Нашы ў эфіры! Вучні з Чамярыс прынялі ўдзел у тэлевіктарыне “Сваімі словамі”

Важное Общество

Сваімі словамі і ад душы

Як мы ўдзельнічалі ў тэлевіктарыне на веданне беларускай мовы

Як прыемна, калі яно гучыць – беларускае слова. Калі на роднай мове мы абменьваемся думкамі, выказваем пачуцці, чытаем, пішам… Тады прыходзіць асэнсаванне, што наша мова з намі, яна – неўміручая. І яшчэ больш радуе, калі ёю карыстаюцца, ужываючы трапныя народныя выслоўі, дзеці.

У Чамярыскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе аматары роднага слова былі, ёсць і будуць. Нашы вучні і настаўнікі пастаянна ўдзельнічаюць і з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі беларускамоўных конкурсаў. А не так даўно нас запрасілі праявіць сябе ў тэлевіктарыне “Сваімі словамі”.

Нашай радасці, вядома, не было межаў. Трапіць на здымкі гэтай перадачы тэлерадыёкампаніі “Гомель”, сустрэцца з яе вядучай Аленай Трацэнкай і экспертам Святаславам Крупенькам марылі даўно. Пра віктарыну добра ведалі з тэлеканала «Беларусь 3».

У выніку мы не толькі праверылі свае свае веды, але і атрымалі шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў. У тэлевіктарыне прынялі ўдзел дзве вучаніцы нашай установы адукацыі: Дарына Катлабай і Кацярына Краўчанка і дзве настаўніцы: аўтар гэтага артыкула і Сняжана Сяргееўна Здор (Буркоўская сярэдняя школа). Гульня была цікавай і трымала да апошняга ў напружанасці як удзельнікаў, так і гледачоў. Сярод апошніх, дарэчы, прадстаўнікі Чамярыскай, Хракавіцкай і Брагінскай школ – удзельнікі алімпіяды па беларускай мове і проста аматары роднага слова. Усе былі задаволеныя, што трапілі на тэлебачанне і змаглі акунуцца ў працэс падрыхтоўкі перадачы, стаць яе героямі. Шчыра кажучы, нялёгкая гэта справа: пазіраваць на камеру. Але высокі прафесіяналізм тых, хто працуе над праграмай, не дазволіў нам ні разу адчуць сябе не ў сваёй талерцы. Складвалася адчуванне, што ўсе мы блізкія, даўно знаёмыя людзі.

Святаслаў Крупенька асабіста паціснуў рукі нашым дзяўчатам і падзякаваў ім за цудоўныя веды, якія яны прадэманстравалі. А дабрадушная і чулая Алена Трацэнка падтрымлівала нас на працягу ўсяго здымачнага працэсу.

Хачу яшчэ дадаць, што мы з вучнямі правялі цудоўны летні дзень з карысцю. А калі вы, шаноўныя чытачы, захочаце ўбачыць на нашу гульню, даведацца пра яе вынікі, сачыце за тэлеэфірам канала “Беларусь 3”. Віктарына “Сваімі словамі” выходзіць па суботах.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *