Бацькаўшчына. У аб’ектыве часу Брагінская сярэдняя школа

Бацькаўшчына Главное Год гістарычнай памяці Грамадства Наша гісторыя

У Брагінскай сярэдняй школе захоўваецца альбом, у якім можна знайсці цікавыя звесткі пра яе гісторыю, этапы станаўлення і развіцця, убачыць фотаздымкі настаўнікаў і выпускнікоў, пачынаючы з 20-х гадоў. Гэты летапіс складзены, як адзначаюць сённяшнія педагогі, іх папярэднікамі. У большай ступені – дзякуючы заслужанаму работніку адукацыі Юрыю Яўгенавічу Залатарэнку, які ў свой час выкладаў тут гісторыю.

Да пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя, дарэчы, школьная сістэма на Брагіншчыне наогул адсутнічала. Функцыянавалі толькі асобныя царкоўнапрыходскія школы. Сітуацыя змянілася ў сувязі з праведзенай у 60–70 гадах рэформай, якая ўвяла сістэму асветы для ўсіх саслоўяў.

Згодна са зробленымі ў альбоме запісамі, у кастрычніку 1863 года ў Брагіне адкрылася народнае вучылішча. Займаліся ў ім хлопчыкі і дзяўчынкі асобна: першыя – з настаўнікам, другія – з настаўніцай. Дзяўчынкі ў асноўным далучаліся да рукадзелля.

Вядома таксама, што ў 1913 годзе замест двухкласнага вучылішча адкрылася вышэйшае пачатковае чатырохкласнае. Яно размяшчалася ў пераабсталяваным складскім памяшканні былога вінакурнага завода. І трапіць у гэтую навучальную ўстанову маглі пераважна дзеці заможных бацькоў. Такія звесткі ўтрымлівае кніга “Памяць. Брагінскі раён”. А летапіс школы захоўвае фотаздымак с першым выпускам гэтага вучылішча. Яно давала сваім выхаванцам веды па прадметах матэматычнага цыкла, мове, прыродазнаўстве, геаграфіі ў аб’ёме, прыраўнаваным да пазнейшай дзевяцігодкі.

На базе вышэйшага пачатковага вучылішча пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрылі гімназію, якая пазней, у адпаведнасці з урадавай дырэктывай аб рэарганізацыі, была пераўтворана ў адзіную працоўную школу другой ступені з дзевяцігадовым тэрмінам навучання. Цікава, што выпускных экзаменаў пасля яе заканчэння не было – гэта лічылася атрыманым у спадчыну ад царскага рэжыму.

Першы выпуск вышэйшага пачатковага вучылішча.

Год 1930. У адпаведнасці з пастановай ЦК УКПБ(б) і СНК СССР школы другой ступені былі рэарганізаваны ў школы калгаснай моладзі (ШКМ). А апошнія ў верасні 1931-га – у няпоўныя сярэднія і сярэднія.

Гурток “Умелыя рукі”. 1930 год.

Па словах мясцовых старажылаў, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Брагіне дзейнічалі дзве школы: беларуская і руская. Першая знаходзілася прыкладна на тым месцы, дзе зараз размешчаны помнік Васілю Ігнаценку, а другая – у канцы вуліцы Савецкай (ці, як кажуць карэнныя жыхары, “на пяску”). Пазней, у пачатку 70-х, быў узведзены новы будынак рускай школы – па вуліцы Краснаармейскай, а беларуская з цягам часу спыніла сваю дзейнасць (праіснавала да аварыі на ЧАЭС).

Выпуск 1941 года.
Будынак беларускай школы ў пасляваенны перыяд.
Выпуск 1954 года.
У новым будынку рускамоўнай школы заняткі пачаліся ў 70-х гадах.

У выніку масавага адсялення людзей з-за чарнобыльскай трагедыі колькасць вучняў зменшылася амаль на трэць: калі на пачатак дзейнасці школы ў ёй налічвалася больш за 800 дзяцей, то ў сярэдзіне 90-х – крыху больш за 300. Трэці этаж установы ў тыя гады пуставаў. І толькі калі з’явілася цвёрдая ўпэўненасць: Брагін будзе жыць, у райцэнтр пачалі вяртацца людзі, прыбываць новыя сем’і, моладзь, спецыялісты.

У 2005–2007 гг. колькасць дзяцей наблізілася да дзявятай сотні. Таму вучэбны працэс з цягам часу давялося арганізоўваць у дзве змены. Узнікла неабходнасць у прыбудове пачатковай школы, харчблока, дадатковага спортзала – усё атрымалася зрабіць дзякуючы сродкам, выдзеленым на пераадоленне паследкаў чарнобыльскай катастрофы. У будынку размясцілася і гімназія, якая дзейнічае з 2008 года.

Зробленая прыбудова да школы ўступіла ў дзеянне ў 2007 годзе.
Сучасны выгляд.

Сёння ў Брагінскай сярэдняй школе працуюць 68 педагогаў і займаюцца 612 вучняў, у гімназіі – 18 і 132 адпаведна.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *