17 жніўня, пад Гомелем, на месцы базіравання партызанскага атрада “Бальшавік” у гады Вялікай Айчыннай вайны, адкрыўся пасля рэстаўрацыі мемарыяльны комплекс “Партызанская крынічка”

Важное Общество

Яго рэканструкцыю пачалі ў мінулым годзе. Амаль кожны жыхар Гомельшчыны прыняў удзел у аднаўленні помніка.

На месцы комплекса ў часы вайны размяшчаўся партызанскі атрад “Бальшавік”, створаны 17 жніўня 1941 года. Ён праводзіў шматлікія дыверсіі на чыгуначных пуцях і галоўных аўтамагістралях. Разам з Чырвонай арміяй партызаны ўдзельнічалі ў аперацыі “Баграціён”.

Згодна са звесткамі ваеннай хронікі, атрад “Бальшавік” знішчыў звыш 10 тысяч гітлераўцаў, 15 складоў з боепрыпасамі, 8 чыгуначных мастоў, 515 аўтамашын. Партызаны выратавалі з нямецкіх лагераў смерці звыш 8 тысяч ваеннапалонных.

Аснову комплексу складаюць стэла, пліты з надпісамі “Партызанская крынічка” і прозвішчамі партызан, пляцоўка для ваенных рэканструкцый, “алея-музей” і партызанскія зямлянкі, што адлюстроўваюць час вайны.

Адкрыццё комплексу пачалося з выступлення старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Ён адзначыў, што аднаўленнем “Партызанскай крынічкі” мы ўшаноўваем памяць партызан і падпольшчыкаў не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі. Іван Іванавіч таксама падкрэсліў вялікую ролю аналагічных мемарыялаў у выхаванні патрыятызму і любові да Радзімы ў сэрцах нашай моладзі. Яна не павінна забываць тую цану, якую заплаціў наш народ за мір.

Сімвалічна, што на адкрыцці комплексу прыстунічаў і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз. “Адкрыццё комплексу “Партызанская крынічка” сімвалізуе непарушнае адзінства і братэрства нашых народаў.

На бранскай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 60 тысяч нашых землякоў, аб’яднаных у 27 брыгад, вялі непрымірымую барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Партызаны ўзрывалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай, руйнавалі камендатуры і склады. Подзвігі партызан назаўсёды застануцца ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны як сімвал мужнасці, патрыятызму, вернасці Радзіме і краіне”, – адзначыў ён.

Пасля адбылося ўскладанне кветак да мемарыяла. Увазе гледачоў прадставілі ваенную рэканструкцыю жудасных падзей пад Гомельшчынай: захоп невялікага населенага пункта фашыстамі і вызваленне жыхароў воінамі Чырвонай арміі. У рэканструкцыі была задзейнічана тэхніка і зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны, што дадавала і без таго праўдзівай пастаноўцы нейкі жудасны рэалізм.

Гераізм партызан адчуваўся нават скрозь пліты мемарыяла: магутныя і непарушныя, яны, быццам тыя салдаты, бароняць родны куток ад ворага, не дазваляюць знішчыць тое, што нам дорага і люба. Пліты стаяць на варце гэтых мясцін і даюць наказ будучым пакаленням: “Беражыце мір”.

Цімафей МІХАЛЕНКА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *