Тэрыторыя закона: аператыўная зводка па Брагінскім раёне з 17 па 23 студзеня

Грамадства Территория закона

На мінулым тыдні ў РАУС па лініі 102 паступіла 45 паведамленняў.

Узбуджаны тры крымінальныя справы. Так, 19 студзеня раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 артыкула 205 КК у адносінах да грамадзяніна М. Непрацуючы мужчына шляхам выстаўлення аконнага праёму пранік у дом пенсіянеркі К. і здзейсніў крадзеж кошыка з бульбай. Гаспадыні прычынена шкода ў памеры 12,75 рубля.

20 студзеня раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа па ч. 2 артыкула 205 КК. Невядомая асоба ў перыяд з восені 2018 года да восені 2021-га пранікла ў дом жыхаркі райцэнтра, адкуль выкрала два ручнікі, хустку і царкоўны набор. Пенсіянерцы С. прычынена шкода ў памеры 149 рублёў.

20 студзеня раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 артыкула 328 КК за захоўванне без мэты збыту марыхуаны. Наркатычны сродак быў выяўлены ў грамадзяніна Ц. падчас яго знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.

Зарэгістраваны два парушэнні ў сферы АПК. Так, 22 студзеня аператар машынная даення адной з МТФ ААТ “Брагінскі” ў працоўны час знаходзілася ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Жанчына прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 19.3 КаАП. А 23 студзеня на працоўным месцы адсутнічаў вартавы ААТ “Імя Жукава”.

Супрацоўнікамі РАУС таксама выяўлены факты знаходжання на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання асоб, у якіх не было на гэта адпаведнага дазволу (пропуска). 16 студзеня непрацуючы грамадзянін Б. накіраваўся ў адселеную зону, як ён патлумачыў, з мэтай экскурсіі. 18 студзеня затрыманы грамадзянін С., таксама непрацуючы. Мужчына збіраў рогі жывёл. А грамадзянін Р., якога супрацоўнікі міліцыі сустрэлі 22 студзеня, збіраў шышкі. Усе трое прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці (ч. 2 арт. 16.6 КаАП).

За распіццё спіртнога ці з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане затрымана сем грамадзян (арт. 19.3 КаАП).

За парушэнне правіл дарожнага руху да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 33 чалавекі, у тым ліку 17 веласіпедыстаў і пешаходаў.

За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы вадзіцель аўтамабіля “Renault”, які 19 студзеня рухаўся па вуліцы Перамогі ў Чамярысах. Мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт. 18.15 КаАП.

Падрыхтавала Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *