У полі зроку камісіі па справах непаўналетніх — пытанні прафілактыкі негатыўных з’яў сярод дзяцей, захавання іх жыцця і здароўя

Грамадства Территория закона

Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама падвяла вынікі работы за мінулы год. У полі зроку знаходзіліся пытанні, звязаныя з прафілактыкай негатыўных з’яў сярод дзяцей, захаваннем іх жыцця і здароўя.

На пасяджэнні, якое прайшло з удзелам пракурора раёна Алесі Зубаравай, справаздачу трымалі службы, што стаяць на абароне правоў падрастаючага пакалення. Усе яны, як было падкрэслена, вырашаюць агульную задачу, таму галоўнае – не дапускаць збояў у сістэме міжведамаснага ўзаемадзеяння. На гэта нацэльвае і комплексны план мерапрымстваў па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.

Каб засцерагчы дзяцей ад неабдуманых крокаў і не дазволіць ім трапіць пад дрэнны ўплыў, вялікая ўвага на працягу года ўдзялялася арганізацыі іх вольнага часу. Асабліва ў перыяд канікул і ў пазаўрочны час. Шмат мерапрыемстваў было накіравана на далучэнне школьнікаў да спорту, творчасці, працоўнай і іншай карыснай дзейнасці, павышэнне ўзроўню прававой культуры, прапаганду здаровага ладу жыцця. Ва ўсіх установах адукацыі прайшлі бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў КСН, пракуратуры, суда, Следчага камітэта, міліцыі, раённай бальніцы. Размова вялася на самыя актуальныя тэмы: ад папярэджання траўматызму і гібелі дзяцей да фарміравання ў іх бяспечных, законапаслухмяных паводзін.

Разам з тым, нягледзячы на прафілактычную работу, у раёне зарэгістраваны трывожныя лічбы. Пяць крымінальна каральных дзеянняў учынілі непаўналетнія, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. Усе – вучні мясцовых устаноў адукацыі. У 2020-м такіх фактаў не было. Адпаведна, больш бацькоў панеслі адміністрацыйнае пакаранне за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Да “прыгод”, на якія пацегла юных асоб, прывёў недастатковы нагляд за іх паводзінамі. Кожны такі факт дэталёва разглядаўся на пасяджэннях КСН, свае тлумачэнні давалі і падлеткі, і іх бацькі. А далейшая работа з імі пабудавана з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі, становішча ў той ці іншай сям’і.

Статыстыка таксама сведчыць, што непаўналетнія сталі часцей парушаць правілы дарожнага руху, кіраваць транспартнымі сродкамі, не маючы на тое правоў. Як выснова – прафілактыку з вучнямі школ варта ўзмацніць супрацоўнікам ДАІ. Павялічыліся і факты затрымання дзяцей за ўжыванне спіртных напояў ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. І калі яшчэ хтосьці лічыць, што “частуюцца” алкаголем выключна хлопчыкі, – гэта памылковая думка. У лідарах – дзяўчынкі.

Што паспрыяла супрацьпраўным учынкам непаўналетніх? Па-першае, як паказаў праведзены аналіз прычын і ўмоў, – недастатковы кантроль за дзецьмі бацькоў, а часам і празмерная апека, усёдазволенасць. Жыццё ў такіх выпадках працякае без дакладна ўстаноўленых правілаў і межаў. Здзіўляе, што далёка не ўсіх хвалюе, дзе знаходзяцца і чым займаюцца іх дзеці, з кім праводзяць вольны час. Па-другое, у асобных сем’ях няма даверу, трывалых сувязей і належнага ўзаемадзеяння. А да ўсяго варта дадаць недахоп жыццёвага вопыту ў падлеткаў, іх схільнасць з лёгкасцю паддавацца чужому ўплыву. Ды нярэдка і самі дарослыя не клапоцяцца пра захаванасць уласнай маёмасці і матэрыяльных каштоўнасцей. Пакінутыя без прыгляду дарагія рэчы ці грошы, незамкнёныя ўваходныя дзверы, даступны для пранікнення транспартны сродак… Усё гэта правакуе зламысніка ці бяздумнага хлапчука на крымінал.

Па якой дарозе ў будучым пойдзе сённяшні падлетак, ці не пакалечыць рызыкоўнымі ўчынкамі жыццё, у большай ступені залежыць ад людзей, якія яго выхоўваюць і знаходзяцца побач.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *