Дарогамі спаленых вёсак. Жыццё, абарванае крывавым полымем

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Грамадства

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Мікулічы і яе наваколлі дзейнічалі супраць акупантаў партызаны асобнага атрада імя Катоўскага, якія разграмілі тутэйшы гарнізон праціўніка. І менавіта за такія смелыя дзеянні нямецка-фашысцкія акупанты часта зрывалі злосць на мірным насельніцтве. Мясцовасці, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны спаленай зямлі. Праводзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызанскіх атрадаў, гітлераўцы знішчалі вёскі разам з жыхарамі. Такая бесчалавечная мера, на думку катаў, павінна была стаць пераканаўчым урокам для тых, хто супрацьстаяў націску захопнікаў. Ды ці магла страта дарагіх людзей і роднай хаты аслабіць барацьбу, зменшыць нянавісць да ворага?..

Вядома, што ў 1942 годзе, 14 жніўня, у Мікулічы ўварвалася група немцаў з памагатымі ў складзе 50 чалавек. Яны акружылі вёску і загналі 14 яе жыхароў у калгасны куратнік, аблілі гаручай вадкасцю і спалілі жывымі. З пабудовы, якая была ахоплена полымем, чуліся крыкі, плач дзяцей і жанчын, а хтосьці гучна заклікаў савецкіх грамадзян помсціць нямецкім бандытам. Ідучы пад вінтоўкамі паліцэйскіх з двума малымі дзецьмі, Сіма Кірылаўна Міхаленка гаварыла: “За нашу кроў паплаціцеся вы сваёй крывёю. А Расія са сваёй Чырвонай Арміяй пераможа”.

Ні просьбы, ні плач, ні крыкі не паўплывалі на фашысцкіх ізвергаў. У ліку спаленых у той жудасны дзень – сем дзяцей і тры састарэлыя. Аб гэтым сведчыць акт аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў у вёсцы Мікулічы, складзены 3 студзеня 1945 года.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *