III Пленум раённай арганізацыі ГА “БРСМ” прайшоў у Брагіне. Размаўлялі аб патрыятычным выхаванні, валанцёрскай дзейнасці і студатрадаўскім руху

Грамадства

Аб выніках дзейнасці Брагінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” за 2021 год і перспектывах развіцця паведаміла першы сакратар аб’яднання Юлія Кальчук.

Сакратар пярвічнай арганізацыі гімназіі г.п. Брагіна Ганна Анісавец расказала, чым займаюцца члены ГА “БРСМ” у гэтай установе адукацыі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Даўгулявец звярнуў увагу прысутных на патрыятычнае выхаванне моладзі. Ён нагадаў, што з цягам часу ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш. У Брагінскім раёне іх засталося ўсяго двое.

Каб перадаць памяць аб гераічным мінулым нашых землякоў будучым пакаленням, Сяргей Аляксеевіч парэкамендаваў БРСМ ажыццявіць новы праект “Яны абаранялі Радзіму”. І падчас яго рэалізацыі сабраць інфармацыю аб усіх жыхарах раёна, якія прайшлі шляхамі вайны. Наш абавязак – памятаць аб удзельніках Вялікай Айчыннай, колькі б ні мінула гадоў, ганарыцца імі і паважаць

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок таксама заклікаў моладзь заўсёды памятаць аб людзях, дзякуючы якім мы сёння жывём у мірнай краіне. А добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў – гэта маленькая часцінка падзякі тым, хто цаною свайго жыцця абараніў нашу зямлю ад ворага.

Завяршыўся Пленум цырымоніяй узнагароджвання самых актыўных членаў ГА “БРСМ” і пярвічных арганізацый. У іх ліку – Таццяна Цалуйка, Анжэла Уласенка і Алена Кулявец, а таксама “пярвічкі” Брагінскай СШ, гімназіі і раённага дома культуры. Ад Юліі Кальчук усе атрымалі лісты з падзякай і падарункі.

За доўгатэрміновае супрацоўніцтва і надзейнае партнёрства лісты з падзякай Юлія Кальчук уручыла старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Раману Цеслянку і старшыні раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любові Дзяркач.

 

 

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *