Жатва-2022. І на старой тэхніцы можна дасягаць рэкордаў

Грамадства Сельское хозяйство

Вымушаны прастой пасля прашумеўшага напярэдадні дажджу камбайнеры і іх памочнікі выкарысталі для таго, каб падладзіць тэхніку і яшчэ раз праверыць яе надзейнасць. У ААТ “Пераможнік” сельгасмашыны “са стажам”: у эксплуатацыі па 12–15 гадоў. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, прадстаўнікі сталёвай гвардыі гаспадаркі кожны год выходзяць у лік тысячнікаў і завяршаюць жніво ў ліку першых у раёне.

Сваё высокае майстэрства зноў пацвердзіў экіпаж у складзе Сяргея Сідарка і Аляксандра Боркіна. Спаборнічаць з такімі няпроста: тысячны рубеж па намалоце яны перасягнулі ў апошнія дні ліпеня. Дарэчы, камбайн, на якім працуюць, выглядае як новы. Вось што значыць тэхніка ў надзейных руках!

Следам за імі ідуць Аляксей Ціханчук і Іван Карпенка. Менавіта ім дастаўся стэпавы карабель вытворчасці “Гомсельмаша” 2007 года выпуску. Відаць, таму што Іван Юр’евіч займае пасаду механіка – гэта сведчыць аб яго тэарэтычнай падрыхтоўцы і практычных навыках. Для Міхаіла Дарошчанкі гэтае жніво – 32-е. Сёлета каласавыя ён убірае разам з братам Мікалаем.

Механік Іван Карпенка – памочнік камбайнера.
Для Міхаіла Дарошчанкі гэтае жніво – 32-е.

Уборачная кампанія мяняе працоўны рытм многіх. Інжынер па тэхніцы бяспекі Сяргей Куценка ўвесь час знаходзіцца побач з камбайнерамі і вадзіцелямі. Інструктаж перад пачаткам напружанай змены будзе не лішні.

Інжынер па тэхніцы бяспекі Сяргей Куценка.

Падрабязную інфармацыю аб ходзе жніва, ураджайнасці сельгаскультур, планах на будучы год мы атрымалі ад дырэктара “Пераможніка” Анатоля Панчанкі. Аграном па прафесіі, ён не толькі трымае кожную лічбу ў галаве, але і аналізуе, параўноўвае яе з мінулагоднімі вынікамі. Па словах кіраўніка, валавы намалот зерневых і зернебабовых будзе не меншы, чым летась. Сабралі 425 тон насення рапсу (у мінулым годзе ўсяго 86 тон). Займаў ён 425 гектараў, а плануюць павялічыць пасяўную плошчу да 600 га, бо гэтая алейная культура эканамічна выгадная. Пшаніцу вырошчваюць азімых сартоў, у сярэднім намалочваюць па 35 цнт/га, а на асобных участках – і па 50 цнт/га. Не падвяло азімае трыцікале, якому адвялі 240 гектараў. Ужо сабрана 159 тон (па 30 цнт/га). Апраўдала надзеі азімае жыта, парадавалі аўсы, а вось яравы ячмень слабаваты па ўраджайнасці. Намалочаную збажыну адпраўляюць на хлебакамбінаты, каб потым забраць адтуль камбікорм для грамадскага статка.

На мехдвары. Анатоль Панчанка заўсёды ў курсе ўсіх спраў.

Як і ва ўсіх ААТ, у “Пераможніку” арганізавана гарачае харчаванне. Для механізатараў і вадзіцеляў яно амаль бясплатнае, кошт – усяго 10 капеек. Абеды гатуе Наталля Савянок, якая імкнецца не толькі смачна накарміць удзельнікаў уборачнай кампаніі, але і парадаваць іх уласнай выпечкай.

Паралельна са жнівом вя-дзецца падрыхтоўка плошчаў пад сяўбу рапса. Папярэднікамі яго будуць азімыя і яравыя культуры.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *