З 19 па 23 верасня праходзіць тыдзень роднай мовы

Важное Грамадства

Тыдзень роднай мовы «Якая ты дарагая мне, мая родная мова!» праходзіць з 19 да 23 верасня, паведамілі ў Міністэрстве адукацыі. 

Тыдзень роднай мовы прадугледжвае мноства самых разнастайных мерапрыемстваў — ад выстаў, анлайн-чэленджу «Льецца мова» і творчага марафону «Мова родная — мова модная» да паказу адзення «Будзь у трэндзе» і анлайн-акцыі «Натхнёныя Бацькаўшчынай», дзе можна будзе пазнаёміцца з відэасюжэтамі аб знакамітых беларусах, падрыхтаванымі навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Уласна кажучы, прысвечаныя тыдню роднай мовы мерапрыемствы стартуюць ужо загадзя: сёння адбудзецца рэспубліканская дыктоўка, прымеркаваная да Дня народнага адзінства. З тэкстам дыктоўкі можна пазнаёміцца на нацыянальным партале https://adu.by/ru/, а яго трансляцыя пачнецца ў 13.30.

— Да дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — Міністэрства адукацыі праводзіць агульную дыктоўку для ўсіх устаноў адукацыі: пачынаючы ад агульнай сярэдняй адукацыі і заканчваючы ўстановамі ВНУ, — аднайменную дыктоўку «Дзень народнага адзінства», — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. — Тэкст гэтай дыктоўкі размешчаны на нашай платформе adu.by Нацыянальнага інстытута адукацыі. На базе лінгвістычнага ўніверсітэта яго будзе пісаць наш маладзёжны парламент, будзе пісаць міністр адукацыі.

Трансляцыя пройдзе ў якасці стрыму на анлайн-платформе YouTube. Падключэнне магчыма па спасылцы https://www.youtube.com/c/ON_Fіrst_Channel.

— Усе, хто захоча, змогуць далучыцца. Адпаведны ліст быў накіраваны ў нашы абласныя падраздзяленні. Хочацца адзначыць, што аб гэтым ведаюць вышэйшыя навучальныя установы, сярэднія спецыяльныя. Гэта не дыктоўка, якая павінна праверыць веды па арфаграфіі або пунктуацыі, — падкрэсліў намеснік міністра. — Дыктоўка накіравана на тое, каб навучэнцы нашых навучальных устаноў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, усе тыя, хто пажадаў бы, змаглі прайсціся па тых радках і ўспомніць падзеі 17 верасня 1939 года і тое, што гэта дата значыць для беларусаў.

Тыдзень роднай мовы абяцае быць цікавым і насычаным.

— Намі складзены план мерапрыемстваў па кожным дні гэтага тыдня, — расказаў Аляксандр Кадлубай. — План уключае шэраг разнастайных мерапрыемстваў: маладзёжныя акцыі, сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі, дыктоўкі, чытанне вершаў, квэсты, гульні, квізы. На маё меркаванне, такія мерапрыемствы вельмі добра ўпішуцца ў маладзёжнае асяроддзе і ў першую чаргу павялічаць цікавасць моладзі да роднай мовы, да яе ўжывання. І пашыраць асяроддзе тых, хто выкарыстоўвае ў сваім жыцці родную мову.

Крыніца https://zviazda.by/be



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *