Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове: трэцяе месца – у Дарыны Катлабай, вучаніцы ДУА «Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»

Грамадства

Веды не даюцца лёгка. Гэта цяжкая і ўпартая праца, якая не абмяжоўваецца ўрокамі – патрэбна яшчэ прымнажаць атрыманае на занятках, пашыраць кругагляд, павышаць інтэлектуальны ўзровень самастойна. Але менавіта настаўнік павінен абудзіць цікавасць да свайго прадмета, падагрэць пазнавальны інтарэс. І калі вучні праяўляюць здольнасці, імкнуцца дасягаць большага, чаму б не паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе?

Зрэшты, такое пытанне перад Дарынай Катлабай і яе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ганнай Дзямяненкай не стаяла. Удзельнічаць – абавязкова! У алімпіядным руху разам – з пятага класа. І тады ж, дарэчы, старанная вучаніца з дапамогай сваёй настаўніцы ўзнялася на высокую прыступку: атрымала дыплом другой ступені абласнога узроўню. Вельмі блізкай да прызавога месца была і ў наступныя гады. Ледзь-ледзь не хапіла… Але гэта не з’явілася падставай для засмучэння. Наадварот, прымушала паглыбляць веды і больш плённа працаваць над сабой, самаўдасканальвацца.

Характарызуючы сваю вучаніцу, цяпер ужо 9-класніцу, Ганна Леанідаўна не шкадуе для яе самых цёплых эпітэтаў і пахвальных слоў. Руплівая і кемлівая, заўсёды сабраная і арганізаваная, напорыстая ў дасягненні мэты, з багатым слоўнікавым запасам, развітым лагічным мысленнем… Яна ніколі не пакідае справу незавершанай, ставіць перад сабой складаныя задачы. Для Дарыны мала проста вывучыць, аб чымсьці даведацца – імкнецца ва ўсім разабрацца, унікнуць у дэталі, супаставіць з’явы і факты, дайсці да сутнасці. Галоўным для сябе лічыць пастаянны пошук, рух наперад. І не толькі ў спасціжэнні роднай мовы і літаратуры – высокія балы зарабляе і па іншых прадметах. Адным словам, малайчына!

Не дзіўна, што такая дапытлівая, мэтанакіраваная асоба па некалькі гадзін штодня адводзіла ўдасканаленню ведаў, калі рыхтавалася да чарговага філалагічнага спаборніцтва. Свой плён прынеслі і дадатковыя заняткі з Ганнай Леанідаўнай – педагогам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якая выкладае беларускую мову і літаратуру больш за сорак гадоў, і няспынная самастойная работа над сабой. Нават на канікулах.

Заданні алімпіяды, дарэчы, дазваляюць меркаваць не толькі аб узброенасці вучняў моўнымі ведамі, але і аб іх начытанасці, агульным развіцці. Дзевяцікласнікі сёлета пісалі водгук на літаратурны твор і выконвалі комплексную работу. Першы, як прызнаецца Дарына, выклікаў найбольшае хваляванне, стаў для яе і складаным, і цікавым адначасова – патрэбна было разгарнуць свае думкі на паперы, перадаць пачуцці і эмоцыі ад прачытанага, прааналізаваць тэкст. У прыватнасці, увага скіроўвалася на верш Пімена Панчанкі «Хмары плаваюць над намі…» А другі этап дазволіў прадэманстраваць свае веды, уменні і навыкі па розных раздзелах двух прадметаў.

У выніку з 36 вучняў-дзевяцікласнікаў, якія спаборнічалі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, Дарына заняла ганаровае трэцяе месца. Разам з Ганнай Леанідаўнай яна прымала на днях віншаванні ва ўрачыстых абставінах – ад дырэктара Святланы Кудранок і ўсяго калектыву ўстановы.

Шчырая падзяка вучаніцы за дасягнуты поспех, яе настаўніцы і бацькам за дапамогу і падтрымку, цёплыя словы, кветкі… І яскравы доказ таго, што пры вялікім жаданні, напорыстай працы, веры ў свае сілы і магчымасці разлічваць на высокі вынік можа кожны. Нават калі ты не вучань ліцэя ці гімназіі, а звычайны сельскі школьнік.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *