2 студзеня – Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў

Грамадства

Супрацоўнікі банкаўскіх структур і фінансавых органаў Брагіншчыны паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі, садзейнічаюць устойліваму экана-мічнаму і сацыяльнаму развіццю раёна.

Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Вольгу Старавойт расказаць, як складваўся адыходзячы год, што з запланаванага ўдалося ажыццявіць, як сфарміравана даходная частка бюджэту на 2022-гі.

Па яе словах, у 2021 годзе падатковыя і непадатковыя плацяжы паступяць у раённы бюджэт у аб’ёме 11 840,9 тыс рублёў. У параўнанні з планам, які быў зацверджаны першапачаткова, павялічыліся на 2085,4 тысячы рублёў. Дадатковае ўліванне сродкаў дазволіла павялічыць удзельную вагу ўласных даходаў раёна ў агульным аб’ёме.

У прыярытэтным парадку сродкі накіроўваліся на выплату заработнай платы, трансфертаў насельніцтву, разлікі за пастаўленыя прадукты харчавання, медыкаменты і спажытыя цеплаэнергарэсурсы. Расходныя абавязацельствы, якія былі зацверджаны і якія ўзніклі ў ходзе выканання бюджэту, забяспечаны фінансаваннем у поўным аб’ёме.

У 2022-м, як праінфармавала Вольга Уладзіміраўна, прагназуецца атрымаць 10 161,5 тысячы рублёў уласных даходаў. Асноўныя паступленні (68,7%) складуць падаходны падатак і падатак на дабаўлены кошт, падатак на ўласнасць – 9,6%, ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) – 7,6%. Іншыя крыніцы сфарміруюць 14,1%.

Сродкі ад продажу жылых памяшканняў (прыватызацыі) у памеры 183,1 тысячы рублёў застануцца ў нас (у 2021-м яны пералічваліся ў абласны бюджэт).

З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў чакаецца паступленне 31 586 тысяч рублёў датацыі, субвенцый і іншых міжбюджэтных трансфертаў. З улікам гэтых сум раённы сфарміраваны ў аб’ёме 41 747,5 тысячы рублёў.

Для фінансавання ўстаноў аховы здароўя прадугледжваецца 9025 тысячы рублёў, першачарговых расходаў па галіне – 8591,3 тысячы (95,2%).

На функцыянаванне Брагінскай спар-тыўнай школы, правядзенне абласных і раённых спартыўных спаборніцтваў, фізкультурна-масавыя і аздараўленчыя мерапрыемствы накіруюць 5754,4 тысячы.

Значная сума (15 059,6 тысячы рублёў) закладзена ў бюджэце для сеткі ўстаноў адукацыі і рэалізацыі мерапрыемстваў у гэтай галіне.

Расходы на сацыяльную палітыку – 3286,3 тысячы рублёў, на жыллёва-камунальную гаспадарку і добраўпарад-каванне населеных пунктаў (без уліку жыллёвага будаўніцтва) – 2353,2 тысячы. Каля 63,1% сродкаў прыпадае на субсідзіраванне жыллёва-камунальных паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву, уключаючы льготы асобным катэгорыям грамадзян.

За кошт бюджэтных асігнаванняў пакрыецца розніца паміж коштам цвёрдага паліва па аптовых цэнах прадпрыемстваў і фіксаванай рознічнай цаной для насельніцтва, частка расходаў грамадзян на ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне. Падтрымку атрымаюць і прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў у гарадскім і прыгарадным транспарце.

У структуры расходаў 75,8% па-ранейшаму займаюць першачарговыя артыкулы: заработная плата, харчаванне, лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы. На выплату ўсіх відаў трансфертаў насельніцтву будзе накіравана 2109,4 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў, на аплату камунальных паслуг – 2115, 1.

Каб правільна размеркаваць грашовыя паступленні, улічыць кожны бюджэтны рубель, суаднесці рэальныя магчымасці з патрэбамі і прыняць пад увагу абставіны, што склаліся, работнікам аддзела даводзіцца шмат працаваць. Штодзённа аналізаваць, супастаўляць, падсумоўваць зробленае і прадбачыць канчатковы вынік дапамагаюць, вядома ж, веды, а яшчэ – матэматычны склад розуму. У спалучэнні з пачуццём адказнасці і высокай працаздольнасцю гэтыя якасці дазваляюць невялікаму калектыву дакладна збалансаваць раённы бюджэт, рацыянальна размеркаваць затраты, забяспечыць фінансаванне першачарговых артыкулаў.

Віншуем фінансістаў і работнікаў банкаўскіх устаноў з прафесійным святам, Новым годам і Ражаством. Жадаем поспехаў, натхнення, цудоўнага настрою і добрага здароўя. Няхай ім шчасціць ва ўсім.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *