1 мая ў Рудні Жураўлёвай у рамках акцыі “Дарогамі спаленых вёсак”, адбудзецца сустрэча ўраджэнцаў і жыхароў вёскі

Грамадства

1 мая 2022 года ў Рудні Жураўлёвай у рамках акцыі “Дарогамі спаленых вёсак”, адбудзецца сустрэча ўраджэнцаў і жыхароў гэтай вёскі, а таксама Лубенікоў, Каманова, пасёлкаў Майскі і Рагазін (існуе ўжо толькі ў памяці).

Фактычна гэта сустрэча землякоў, якіх парадніла Бацькаўшчына, сустрэча пакаленняў, былых кіраўнікоў, спецыялістаў і калгаснікаў гаспадаркі, выпускнікоў Лубяніцкай школы, настаўнікаў.

На фоне зруйнавання помнікаў савецкім воінам-вызваліцелям (гэта значыць гістарычнай памяці) у Прыбалтыцы, Польшчы і на Украіне ў Беларусі і, у прыватнасці, на Брагіншчыне будуюцца новыя. Гэта манумент у Брагіне на вуліцы Пясочнай і гранітная пліта з прозвішчамі 68 мірных жыхароў, ахвяр генацыду з вышэйпералічаных вёсак.

Бадай, самае галоўнае, што мы сустрэнемся з тымі, хто жывы ў нашай памяці, чые прозвішчы на гранітных плітах. Мы сустрэнемся са сваім дзяцінствам, са сваімі продкамі.

Самая вялікая мая мара – падоўжыць жыццё тых брагінскіх вёсак, якія лічацца неперспектыўнымі, але ў якіх нашы карані, моцныя і дужыя. Гэтым вёскам і вёсачкам я і прысвячаю свае вершы і песні. Я іх пішу для вас, дарагія землякі, і планую зрабіць справаздачны канцэрт у Брагіне.

Віншую Брагіншчыну з Вялікаднем, Радуніцай і Днём Перамогі і запрашаю ўсіх на сустрэчу “Жыве мая вёска ў памяці вечнай” у Рудню Жураўлёву.

Аляксандр Цярэшчанка, пенсіянер, ураджэнец
в. Рудня Журавлёва

Вясковая лірыка

Родны бацькоўскі куток,
Паплавы і балоты за вёскай,
Праз рэчку драўляны масток,
Ля хаты вярба ды бярозка.
Там бусел над хатай кружыў,
Пад вакном чырванелі парэчкі,
І вулей гудзеў на мяжы
З палоскай духмянае грэчкі.
Перад вачыма і зараз стаіць
Дзяцінства майго падворак,
Дзе калодзеж жураўлём рыпіць,
Дзе нясусь я на санках з горак…
Сэрца чамусьці шчыміць,
Калі на радзіме бываю.
Не змагу я ніколі забыць
Хараство брагінскага краю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *