Дарогамі спаленых вёсак. Не шкадавалі ні малых, ні старых

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Наша гісторыя

У спісе ахвяр фашысцкага тэрору знаходжу: Кацярына Фёдараўна Васіленка, Ілья Мікалаевіч Піліпенка і, відаць, яго сястра (з такім жа прозвішчам і імем па бацьку) – Дуня. Першым двум было па шэсць гадоў, а Піліпенцы меншай – тры. Усе спалены ў маі сорак трэцяга… Гарэла вёска Нежыхаў. Гітлераўскія карнікі, паводле існуючых звестак, знішчылі як мінімум 30 яе жыхароў.

Са сведчання М.А. Крывулькі, жыхара в. Нежыхаў (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

5 студзеня 1945 года

…10 студзеня 1943 года ў нашу вёску Нежыхаў прыехалі на падводах каля 600 немцаў – салдат і афіцэраў. Яны былі ўзброены аўтаматамі, і на вазах знаходзіліся кулямёты. З усіх бакоў акружылі вёску. Жыхары, ведаючы, што немцы забіваюць і спальваюць мірных грамадзян, падвяргаюць іх нечуваным катаванням і здзекам, пачалі ўцякаць. Па расказах грамадзян нашай вёскі, Васіленка Фёдар Якаўлевіч, Васіленка Ганна Фёдараўна, Шутаў Аляксей Фокавіч і Шутаў Іван Фокавіч знаходзіліся непадалёку ад гумна.

Убачыўшы гэта і западозрыўшы, што яны хаваюцца, немцы пачалі страляць з аўтаматаў і вінтовак, падпалілі гумно.

Калі пачало гарэць гумно, вышэйпералічаныя грама-дзяне выйшлі з яго. У гэты час нямецкія салдаты Васіленку Фёдару Якаўлевічу выбілі правае вока. Твар яго быў увесь у крыві, а яго дачцэ разбілі галаву. Астатнія нямецкія салдаты ў гэты час сагналі ўсіх мужчын, жанчын і дзяцей на вуліцу і прывялі туды Васіленку Фёдара, збітага, ледзь жывога, і яго дачку Ганну Фёдараўну, …і на вачах ва ўсіх выстралам з аўтамата адзін немец іх расстраляў.

У той жа дзень у прысутнасці грамадзян немцы збілі прыкладамі Гуляй Івана Уладзіміравіча, а потым яго расстралялі за тое, што па нейкіх прычынах не паспеў выйсці на вуліцу, куды зганялі народ.

Людзі, думаючы, што іх будуць забіваць, пачалі крычаць, плакаць. Асабліва нельга было вынесці, калі на руках у маці крычалі маленькія дзеці. Потым увесь натоўп (каля 150 чалавек) сагналі ў вялікую хату… Прасядзелі мы там з раніцы да вечара. Потым немцы выпусцілі і пачалі са зброяй гнаць нас да хлява з тым, каб спаліць. Але народ ад страху і жаху ўпаў на калені і не пайшоў у хлеў. Тады нямецкі перакладчык сказаў: “Ідзіце дамоў і бу-дзеце жыць да другога нашага прыезду”.

…У другі раз, 23 мая 1943 года, прыехалі нямецкія войскі (каля 200 чалавек) і пачалі спальваць хаты. А мужчын, жанчын і дзяцей выганялі ў канец вёскі, дзе напагатове стаялі кулямёты. Убачыўшы іх, людзі сталі ўцякаць хто куды, а немцы пачалі страляць. Забілі тады 20 чалавек: мужчын, жанчын і дзяцей, а таксама жывымі спалілі Белянок Хадоску Фокаўну, жанчыну 30 гадоў, і дваіх малых дзяцей – Васіленку Кацярыну Фёдараўну, 6 гадоў, хлопчыка Піліпенку Ілью Мікалаевіча, 6 гадоў.

Увогуле, немцы сістэматычна знішчалі мірных савецкіх грамадзян: мужчын, жанчын, старых і дзяцей. Усяго за час акупацыі немцамі ў нашай вёсцы забіта і спалена жывымі 36 чалавек, у тым ліку 8 жанчын і 6 дзяцей.

 

Рэквізіты для пералічэння сродкаў на мадэрнізацыю пахавання ахвяр вайны ў Брагіне па вул. Пясочнай: Брагінская раённая арга-нізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, р/р BY92 ВАРВ 3015 4309 8001 3000 0000, ААТ «Белаграпрамбанк», код банка ВАРВВY2Х, УНП 400423610, назначэнне плацяжу: збор сродкаў на мадэрнізацыю воінскага пахавання.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *