Да Дня народнага адзінства. Памятаць пра адзінства, вернасць сваёй радзіме і гісторыі

Грамадства

“Верасень-месяц, 

Сямнаццаты дзень 

Зняў з нас навекі 

Смутак і цень”, – гэты верш  хадзіў у народзе пасля 17 верасня 1939 года.  Як бы ні імкнуліся некаторыя “сучасныя гісторыкі”  перайначыць сутнасць тых падзей, насельніцтва Заходняй Беларусі ўспрыняло прыход Чырвонай Арміі з захапленнем і радасцю. На працягу 18 гадоў “за Польшчай”  знішчалася беларуская культура і адмаўлялася ў праве на нацыянальную самабытнасць.

Зараз у краіне-суседцы гэта ўспамінаць не любяць, але фактычна ў 1921–1939 гадах у Заходняй Беларусі квітнела сегрэгацыя. Чыноўнікі і ў цэлым польская эліта ўспрымалі мясцовых жыхароў як дзікіх абарыгенаў. Польскія настаўнікі збіралі беларускіх дзяцей на Палессі, апраналі іх у нацыянальныя кашулі-вышыванкі і везлі на паказ і пацеху “цывілізаванай публікі” ў Кракаў, дэманструючы як жывых тубыльцаў з “цёмных і неўладкаваных краёў”.

Не дазвалялася  выкарыстоў-ваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. З 400, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1934 годзе засталося толькі 16, а ў 1939 годзе  – ніводнай.

Жорстка праследвалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932 годзе іх стала  восем. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных устаноў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні.

Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада быў прымус, а часта і тэрор. Звычайнай з’явай лічыліся масавыя рэпрэсіі паліцыі ў дачыненні да насельніцтва ў час карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх выступленняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы.  У 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, праз які за пяць гадоў існавання, па няпоўных даных, прайшло больш за 10 тыс. вязняў.

І нават польскія эканамісты прызнавалі, што ёсць Цэнтральная Польшча “а” і Усходняя Польшча “б”. У першую ўкладваліся вялікія капіталы, там ствараліся сучасныя вытворчасці. А з Усходняй Польшчы, у тым ліку Заходняй Беларусі, толькі вывозіліся, выцягваліся  рэсурсы.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу і ў некалькіх напрамках пачалі хутка рухацца ў глыб краіны, урад і камандаванне якой не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэці тыдзень вайны пакінулі яе.

Раніцай 17 верасня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася: “Савецкі ўрад не можа… абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі.”

Прасоўванне савецкіх войскаў ішло хутка: 18 верасня яны занялі Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня – Пружаны і Кобрын.

Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала ім дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фарміраванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб’екты.

Дарэчы, у 1939-м ніводзін беларускі нацыянальны дзеяч, у тым ліку з антыкамуністычнымі поглядамі, не выступаў супраць аб’яднання. Так, Антон Луцкевіч, вітаючы ў Вільні новую ўладу, заявіў: “Беларусь зноў стала адзінай, ніякія межы не падзеляць ужо аб’яднаных беларускіх земляў… Стварэнне аб’яднанай, свабоднай, Савецкай Беларусі будзе вызначаць шлях  яе хуткага развіцця”.

Сапраўдную цану адзінства беларусы зразумелі ў 2020-м, калі  ва ўгоду геапалітычным амбіцыям асобных краін праз Беларусь зноў пралегла лінія разлома. Не тэрытарыяльнага, але грамадскага і нават светапогляднага. Атрымалася, што нават традыцыйна разважлівае і неканфліктнае беларускае грамадства можа раскалоцца пад ударамі гібрыдных войнаў звонку і знутры. Аднак большасць беларусаў хутка разабраліся ў сітуацыі і не дазволілі абдурыць сябе салодкімі абяцанкамі заходніх стратэгаў.

Тады само жыццё прадэманстравала, што народнае адзінства – гэта не прыгожы лозунг публіцыстаў, а па сутнасці падмурак развіцця краіны і яе грамадства.

17 верасня 1939 года – дата аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Падзеі 83-гадовай даўніны адыгралі  адну з ключавых роляў у фарміраванні нашай дзяржаўнасці і сучаснай Рэспублікі Беларусь з яе цяперашнімі межамі. І калі мы, беларусы, не хочам зноў стаць арэнай для высвятлення чыіх-небудзь адносін,  патрэбна памятаць пра адзінства, вернасць сваёй радзіме і гісторыі. Сёння мы павінны з удзячнасцю ставіцца да людзей, якія здолелі аб’яднаць краіну, якія змаглі адстаялі яе ў Вялікай Айчыннай вайне, якія ў гады незалежнасці сваёй нястомнай працай умацоўвалі Беларусь. Сёння кожны з нас павінен дакладна ўсведамляць, які глыбокі сэнс закладзены ў паняцце «адзінства». Быць адзінымі – гэта значыць удумліва ставіцца да інтарэсаў адзін аднаго, умець чуць адзін аднаго, быць аб’яднанымі агульнай мэтай: захаваць  моцную, незалежную Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка: “Лічу важным падкрэсліць, што дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як напамін пра каштоўнасць свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам, беларусам, права заняцьсваё месца на карце свету. Мы будзем памятаць пра гэта, як і тое, што мы адбыліся як народ, нацыя, дзяржава, перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі краіну з попелу і нават апярэдзілі некаторых у засваенні космасу, ядзернай энергетыцы, біятэхналогіях дзякуючы людзям працы».

 

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *