Пакуль нехта “абараняе” Еўропу ад “чырвонай пагрозы”, беларусы застаюцца ўдзячнымі савецкім воінам за Вялікую Перамогу

Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Сёлета мы шмат гаворым, пішам, разважаем пра захаванне гістарычнай памяці. Зрэшты, гэтая тэма для нас, беларусаў, заўсёды была святой. А паняцце патрыятызму ніколі не з’яўлялася абстрактным. Цяперашні свет – іншы. Калі не быць празорлівым, дальнабачным і разважлівым, моцным духам, можна з лёгкасцю прыняць хлусню за праўду, падмяніць сапраўдныя каштоўнасці на ўяўныя. Тым больш што ва многіх краінах паддаецца забыццю тое, пра што мы павінны памятаць заўсёды. Камусьці становіцца выгадным змяшчаць акцэнты, наўмысна скажаць гісторыю, падаваць ілжывыя карціны падзей, глядзець скрозь пальцы на адраджэнне нацызму, пісаць “патрэбныя” падручнікі… Такім чынам можна маніпуліраваць свядомасцю людзей. Асабліва калі яны з лёгкасцю паддаюцца ўнушальнасці і не спрабуюць выстраіць у сваёй галаве прычынна-следчыя сувязі.

Я – з пакалення, якое нарадзілася ў савецкую эпоху і для якога СССР быў вялікай шматнацыянальнай дзяржавай. Ён і дагэтуль для мяне асацыіруецца ў першую чаргу з пятнаццацю братэрскімі рэспублікамі, дружбай народаў, перамогай Радзімы ў страшнай вайне з фашызмам. З дзяцінства захавалася ў памяці, колькі ветэранаў, мясцовых жыхароў, гасцей з іншых саюзных рэспублік збіралася ў майскія дні каля брацкай магілы ў маёй вёсцы Галкі, як мнагалюдна тут было ў “свята са слязамі на вачах”.

Аб кровапралітных баях, што разгарнуліся некалі на гэтай тэрыторыі, сведчыць узведзены ў 80-х гадах мемарыяльны комплекс у гонар воінаў, якія загінулі восенню 1943-га пры вызваленні Галак і суседніх населеных пунктаў. А гэта больш за 600 салдат і афіцэраў – выхадцаў з самых розных месц былога СССР. Сярод пахаваных – Героі Савецкага Саюза Тафцізан Міндзігулаў і Канстанцін Грыцынін. Першы – ураджэнец Башкірыі, другі – Казахстана. Таму не дзіўна, што ў дзень адкрыцця мемарыяла і пазней такой жа вясенняй парою вяскоўцы сустракалі цэлую дэлегацыю з Башкірскай АССР, родных і блізкіх іншых абаронцаў, якія знайшлі вечны спакой на беларускай прыдняпроўскай зямлі. А нас, школьнікаў – піянераў і камсамольцаў, такія сустрэчы натхнялі на пошукавую дзейнасць, перапіску са сваякамі і землякамі тых, хто вызваляў наш край, актыўную работу па ўвекавечванні подзвігу савецкага народа.

Так, дарэчы, у Асарэвіцкай школе, дзе вучыліся таксама дзеці з Галак і Вялля, узнік музей баявой славы “Бітва за Днепр” – як цэнтр ваенна-патрыятычнай работы. А мы, будучы падлеткамі, яшчэ не ўяўлялі, наколькі каштоўнымі стануць праз дзесяцігоддзі сабраныя тады матэрыялы. Міне час, і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай пакінуць гэты свет. Зменшыцца колькасць вяскоўцаў, і толькі лічаныя людзі змогуць узнавіць у памяці, з дакладнасцю расказаць пра падзеі суровых саракавых. Спыніць сваю дзейнасць установа адукацыі. А музей будзе захоўваць і перадаваць новым пакаленням праўду аб вайне. Цяпер ён размясціўся ў мясцовым доме народнай творчасці, і асабіста для мяне кожная старонка знаёмых альбомаў, стэндаў, фотаздымкаў – падстава прыгадаць…

Напрыклад, якой яшчэ адной знамянальная падзеяй вызначыўся май 1987-га: у Асарэвічах з хваляваннем чакалі гасцей з Чарнігаўскай вобласці. Падстава – урачыстае  перазахаванне ў мясцовую брацкую магілу астанкаў, знойдзеных пры капанні траншэі пад водаправод. Каму яны належаць, устанавіла антрапалагічная экспертыза. Гэта – маладыя партызаны Міхаіл Сіманенка і Алена Бялевіч, беларус і ўкраінка, закатаваныя нямецка-фашысцкімі акупантами вясной 1943-га. А колькі яшчэ іх, адважных і мужных абаронцаў, якія змагаліся з фашызмам, пахавана на нашай зямлі – рускіх, узбекаў, татар, армян, грузін, яўрэяў… Кожны помнік савецкім героям – напамін аб гэтым. Мы шануем агульную гісторыю і захоўваем памяць, павялічваем колькасць месц, звязаных с падзеямі Вялікай Айчыннай. Дагэтуль. І з болем чытаем, слухаем, глядзім, як недзе там, на Захадзе ці з яго падачы, імкнуцца да рэвізіі гісторыі, у тым ліку ў некалі братэрскіх рэспубліках. Хаця, здаецца, усе лічылі: нацысцкая ідэалогія, фашызм – у мінулым.

Вось ужо некалькі гадоў у Польшчы пастаўлена на паток “работа” па выкараненні ўсяго камуністычнага – бязлітасна знішчаюцца помнікі савецкім воінам. Прычым дэманструецца гэта ў прамым эфіры. І адбываецца такое варварства ў прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай улады, дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці. Больш таго, ён сам кіруе працэсам, распараджаецца першым чынам зняць з абеліска чырвоную зорку з серпам і молатам. Як вынікае з тлумачэння журналістам, так у “свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Польшчы”, “свабоднай Еўропе” змагаюцца з сімвалам “камуністычнага рэжыму”. Вайной – на помнікі. Без іх, відаць, лягчэй нашчадкам нацызму, прафесійным правакатарам трактаваць гісторыю ў выгадным ім ракурсе, сціраць розніцу паміж тымі, хто перамог і хто прайграў, узносіць на п’едэстал гонару ўчарашніх забойцаў, катаў, здраднікаў. Або скажаць ролю той ці іншай дзяржавы ў Другой сусветнай вайне. С мёртвымі змагацца, здзекавацца над імі і лёгка, і зручна.

Зрэшты, масавае знішчэнне манументаў у Польшчы пачалося ў 2017 годзе, пасля таго як былі ўнесены папраўкі ў закон аб забароне прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу ў назвах аб’ектаў. Насуперак таму, што некалі тыя ж палякі дзякавалі савецкім салдатам за вызваленне з канцэнтрацыйных лагераў. Разам з імі вызвалялі сваю краіну ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, якія знішчылі мільёны жыхароў. Цікава, а як ставяцца да такіх дзеянняў улады звычайныя грамадзяне? Каму перашкаджаюць, псуюць жыццё помнікі ў гонар вызваліцеляў? “Дэмакратычная” Польшча такіх апытанняў не праводзіць і меркаванні людзей не ўлічвае. Проста знішчае сваю ж гісторыю, зневажае памяць свайго народа.

Можам зірнуць, дарэчы, і на іншых. Украіна: у Закарпацкай вобласці дэманціравалі помнік савецкаму танку, у Львоўскай – стэлу савецкаму воіну. Каб “не пакінуць і следу ад камуністычнага рэжыму”. У Харкаве знеслі бюст маршала Жукава, у Чарнігаве – помнік Герою Савецкага Саюза Зоі Касмадзям’янскай. Затое Бандэра, саўдзельнік фашыстаў, узведзены ў ранг нацыянальнага героя. Пад забаронай – выкарыстанне савецкай сімволікі.

Літва. У вёсцы Грышкабудзіс Шакяйскага раёна запэцкалі фарбай помнік савецкім салдатам і мемарыяльныя таблічкі. А да гэтага моманту ў краіне адбылося больш за дзясятак падобных фактаў вандалізму. Па-мойму, не проста подласць і цынізм, а злачынства супраць захавання гістарычнай памяці аб дзейнасці СССР у гады Другой сусветнай вайны, супраць нашчадкаў пераможцаў.

У Германіі асобныя сучасныя палітыкі лічаць неабходным дэманціраваць і прадаць на метал помнік легендарнаму лідару нямецкіх антыфашыстаў Эрнсту Тэльману, што знаходзіцца ў Берліне. А выручаныя за яго грошы ахвяраваць на праекты дапамогі Украіне. Нагадаю: манумент узводзіў савецкі скульптар Леў Кербель да 100-годдзя з дня нараджэння Тэльмана, які заўсёды лічыўся галоўным палітычным праціўнікам нацысцкай партыі. Ён быў арыштаваны ў 1933 годзе, правёў у заключэнні адзінаццаць гадоў і быў пакараны смерцю ў канцлагеры Бухенвальд па прамым распараджэнні Гітлера. А зараз яго манумент “уяўляе сабой пагрозу для Украіны”, бо на ім можна ўбачыць усё тыя ж чырвоныя зоркі, молаты і серпы. І ўвогуле, трывогу выклікае, што “ў самым цэнтры Берліна ўшаноўваецца чалавек, які быў антыдэмакратам”. Ці не спроба апраўдаць гітлераўскі рэжым? Няма месца чырвонай зорцы – знойдзецца фашысцкай свастыцы.

Мемарыялы ў гонар савецкім воінам апаганьваюць у Румыніі, Славакіі, Эстоніі, Латвіі. У апошняй, дарэчы, пайшлі яшчэ далей – забаранілі святкаваць Дзень Перамогі. Відаць, каб поўнасцю зняць “бар’еры”, якія перашкаджаюць трактаваць гісторыю па-новаму, фарміраваць грамадства са сцертай памяццю. Нічога святога.

Мне, як і многім іншым унукам удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, нашчадкам пераможцаў, крыўдна, горка і балюча. Упэўнена, што ў нашай краіне нікому і ў галаву не прыйдзе псаваць, разбурваць, знішчаць помнікі, здзекавацца над памяццю тых, хто загінуў у барацьбе з фашызмам і дзякуючы каму мы ўсе жывём. А недзе, аказваецца, такія агідныя ўчынкі – нацыянальная палітыка.

Як сведчанне таго, што беларусы шануюць сваё мінулае і цэняць мір, – аб’яўлены Прэзідэнтам Год гістарычнай памяці. Мы замацавалі яе захаванне і абарону ў Канстытуцыі. Як і подзвіга, масавага гераізма народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта, я лічу, у найвышэйшай ступені справядліва ў дачыненні да таго, што зведала, перанесла наша краіна, у дачыненні да будучыні. Давайце, пакуль нехта там “абараняе” Еўропу ад “чырвонай пагрозы”, перафарміроўвае  грамадскую свядомасць, заставацца людзьмі. Каб ведаць, не паддаць забыццю, не дапусціць… Захаваць нашу беларускую традыцыю – ушаноўваць памяць продкаў, быць ім удзячнымі за абарону і клопат пра нас, нашчадкаў. І каб у які раз сустрэць з усёй урачыстасцю Дзень Перамогі, ускласці кветкі да помнікаў воінам-вызваліцелям, пераканацца: не было роўных у стойкасці, мужнасці, адданасці Айчыне, патрыятычных пачуццях савецкаму чалавеку.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *