Пазіцыя. Адчуванне свята: у кожнага – сваё

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Новы год, на мой погляд, адзінае свята, набліжэнне якога мы адчуваем загадзя. Не ведаць, забыць пра яго, зрабіць так, каб прайшло міма, проста немагчыма. Больш таго – каб зразумець, што ўрачыстасць на парозе, не патрэбна нават заглядваць у каляндар. Аб ёй абавязкова нагадаюць традыцыйныя атрыбуты. І не за лічаныя дні, а за некалькі тыдняў. Стройныя, велічныя прыгажуні-елкі, светлавыя кампазіцыі і яркія агні на вуліцах і плошчах, святочная прадукцыя на паліцах магазінаў – усё гэта з’яўляецца задоўга да таго, калі мы пачынаем адрасоўваць і прымаць віншаванні. Значыць, самы час ствараць адпаведны настрой і ў сваёй кватэры. Час клапаціцца пра падарункі, навагодні стол. Але знойдуцца, вядома, у гэтым кругавароце спраў і скептыкі, прыхільнікі іншага раскладу жыцця.

І сапраўды, прычын не любіць Новы год можна знайсці вялікае мноства. На рабоце ў канцы снежня вечны завал, бо патрэбна ўсё тэрмінова і ўдала завяршыць, падвесці вынікі. Часу, як заўсёды, не хапае. У магазінах – мноства людзей, доўгія чэргі. А ў думках: “Як бы паспець, не забыцца ўсё купіць і пры гэтым не выйсці за рамкі сямейнага бюджэту”. Бясконцае хваляванне, спешка, мітусня.

Ну вось, здаецца, нарэшце… Працоўны марафон адыходзячага года завершаны. Елачка ўсталявана і ўпрыгожана, ззяе рознакаляровымі агеньчыкамі, бліскучымі шарамі і яркай мішурой. Памяшканне напаўняе хваёвы водар. Падарункі набыты і запакаваны. Халадзільнік удосталь запоўнены прадуктамі. А камусьці, магчыма, яшчэ важна было купіць абноўку, і яна ўжо заняла ганаровае месца ў шафе – сустракаць, дык па ўсіх правілах. Але гэта – потым.

Гаспадыням пакуль адпачываць некалі: чакае адказны працэс – гатаванне. Ды і ў кватэры напярэдадні такой значнай падзеі, новага этапу ў жыцці нядрэнна было б навесьці лоск. Ну што ж, зноў за справу! З пыласосам, мыйнымі сродкамі, інвентаром для ўборкі. Потым не дадуць засумаваць “фабрыкаванне” традыцыйных аліўе і селядца пад шубай, мясных і рыбных далікатэсаў, іншых прысмакаў. А там, глядзі, і час усё раскладваць па талерачках – прыгожа, з праяўленнем уласнай фантазіі, падаваць на стол. Тааак… Пакуль садзіцца, сілы і бадзёрасць вычарпаны, арганізм стомлены. І ўсё – дзеля адной ночы?..

Магчыма, вядома, і іншае разгортванне падзей. Напрыклад, у выпадку, калі вы цвёрда вырашылі скінуць яшчэ пару лішніх кілаграм. Пра гэта – забудзьцеся! Перад вамі ў святочныя дні будзе столькі смакаты, што неадольная спакуса ў спалучэнні з назойлівым “паспытай” усё роўна зробяць сваё. І не надумайце, нават калі вельмі захочацца, у навагоднюю ноч класціся спаць – гэтага не зразумеюць заўзятыя прыхільнікі існуючых традыцый. Або не дазволяць аглушальныя выбухі за акном: сустракаць Новы год прынята гучна, з шумавымі эфектамі.

Ды што гэта я? Прыкметы, традыцыі, павер’і… Яны былі, ёсць і будуць. Як і людзі, якія імі кіруюцца, іх прытрымліваюцца, ні на крок не адступаюць ад правіл. І вельмі добра, калі ўсё даспадобы, у радасць і задавальненне, па душы. А калі супярэчыць вашым поглядам і індывідуальным асаблівасцям, уласным пажаданням? Атрымліваецца, што вымушаны рабіць тое, што прывыклі і што складвалася гадамі, а замест святочнага настрою – зморанасць, разбітасць, раздражнёнасць, ніякай асалоды. Дык, магчыма, ёсць сэнс прызнаць: ніхто не абавязаны сустракаць і адзначаць па плану. У кожнага павінна быць сваё адчуванне свята. І яно, па-мойму, не і ў нервовай беганіне і як мага большым напаўненні страўніка. Новы год усё роўна, пры любых умовах і абставінах, настане. Нават калі вы не збераце ў сваёй кватэры дзясятак сваякоў і сяброў. Не напоўніце даверху магазінную цялежку і не патраціце амаль усю зарплату на частаванні і падарункі (часам зусім непатрэбныя). Не будзеце гадзінамі стаяць каля пліты і абыдзецеся толькі лічанымі стравамі. Не накіруецеся ў госці, дзе, хутчэй за ўсё, будзе шумная кампанія, а вы прыхільнік цішыні і спакою ці ўвогуле прывыклі да адзіноты. Не дачакаецеся бою курантаў… Такіх “не” можна прыводзіць колькі хочаш. Як і адваротных пазіцый. Толькі вам выбіраць сцэнарый – свой, а не як лепш для кагосьці ці як робяць іншыя.

Я жадаю кожнаму сустрэць Новы год, кіруючыся мудрымі словамі: лепшыя святы – тыя, што адбываюцца ўнутры нас. Светлых усім думак, эмоцый і пачуццяў!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *