Каб іншым было навукай

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Як мы ставімся да тых ці іншых праяў хамства, бестактоўнасці, нахабства ці вандалізму? Каго лічым людзьмі выхаванымі, культурнымі, а каго – наадварот? На першы погляд, усё зразумела і проста. Усміхнуўся табе чалавек, павітаўся, зрабіў нешта карыснае для людзей, пакінуў пасля сябе чысціню, парадак – і ўжо прыемна. А калі гэта грубіян, брыдкаслоў, гультай, разбуральнік таго, што створана іншымі, – выклікае гнеў і нават нейкі ўнутраны пратэст. Ды, як правіла, адным абурэннем, раздражнёнасцю эксцэс і завяршаецца.

На мой погляд, такіх сітуацый, калі мы цярпліва, лаяльна ці абыякава ставімся да недапушчальных у грамадстве “выхадак”, вакол – колькі хочаш. І самае сумнае нават не ў іх колькасці, а ў тым, што асобы, якія здзяйсняюць негатыўныя ўчынкі, адчуваюць уласную беспакаранасць, перавагу над іншымі. Дастаткова прасачыць за некаторымі момантамі з жыцця.

У апошні час, напрыклад, вялікую ўвагу і мясцовая ўлада, і працоўныя калектывы, і дбайныя гаспадары сядзіб надаюць добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Наводзім вакол лоск: прыбіраем, рамантуем, фарбуем, вызваляем зямлю ад бруду і смецця. І насамрэч вельмі прыемна рыхтаваць матэрыялы аб тым, як людзей аб’ядноўвае калектыўная праца, справа на агульную карысць. Ініцыятывы правядзення суботнікаў, азелянення тэрыторый, масавых акцый па ачыстцы лясных масіваў і берагоў рэк заслугоўваюць толькі пахвалы. Але што ж атрымліваецца? Тыя, хто не мае дачынення да ўзніклых сметнікаў ці пашкоджаных пабудоў, прыбіраюць, наводзяць парадак за тымі, хто смецціць і займаецца вандалізмам.

Я, вядома, разумею: пад нагамі – апалае лісце, сухое голле ці залішняя расліннасць. А калі патрэбна ачышчаць тэрыторыі ад выкінутых кімсьці абгортак ці ўпаковак, пластыкавых ды шкляных бутэлек, цэлафанавых пакетаў, іншых рэшткаў чужых пікнікоў? Калі прама на тратуар ці газон кідаюцца акуркі, з’яўляюцца надпісы на сценах, пераўтвараюцца ў распівачныя пункты зоны адпачынку? Калі псуюцца лаўкі, альтанкі, агароджа, іншая маёмасць, не лічыцца сорамным, непрыстойным сплёўваць у грамадскіх месцах, побач з людзьмі?..

На такіх асоб, па-мойму, ужо не паўплываць ніякімі словамі. Позна праводзіць гутаркі на тэму “Что такое хорошо и что такое плохо”. А метад барацьбы з нядбайнасцю, дзікунствам, нецывілізаванымі адносінамі да навакольнага асяроддзя, як мне здаецца, адзін – прымяненне самых строгіх мер пакарання. Каб гэта было адчувальна на ўласнай кішэні. Каб адпала ахвота смецціць, шкодзіць, дадаваць працы іншым. Але для гэтага праявіць прынцыповасць, актывізаваць работу павінны і адпаведныя службы: выяўляць зламыснікаў, караць рублём. І менавіта такія прыклады (а не тлумачэнні нормаў закону) часцей даводзіць да ведама насельніцтва. Каб іншым стала добрай навукай.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *