2021: даты, падзеі, поспехі

Грамадства

У краіне

11–12 лютага ў Мінску прайшоў VI Усебеларускі народны сход. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Дэпутацкі корпус раёна прадставілі шэсць чалавек: Аляксандр Калясан, Ігар Кірэня, Міхаіл Рубашчанка, Сяргей Міхаленка, Надзея Кукрак і Таццяна Катлабай.

Дзявятага жніўня ў Палацы Незалежнасці адбылася “Вялікая размова” з Прэзідэнтам.

У Беларусі з’явілася новае свята – Дзень народнага адзінства, якое адзначаецца 17 верасня.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт Бела-русі Аляксандр Лукашэнка даў дадатковыя даручэнні па добраўпарадкаванні і развіцці Брагіна, прыняў удзел у закладцы Алеі Памяці. Высаджана 35 клёнаў, якія сімвалізуюць 35 год з дня трагедыі на ЧАЭС, устаноўлены памятны знак.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт 30 кастрычніка адзначыў стогадовы юбілей.

Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса “Нацыянальная абарона” ваеннаму эксперту Ігару Каротчанку і назваў вінаватых у міграцыйным крызісе.

24 лістапада 1996 года, чвэрць веку назад, у Беларусі прайшоў рэферэндум, які змяніў краіну. Пачалося ўзнаўленне нацыянальнага вектара развіцця краіны.

Канстытуцыйная камісія падрыхтавала праект асноўнага Закона, але і беларусы маглі накіраваць свае ініцыятывы. З 22 сакавіка 2021 камісія атрымала не менш чым 15 тысяч прапаноў. У апошнія дні адыходзячага года на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала абнародаваны праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання.

У раёне

Па выніках абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у ліку раёнаў, якія атрымалі высокі выхад зерня ў разліку на бала-гектар і сталі пераможцамі, – наша Брагіншчына. У нас – ганаровае трэцяе месца. Старшыні райвыканкама Аляксандру Кохану ўручаны сертыфікат на пагрузчык “Амкадор”. Сертыфікат на новы камбайн “Гомсельмаша” (мадэль 1218) атрымаў старшы камбайнер ААТ “Чамярыскі” Міхаіл Салдаценка.

Вадзіцель ААТ “Чамярыскі” Рыгор Малочка заняў першае месца, а Мікалай Нікалаеў (ААТ “Брагінка”) – трэцяе ў абласным спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў, якія перавозілі зерне ад камбайнаў.

Пры падвядзенні вынікаў рэспублі-канскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў за 2020 год гарадскі пасёлак Брагін прызнаны лепшым у сваёй групе населеных пунктаў (як і за 2018-ты, 2019-ты). Пераходны вымпел застаецца ў нас.

У рамках святкавання Дня народнага адзінства ў Брагіне адбыўся патрыятычны велапрабег, у якім прынялі ўдзел больш за 70 чалавек. Аўтапрабег “Сімвал адзінства” (стартаваў 3 верасня ў Брэсцкай вобласці і фінішаваў на “Кургане Славы”) брагінчане сустракалі 12 верасня.

У Год народнага адзінства ў райцэнтры па вуліцы Набярэжнай пасаджана 100 дрэў. Гэта дубы, клёны, бярозы і рабіны.

Маладзёжны праект па закладцы паркаў сямейных дрэў рэалізуецца па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з 2019 года.

Удзельнікі аўтапрабегу “За адзіную Беларусь” пабывалі ў Брагіне напярэдадні 35-годдзя аварыі на ЧАЭС.

Ва ўстанове аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” з’явіўся сучасны УЗІ-апарат, а таксама новы аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі. Яны набыты за сродкі, накіраваныя на ліквідацыю паследкаў ЧАЭС.

У Брагінскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі паступіў новы аўтобус для падвозу дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. ГАЗ “Меркурый” аснашчаны пад’ёмным устройствам, прыстасаваны для транспарціроўкі інваліднай каляскі.

У пачатку верасня ў Брагіне прайшоў таматны фэст, які аб’яднаў усе ініцыятывы і праекты, што рэалізуюцца ў раёне.

У рамках акцыі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру нованароджанаму жыхару Брагіна Івану Мекшуну прысвоены статус “Дзіця міру”.

У раёне стартавала патрыятычная акцыя “Дарогамі спаленых вёсак”. Брагінскі раённы Савет дэпутатаў звярнуўся да насельніцтва з просьбай падтрымаць ініцыятыву яе правядзення. Сабраныя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю воінскага пахавання (пахавання ахвяр вайны) на вуліцы Пясочнай.

Занальны турнір рэспублі-канскага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” прайшоў на Брагіншчыне ў канцы лістапада. Праект “Памяць” ад Брагінскага РК ГА “БРСМ” (прадставіла настаўніца Мікуліцкай СШ Вольга Ходар) быў адным з лепшых.

Сёлета калектывы Брагіншчыны папоўніліся 69 выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных вучэбных устаноў.

Грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” адзначыла 25-годдзе з дня заснавання.

Беларускаму прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі споўнілася сто год, а Брагінскай аўташколе – дзесяць.

У Хракавічах аднавілі працэс вытворчасці льнянога палатна. 17 верасня тут адкрыта прыватная калекцыя “Іванава сядзіба”.

У выдавецтве дома “Гомельская праўда” выйшла кніга “Зямля ў сонечных далонях” (працяг серыі “Мая малая радзіма”). Народная духоўная культура Брагінскага раёна – так пазіцыяніруюць яе самі ўкладальнікі. У лік аўтараў увайшлі і нашы таленавітыя землякі, сярод якіх і супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Маяк Палесся”.

У рамках Тыдня беларуска-японскай дружбы (праходзіў па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і пасольства нашай краіны ў Японіі, а таксама пры падтрымцы беларускіх Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў, Гомельскага аблвыканкама, Брагінскага райвыканкама) на сцэне раённага дома культуры выступілі ўдзельнікі харэаграфічнага ансамбля “Мандзюсяка”. Свой першы візіт у Брагін ансамбль зрабіў у 1999 годзе.

У Брагіне ўстаноўлены памятны знак у гонар пагранічнікаў.

Пяціпавярховы дом з’явіўся ў райцэнтры па вуліцы Акцябрскай для маладых спецыялістаў і мнагадзетных сямей.

У жніўні здадзены ў эксплуатацыю дом па вуліцы Гагарына г.п. Брагіна. Шэсць кватэр у ім прадназначаны для маладых сямей, 34 – для маладых спецыялістаў.

Праславілі Брагіншчыну

За высокі прафесіяналізм і значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі галоўны рэдактар “Маяка Палесся” Галіна Шаўчэнка атрымала падзяку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яна стала лепшай сярод аўтараў матэрыялаў у друкаваных СМІ.

Калектыў раённай газеты “Маяк Палесся” стаў пераможцам абласнога этапа творчага конкурсу ў намінацыі “Прапаганда ведаў у галіне забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва”.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу сярод пераможцаў і прызёраў на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў бяспекі жыццядзейнасці заняў трэцяе месца.

Па выніках дзейнасці за 2020 год аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС заняло першае месца сярод аддзяленняў Гомельшчыны.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама заняў першае месца ў XXXIII круглагадзічнай абласной спартакіядзе школьнікаў Гомельскай вобласці 2020/2021 вучэбнага года (III група).

Па выніках конкурсу “Жанчына года–2020” у намінацыі “Паспяховы кіраўнік” перамогу атрымала галоўны рэдактар “МП” Галіна Шаўчэнка.

Грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Ганаровая грамата Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК уручаны выканаўчаму дырэктару ААТ “Брагінка” Тамары Кудан.

Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначаны камбайнер ААТ “Чамярыскі” Міхаіл Салдаценка і вадзіцель ААТ “Імя Жукава” Уладзімір Шахніцкі.

Загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Брагіна Людміла Лук’янава адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання наш раён заняў чацвёртае месца ў вобласці (22-е ў мінулым годзе) сярод раёнаў вобласці і г. Гомеля.

Выпускніца гімназіі г.п. Брагіна Дарына Раманчук здала цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове на сто балаў (настаўніца – Ала Фёдараўна Пінчук).

Дзесяцікласніца Мікуліцкай СШ Кацярына Здор заняла трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

У абласных спаборніцтвах па хакеі “Залатая шайба” сярод дзяцей і падлеткаў 2005–2006 гадоў нараджэння лепшым бамбардзірам стаў Захар Шэін (Іялчанская школа).

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



1 комментарий по теме “2021: даты, падзеі, поспехі

  1. 8 снежня 2021 года Брагінскі, Лоеўскі, Рэчыцкі і Хойніцкі раёны мусілі адзначыць сваё 95-годдзе. Але дзеля таго, што за два гады раней, 1 верасня 2019 года ў Брагіне паспяшаліся адсвяткаваць 95-годдзе ўзбуйнення Брагінскай воласці (яшчэ ў складзе РСФСР), памылкова атаясаміўшы падзею з утварэннем раёна, пры канцы 2021 года панавала цішыня.
    У старажытным Брагіне не засталося гісторыкаў? Адныя героі-персанажы білбордаў?..

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *