У Беларусі праходзіць рэферэндум па Канстытуцыі

Главное Референдум-2022

На тэрыторыі Беларусі ўтворана 5510 участкаў для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме, у тым ліку 217 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 12 у воінскіх часцях.

Сёння ўчасткі для галасавання адкрыты з 8.00 да 20.00.

Уладальнікі ID-картак або біяметрычных пашпартоў гэтак жа, як і ўладальнікі звычайных пашпартоў, могуць прагаласаваць на рэферэндуме. Акрамя таго, для галасавання можна выкарыстоўваць і пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, калі там ёсць фатаграфія, студэнцкі білет, пасведчанне дзяржаўнага служачага, а таксама прад’явіць даведку, калі яна выдадзена органам унутраных спраў узамен страчанага пашпарта або ID-карткі.

Калі грамадзянін зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў іншым, ён павінен пацвердзіць сваё пражыванне на тэрыторыі гэтага ўчастка. Неабходна прад’явіць дагавор найму жылога памяшкання, які зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, або іншы дакумент. На падставе такога дакумента камісія можа ўключыць грамадзяніна ў спіс для галасавання. Але пры гэтым яго трэба будзе выключыць са спіса для галасавання па асноўным месцы пражывання.

На галасаванні створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання санэпідпатрабаванняў, прадпісаных Міністэрствам аховы здароўя ў рамках барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19. Гэта падбор адпаведных памяшканняў, што дазволілі б забяспечыць і дыстанцыю, і развядзенне патокаў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, а таксама праветрыванне, прыбіранне, дэзынфекцыя, наяўнасць антысептыкаў, сродкаў індывідуальнай аховы на ўчастку. Па аналогіі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года прынята рашэнне зняць пярэднія шторкі ў кабінах для галасавання. У грамадзян з СOVID-19, якія лечацца дома, таксама не ўзнікне праблем пры галасаванні на рэферэндуме. Такі грамадзянін павінен звярнуцца ў сваю камісію і заказаць галасаванне дома.

На рэферэндум вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?

Паставіць сваю адзнаку ўдзельнікі рэферэндуму павінны будуць у адным з двух квадратаў — адпаведна «за» або «супраць». Прычым знак у адным з квадратаў можна ставіць абсалютна любы. Калі адзнака будзе пастаўлена ў двух квадратах або не пастаўлена ні ў адным, то такі бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.

Рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. Права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Кожны ўдзельнік рэферэндуму галасуе асабіста.

Рэферэндум лічыцца праведзеным, калі ў ім прыняло ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *