Брагінская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету знаходзіцца ў дзясятцы лепшых у краіне

Общество Территория закона

Начальнік Брагінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Нікішын (у цэнтры), яго намеснік Дзмітрый Гурэвіч і старшы дзяржінспектар Сяргей Шылец: пад асаблівым кантролем – тэрыторыя запаведніка.

Брагінская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па выніках работы за мінулы год увайшла ў дзясятку лепшых у краіне.

Нядаўна яе супрацоўнікі адзначылі наваселле. Памяшканне па вуліцы Кааператыўнай, дзе раней размяшчалася більярдная ДЮСШ, цяпер з’яўляецца маёмасцю інспекцыі. Па словах начальніка Уладзіміра Нікішына, пасадзейнічаў гэтаму старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Рамонт у кабінетах і новая мэбля ствараюць утульнасць і камфорт, што, вядома, не можа не спрыяць станоўчым вынікам у рабоце.

Пад кантролем Брагінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету – тэрыторыя нашага і частка Лоеўскага раёнаў. Яе супрацоўнікаў добра ведаюць і рыбакі, і паляўнічыя: у 2021-м складзена 159 пратаколаў, узбуджана 5 крымінальных спраў, выяўлена 7 адзінак незарэгістраванай зброі. У даход дзяржавы спагнана 150 тысяч рублёў. Такі кошт незаконнай рубкі дрэў і здабычы рыбы.

Напрыклад, неаднаразова ў справах фігурыравалі жыхары Бярозак. У першы раз мужчын затрымалі ў 2020 годзе за лоўлю рыбы сеткамі. Тады яны злавілі 18 кілаграм коштам 128 рублёў, прыродзе прычынена шкода ў памеры 3240 рублёў. Вяскоўцы атрымалі па два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Але ў 2021-м зноў былі затрыманы за браканьерства.

Усяго ў мінулым годзе інспектарамі канфіскавала 298 сетак працягласцю каля 11 000 км. Добраахвотна забароненыя прылады для лоўлі рыбы выдалі 17 чалавек – 80 сетак працягласцю 2087 км.

Браканьеры, на жаль, працягваюць свядома знішчаць насельнікаў лясоў і вадаёмаў, разлічваючы на прыбытак сёння, але пазбаўляючы сваіх нашчадкаў магчымасці ўбачыць многія іх віды ў будучыні. Між тым жывёльны і раслінны свет – у ліку асноўных прыродных багаццяў Беларусі. Яго аховай і кантролем за рацыянальным выкарыстаннем займаюцца сур’ёзныя людзі ў камуфляжы і з аўтаматамі.

Усе, хто парушае прыродаахоўнае заканадаўства, рана ці позна трапляюць у поле зроку інспектараў, у тым ліку і дзякуючы сучасным сродкам фота- і відэафіксацыі. За жывёльны і раслінны свет нашай краіны ёсць каму пастаяць.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *