстравалі высокую свядомасць і зацікаўленасць у выніках сваёй працы. Дваццаць шэсць зернеўборачных экіпажаў намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа, а Міхаіл Салдаценка з сынам Віталем (ААТ “Чамярыскі”) – 2030. Сямнаццаць вадзіцеляў перасягнулі тысячны рубеж. Чатыры запісалі на свой рахунак больш чым па дзве тысячы тон перавезенага зерня. Жніво хлебаробы раёна завяршылі аднымі з першых у вобласці.

– Якая ўвага ўдзяляецца кармавому полю?

– Прымяняючы новыя тэхналогіі, імкнёмся забяспечыць грамадскі статак якаснымі кармамі. Зерне кукурузы плюшчым, напаўняем ім палімерныя рукавы і тым самым скарачаем затраты на дапрацоўку каралевы палёў. Сёлета пасеялі дадаткова 700 гектараў люцэрны (насенне набылі за сродкі абласнога бюджэту), перавагу аддаём засухаўстойлівым культурам, такім, як проса, пайза, соргасуданская трава. Яны хутка адрастаюць і даюць некалькі ўкосаў. Рацыён жывёлы павінен быць разнастайны і збалансаваны.

– Якое сельгаспрадпрыемства раёна лідзіруе па валавой вытворчасці малака?

– ААТ “Брагінка”: за дзесяць месяцаў тут атрымана 2754 тоны малака, што складае 120,4% да ўзроўню мінулага года. Па надоях у разліку на карову – “Камарынскі” (4810 кілаграмаў).

– Што б Вы хацелі пажадаць работнікам АПК раёна напярэдадні іх прафесійнага свята?

– У першую чаргу хачу падзякаваць за сумленную працу, майстэрства і любоў да роднай зямлі ўсіх, хто звязаў свой лёс з вёскай і сельскай гаспадаркай. Нават у гэтых складаных умовах яны змаглі вырасціць ураджай і захаваць дынаміку развіцця. Гэтыя людзі – залаты фонд Брагіншчыны. Ад душы жадаю работнікам АПК і іх сем’ям моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту, шчасця і аптымізму.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *