Пяць снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны выявілі работнікі пункта прыёму металалому ў Брагіне

Грамадства Территория закона Школа бяспекі

Небяспечныя прадметы яны заўважылі падчас сартыроўкі жалеза. Адразу ж патэлефанавалі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і РАУС. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, ачапілі тэрыторыю і ахоўвалі яе да прыезду сапёраў.

Па словах старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Аляксея ДЗЕГЦЯРЭНКІ, імя чалавека, які прынёс у пункт прыёму металалому боепрыпасы, устаноўлена. Ім аказаўся жыхар суседняй вёскі. Зараз па даным факце праводзіцца праверка.

Згодна з ч. 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса, за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, г. зн. за іх выраб, набыццё, збыт, захоўванне, перавозку і інш., прадугледжаны выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт да шасці месяцаў, абмежаванне свабоды да пяці гадоў ці пазбаўленне свабоды да сямі гадоў. Магчыма таксама канфіскацыя маёмасці. Пры гэтым асоба, якая добраахвотна здасць небяспечную знаходку ў міліцыю, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці (акрамя выпадкаў збыту).

Выяўленыя 107-міліметровыя артылерыйскія снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны сапёры знішчылі на спецыяльнай падрыўной пляцоўцы.

Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць: аб знойдзеных боепрыпасах неабходна неадкладна паведамляць па тэлефоне 102. І ні ў якім разе да іх нельга дакранацца. Самастойныя дзеянні могуць справакаваць выбух!

Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *