Удзельнікі міжнароднага лёгкаатлетычнага прабегу “Брагінская дзясятка” дзеляцца ўражаннямі

Грамадства Спорт

Ілля Карнаухаў, г. Магілёў, рэкардсмен Беларусі на дыстанцыі 1500 метраў, абсалютны пераможца лёгкаатлетычнага прабегу:

– У “Брагінскай дзясятцы” ўдзельнічаў упершыню. На сваю малую радзіму мяне запрасіў сябар Дзмітрый Цалко, з якім неаднаразова сустракаліся на спар-тыўных пляцоўках. Бегам займаюся прафесійна. Гэтай зімой устанавіў рэкорд Беларусі на 1500 метраў у памяшканні – спаборніцтвы праходзілі ў Чэхіі. На 10 кіламетраў бегаў другі раз.

У Брагіне ўсё спадабалася, арганізацыя на высокім узроўні, траса роўная. Былі, праўда, ветраныя ўчасткі, але не крытычныя. Удзелам у спаборніцтвах задаволены. Дыстанцыю пераадолеў першы – за 32,03 хвіліны.

Ведаю, што лёгкаатлетычны прабег прысвечаны памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы. Ён – як дань падзякі людзям, якія абаранілі свет ад ядзернай небяспекі, як напамін пра адказнасць чалавецтва за лёс планеты. Удзельнічаць у ім – гэта, бясспрэчна, ганарова.

 

Ціра Прыйма, г. Батумі, Грузія:

– Усё супер! Спадабалася, як арганізаваны спаборніцтвы. А мне ёсць з чым параўнаць: бегам займаюся даўно. У пачатку красавіка, напрыклад, прымала ўдзел у забегу па перасечанай мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод. Ён праходзіў у Раўбічах, дзе таксама была дыстанцыя 10 км.

Брагін выклікаў пазітыўныя ўражанні. Невялікі, дагледжаны, нечым падобны на Рэчыцу, дзе я часова пражываю.

Дзякуй арганізатарам за спартыўнае свята, якое яны падарылі нам напярэдадні Вялікадня. Лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка” заклікае нас не толькі памятаць аб наступствах аварыі, што здарылася ў 1986 годзе на Чарнобыльскай АЭС, але і думаць аб будучыні. Жыццё працягваецца..

 

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *