Санкцыйная палітыка: рыкашэтам – па сваіх

Важное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Ужо не паддаецца сумненню: санкцыі Захада – гэта надоўга (калі не назаўсёды). Зразумелыя і мэты: аслабіць Расію і яе партнёраў, уключаючы Беларусь, прычыніць ім максімальны эканамічны ўрон. Пакеты – толькі падавай: Еўрасаюз у поце чала напакоўвае. Ну што тут скажаш… Захапіліся. У чарговы, ужо шосты, праўда, упіхнуць эмбарга на ўсю расійскую нафту не атрымалася. Пасля доўгіх спрэчак улезла толькі тая, што пастаўляецца марскім шляхам. Ды і гэтага, думаю, дастаткова, каб зноў ударыць па сваіх. Без аглядкі на паследкі папярэдніх, такіх жа абсурдных, недарэчных рашэнняў.

Ад кошту нафты, як вядома, залежаць і цэны на бензін і, адпаведна, на вытворчасць, дастаўку большасці тавараў, а ў канчатковым выніку – кошт жыцця еўрапейцаў. Аднак рабіць вывады, думаць пра эфект сваіх дзеянняў ніхто, відаць, не збіраецца. Хаця, здавалася б, людзі – на такіх высокіх пасадах, павінны быць разумнымі, мудрымі і прадбачлівымі, усё пралічыць, каб не прычыніць шкоду сваім грамадзянам. Пакуль жа атрымліваецца адваротнае. Дастаткова прыгадаць, якія навіны ў апошні час прыходзяць з розных еўрапейскіх краін.

Так, у ЗША інфляцыя пабіла 40-гадовы максімум. Узрушаныя амерыканцы, якія не прывыклі да цяжкіх эканамічных праблем, вымушаны адмаўляцца ад многіх даброт. Людзі, напрыклад, сталі менш ездзіць на машынах, бо цэны на паліва выраслі больш чым удвая. Для тых, хто праводзіць у дарозе на работу і дамоў некалькі гадзін, гэта стала сапраўдным шокам. Павялічыліся і такія даволі важныя для амерыканцаў артыкулы расходаў, як арэнда жылля, электрычнасць. Выраслі цэны на прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці. Настрой спажыўцоў у пачатку чэрвеня, як паказала апытанне, упаў да надзвычай нізкага ўзроўню.

Інфляцыя ў Польшчы ў маі дасягнула 13,9%, што стала рэкордным паказчыкам за апошнія 24 гады. Жыхары сталі радзей браць крэдыты і сур’ёзна скарацілі расходы на рэстараны і аўтамабілі. Паліва, у параўнанні з 2021-м, падаражэла на 35,4%, электраэнергія – на 31,4%, прадукты – на 13,5%. Цэны павялічваюцца літаральна на ўсё, уключаючы тавары, якія амаль пастаянна таннелі ў апошнія 12–15 гадоў. І, па прагнозах аналітыкаў, сітуацыя ў бліжэйшыя месяцы не палепшыцца: інфляцыя будзе расці, эканоміка краіны – запавольвацца. Больш таго, польскія экалагічныя арганізацыі б’юць трывогу. З-за таго, што Варшава ўключыла ў санкцыйны спіс кампанію “Sulzer” (спецыялізуецца на ачыстцы каналізацыйных сцёкаў), заблакіраваны рамонт абсталявання ў польскіх гарадах, што прымыкаюць да Балтыйскага мора. Выхад са строю каналізацыі пагражае забруджваннем Балтыкі і, як вынік, міжнароднай экалагічнай катастрофай.

У Даніі інфляцыя дасягнула самага высокага ўзроўню з 1984 года. Прайшоў час, калі жыхары набывалі прадметы раскошы і актыўна накіроўваліся ў супермаркеты з сэканомленымі пасля каранцінных мер грашыма. Сёння пакупнікі больш арыентуюцца на спецыяльныя пранановы і ўласныя брэнды ў якасці альтэрнатывы вядомым гандлёвым маркам.

Улады Літвы перад уступленнем у Еўрасаюз закрылі сваю атамную электрастанцыю. Як вынік – рост цэн на электраэнергію і ацяпленне яшчэ да пачатку санкцыйных войнаў з Расіяй. А ў сакавіку бягучага года на гэтую змрочную карціну наклаўся энергетычны крызіс у краінах ЕС. Жыллё і камунальныя паслугі падаражэлі на 37,5%, прадукты харчавання і напоі – на 17,1%, транспартныя паслугі – на 22,1%.

Жыхары Францыі, Германіі, Бельгіі і некаторых іншых еўрапейскіх краін сутыкнуліся з дэфіцытам прадуктаў харчавання. Недзе, праўда, каб абмежаваць іх продаж, устанавілі свае правілы. Напрыклад, пэўная колькасць бутэлек алею, упаковак мукі, макарон ці цукру – у адны рукі. Думаю, многім, як і мне, міжволі прыгадаліся дзевяностыя: таксама паўпустыя прылаўкі магазінаў. Але людзям, якія не ведалі падобнага, прывыклі да высокага ўзроўню жыцця, такую сітуацыю яшчэ да нядаўняга часу было цяжка нават уявіць. Нешта неверагоднае.

Зразумела, што пакупнікі асцерагаюцца далейшага росту цэн, а ў пастаўшчыкоў проста няма выбару, апрача як павышаць іх: забяспечваць магазіны прадуктамі з-за санкцый стала занадта дорага і праблематычна. Зрэшты, як і ў сітуацыі з драўнінай. На яе дэфіцыт з-за спынення імпарту з Расіі і Беларусі скар-дзяцца вытворцы мэблі ў Францыі і Літве. У апошняй, варта заўважыць, кошт ДСП у параўнанні з 2019 годам вырас на 200–250%, і пакуль што прадпрыемствам удаецца перакладваць цяжар цэн на пакупнікоў. Але невядома, як доўга гэта працягнецца.

Былы кандыдат у прэзідэнты Францыі Марын Ле Пен, дарэчы, заявіла аб катастрафічных паследках новых расійскіх санкцый для французаў. Па яе меркаванні, гэта толькі выкліча новы віток цэн на паліва, газ і электрычнасць, а Масква будзе прадаваць свае рэсурсы ў іншыя краіны. Так, у свеце шмат рынкаў і дастаткова жадаючых.

Затое некаторыя іншыя палітыкі на фоне рэзкага падаражэння жыцця даюць сваім суайчыннікам, мякка кажучы, дзіўныя парады. Напрыклад, зменшыць тэмпературу ў доме і апрануць світэр, выбіраць у магазінах недарагія прадукты замест “фірменных” вырабаў, больш працаваць ці знайсці сабе больш высокааплатную пасаду. У Германіі склалі памятку для грама-дзян, як сэканоміць грошы, а адно з выданняў заклікала немцаў піць ваду з-пад крана замест бутыляванай. Жыхарам параілі таксама аддаваць перавагу сезонным прадуктам і шукаць тавары па акцыях і скідках.

Іншымі словамі, паясы – патужэй. Па сутнасці, насельніцтва мэтанакіравана падрыхтоўваюць, у тым ліку псіхалагічна: чакаюць цяжкія часы. І тут жа напрошваецца пытанне: а хто іх стварае – сваёй недальнабачнасцю, няздольнасцю абараніць інтарэсы ўласнай дзяржавы? Складваецца ўражанне, што такім чынам Еўрасаюз усё тужэй зацягвае на ўласнай шыі пятлю.

Ніхто, вядома, не гаворыць, што з інфляцыяй у Беларусі ўсё ў парадку і цэны ўверх не папаўзлі. Але недарэчных, мудрагелістых парад насельніцтву ніхто не дае – краіна працуе над пераадоленнем паследкаў таго, што сама сабе не прыдумвала. Пад жорсткімі санкцыямі – з канца 2020 года. А калі Расія пачала спец-аперацыю на Украіне, гэты націск яшчэ больш узмацніўся. У прынятым шостым пакеце – 12 фізічных і 8 юрыдычных асоб Беларусі.

Пад абмежаваннямі Захада цяпер знаходзяцца практычна ўсе сферы беларускай эканомікі, у тым ліку нафтаперапрацоўка і вытворчасць калійных угнаенняў. Што, зрэшты, вымусіла Мінск прыняць меры ў адказ і падштурхнула да паглыбленага супрацоўніцтва з Расіяй, нарошчвання ўзаемнага гандлю. Разам супрацьстаяць санкцыйнаму націску, безумоўна, лягчэй.

Так, практычна вырашана адно з важнейшых пытанняў, звязаных са свабодным удзелам беларускіх і расійскіх кампаній у дзяржаўных закупках, паскорана рэгіянальнае супрацоўніцтва і прамысловая кааперацыя. Наша краіна атрымала магчымасць выкарыстоўваць расійскую транспартную інфраструктуру для экспарту калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў і прадуктаў харчавання. Як нядаўна адзначыў пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, апошнія дзеянні Мінска і Масквы ўжо прывялі да таго, што ў Саюзнай дзяржаве ўнутраны тавараабарот пачаў паступова пакрываць экспартныя страты ў трэція краіны.

Яшчэ адным з найбольш прыярытэтных накірункаў для айчыннага бізнесу з’яўляецца азіяцкі рынак. У прыватнасці, Кітай, які сістэмна пераўтвараецца ў сусветнага тэхналагічнага лідара.

Санкцыйны націск да таго ж стаў своеасаблівым штуршком, каб перагледзець перспектывы развіцця, задумацца над тым, што ў існуючых умовах набывае першачарговае значэнне. Зроблена стаўка на развіццё ўласных імпартазамяшчальных вытворчасцей.

Іншымі словамі, тое, што нас не забівае, робіць толькі мацнейшымі. Волю двух братэрскіх народаў Захаду так і не ўдалося падпарадкаваць. Хіба што… дапаможа сёмы пакет. Ну што тут пажадаць Еўрасаюзу? Творчага натхнення і палёту фантазіі! Што яшчэ прыдумаюць, нават цяжка ўявіць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Карыкатура «Мінскай праўды»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *