У кампаніі з прыродай і атмасферы сяброўства праводзяць канікулы вучні дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы

Важное Грамадства Спорт

Ужо па бадзёрым духу і прыўзнятым настроі хлопчыкаў і дзяўчынак можна было меркаваць: адпачынак пад адкрытым небам ім па душы.

Тут калектывізму, самастойнасці вучацца не на словах, а на справах. Побач – ні прыбіральшчыц, ні повараў, ні прачак, ні занадта клапатлівых бацькоў. Уся “гаспадарка” трымаецца на ўласных руках, так што пасіўны адпачынак адмяняецца – жыццё на прыродзе дыктуе свае ўмовы і правілы. Яно не для абібокаў ды гультаёў. Дзеці і дарослыя выступаюць тут адзінай камандай.

Сёлета, дарэчы, палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем, які арганізаваў для сваіх выхаванцаў калектыў ДЮСШ, размясціўся паблізу вёскі Малейкі – на беразе Брагінкі. У навакольную зялёную панараму гарманічна ўпісаліся абсталяваныя “кухня” і “сталовая”, жылая і бытавая зоны, пляцоўкі для правядзення спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў. У калектыўных справах, гаспадарчых клопатах адчуваецца ўзаемападтрымка, адказнасць і дысцыпліна.

Раніца, як і павінна быць у юных спартсменаў, пачынаецца з зарадкі. Потым – навядзенне парадку ў палатках і на тэрыторыі. Абавязковы акцэнт – на правілы паводзін на прыродзе, меры бяспекі. Пра гэта нагадвае і інфармацыя, размешчаная на стэндзе. А цэнтральнае месца ў жыцці лагера, вядома, займаюць рухавыя гульні, трэніроўкі, спартыўныя баталіі. Да спаборніцтваў па валейболе, напрыклад, далучаюцца вучні Малейкаўскай школы. Арганізоўваюцца таксама творчыя конкурсы і вечары. Аматары рыбнай лоўлі накіроўваюцца з вудамі да вады. Адбываюцца і прафілактычныя сустрэчы.

На днях, напрыклад, у лагер, каб падарыць дзецям яркія эмоцыі і паглыбіць іх веды па правілах бяспекі, завіталі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У юных адпачывальнікаў была магчымасць прымераць баявое адзенне выратавальніка, пасядзець за рулём пажарнага аўтамабіля і нават падаць ваду са ствала – адчуць сябе сапраўднымі агняборцамі.

Гэта, дарэчы, ужо апошнія дзевяць дзён у лагеры – менавіта столькі доўжыцца кожная з трох яго змен. Свежае паветра, спартыўны азарт, творчае самавыяўленне… Усё пойдзе на карысць 105 вучням, якія аддалі перавагу адпачынку пад адкрытым небам.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *