ААТ “Брагінаграсэрвіс”:  каб  трактары  былі як  новыя

Главное Грамадства Сельское хозяйство

Загадчык гаража Аляксандр Казмярчук.

На пасяджэнні Саўміна  ў  лістападзе Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне аграрыям: за зіму паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю энерганасычаную тэхніку.

Да гонару кіраўніцтва і спецыялістаў ААТ “Брагінаграсэрвіс”, тут не толькі змаглі захаваць арганізацыю, але і надаць яе рабоце новы імпульс, быць запатрабаванымі і паспяховымі. У той час як у суседніх раёнах аналагічныя  структуры спынілі сваю дзейнасць, брагінчане па-ранейшаму аказваюць розныя паслугі. Да слова, у намінацыі “Лепшае прадпрыемства раёна” на Дошку гонару Брагінскага раёна занесена менавіта гэтае адкрытае акцыянернае таварыства. Яно ж трапіла ў лік тых цэнтраў, аб якіх гаварыў Прэзідэнт. Сюды будзе паступаць энерганасычаная тэхніка.

Аснашчанасць ААТ і наяўнасць кваліфікаваных кадраў дазваляюць выконваць рамонт энерганасычаных трактароў, – сказаў дырэктар Сяргей Набок. – Сучасная тэхніка складаная, каб у ёй разабрацца, патрэбны і веды, і практыка, і ўмелыя рукі. Нашы людзі валодаюць неабходнымі навыкамі, прайшлі перападрыхтоўку.

У гэтым мы пераканаліся, калі пабывалі ў майстэрні. Тут знаходзяцца тры трактары МТЗ-3022 адкрытых акцыянерных таварыстваў “Пераможнік”, “Брагінскі” і “Малажынскі”. Загадчык гаража Аляксандр Казмярчук, які даваў тлумачэнні і адказваў на пытанні, аказаўся кампетэнтным і неабыякавым спецыялістам. З такімі прыемна мець справу. Пасля заканчэння каледжа адразу паступіў у Беларускі дзяржаўны агратэхнічны ўніверсітэт, у “Брагінаграсэрвісе” працуе трэці год.

– Зараз мы праводзім дэмантаж рухавікоў, корпусаў счаплення і каробак перамены перадач, якія адправім на дэфектоўку ў ААТ “Аблаграсэрвіс”. Рухавікі завязу ўжо заўтра (9 снежня), – праінфармаваў Аляксандр Аляксандравіч. –

Там ёсць дыягнастычнае абсталяванне, стэнды, з дапамогай якіх выяўляюць няспраўнасці. Калі сілавы агрэгат патрабуе рамонту, яго суму ААТ узгадняе з намі і выконвае неабходныя работы.

Непасрэдна рамонтам энерганасычаных трактароў і тэхнікі займаецца наш атрад у складзе слесараў Юрыя Краілы, Аляксандра Залужнага, Ігара Пракапенкі і Аляксандра Лёгкага. Паколькі некаторыя з іх знаходзяцца ў водпусках, да работы прыцягваю вопытных механізатараў, якія добра ведаюць будову трактара. Ігар Пракапенка (рамонтнік участка станцыі тэхнічнага абслугоўвання) – з ліку такіх.

Слесар-рамонтнік Мікалай Данчанка.
Юрый Краіла каля трактара МТЗ-3022.
Ігар Пракапенка – вопытны механізатар.

Рабочыя прадпрыемства ставяць на лінейку гатоўнасці не толькі сельгасмашыны гаспадарак раёна, але і свае. Да вясны іх таксама неабходна “падлячыць”, каб разам з хлебаробамі выйсці ў поле. Сеялка АПП-М6Д вытворчасці лідскага завода патрабуе капітальнага рамонту, які выканае Віктар Марчанка. Гэта яму на раённых дажынках уручылі Ганаровую грамату райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у раённых спаборніцтвах сярод трактарыстаў-машыністаў па выпрацоўцы эталонных гектараў, у перыяд уборкі ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўкі травяных кармоў. А гэта сведчыць аб прафесіяналізме і майстэрстве Віктара Мікалаевіча.

Гатоўнасць двух “МАЗаў” складае 97%. Аб гэтым паклапаціліся іх гаспадары – Сяргей Гаўрыленка і Алег Шпакоўскі. Засталося толькі пафарбаваць аўтамабілі. Тэрмін іх службы складае 6,5 года. Вадзіцелі перавозяць на іх даламітавую муку, мінеральныя ўгнаенні, насенне, зерне. Каб падоўжыць век тэхнікі, сочаць за яе тэхнічным станам.

Свае МАЗы рамантуюць Алег Шпакоўскі і Сяргей Гаўрыленка.

Па словах Аляксандра Казмерчука, заробкі ў ААТ нядрэнныя. Асабліва ў тых, хто сумленна выконвае свае абавязкі, стараецца. Дырэктар цэніць працавітых людзей.

– За зіму неабходна вызначыць цэнтры, куды мы, калі неабходна, звязём энерганасычаную тэхніку – зернеўборачныя камбайны, кормаўборачныя камбайны і энерганасычаныя трактары. МТЗ і “Гомсельмаш” іх дапамогуць адрамантаваць, узнавіць, а дзесьці, магчыма, і абслужыць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што затраты на ўзнаўленне і рамонт гэтай тэхнікі павінны быць мінімальныя, бо ў сялян лішніх грошай няма.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *