Юзаф Дашчынскі: выдатны кампазітар, жыццё якога звязана ў тым ліку і з Брагіншчынай

Важное Год гістарычнай памяці Грамадства

Яго Вастрабрамская літанія. Тытульны аркуш партыі скрыпкі.

Сімфанічны аркестр пад яго кіраўніцтвам упершыню ў Беларусі сыграў сімфоніі Бетховена. А творы, аўтарам якіх з’яўляецца, не саступалі па прыгажосці паланэзам Агінскага. Вечны спачын мэтр музыкі знайшоў на брагінскай зямлі.

Сёлета ў дванаццаты раз у Нясвіжы ладзіўся ўікенд для прыхільнікаў класічнай музыкі, оперы і балета. Традыцыйны фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” – гэта лета, мастацтва і атмасфера мінулых эпох. Тры чэрвеньскія дні горад быў напоўнены духам высокай культуры. Як і некалі, пры прадстаўніках знакамітага арыстакратычнага роду.

Падобныя мерапрыемствы, дарэчы, карыстаюцца вялікай папулярнасцю не толькі ў заўзятых меламанаў, але і ў турыстаў. Аддаючы даніну модзе і прытрымліваючыся пераваг гледачоў, найбуйнейшыя тэатры свету зрабілі спектаклі, канцэрты, пастаноўкі ў фармаце open-air абавязковым пунктам сваіх афіш. Яны праходзяць на гістарычных пляцоўках, у старадаўніх замках, а часам і цэлы горад пераўтвараецца ў вялікую сцэну, паглыбляецца ў свецкае жыццё.

Зрэшты, сёння я зусім не пра мастацкі форум. Хаця, не выключаю, менавіта ён адкрыў для кагосьці не адну цікавую, духоўна багатую і надзвычай творчую асобу ці нагадаў забытую. Напрыклад, беларускага кампазітара эпохі класіцызму, піяніста і дырыжора, кіраўніка аркестра Юзафа Дашчынскага, музыка якога прагучала падчас аднаго з такіх оперных фэстаў у Нясвіжы. Мяркую, прозвішча, вядомае далёка не кожнаму з нашых чытачоў. Як і тое, што жыццё гэтага таленавітага чалавека звязана ў тым ліку і з Брагіншчынай. Паводле запісу аб смерці і пахаванні Юзафа Дашчынскага, ён знайшоў тут вечны спачын – пахаваны ў Астраглядах.

Звярнуць увагу, дарэчы, на такі адметны факт прапанаваў часты і заўсёды жаданы госць нашай рэдакцыі айцец Расціслаў, настаяцель храма Праабражэння Гасподня ў Сяльцы, ад якога мы не раз атрымлівалі цікавыя звесткі пра гісторыю Бацькаўшчыны, яе знакамітых ураджэнцах і жыхарах. Добрую нагоду больш даведвацца пра сваё мінулае і славутых земляках, часцей звяртацца да архіўных крыніц і спадчыны дае Год гістарычнай памяці.

Біяграфічныя звесткі, праўда, пра Юзафа Дашчынскага даволі сціплыя. Але і яны дазваляюць уявіць, наколькі гэта быў выдатны кампазітар свайго часу і якое меў прызнанне.

Нарадзіўся будучы мэтр музыкі ў 1774 годзе ў сям’і шляхціча ў Вільні. За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І. А ў наступным, калі даслужыўся да звання капітана гвардыі, выйшаў у адстаўку, каб займацца выкладаннем ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце.

Слынны аматар і знаўца музыкі мінскі губернскі маршалак Людвік Ракіцкі – вучань вядомага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, уладальнік інструментаў Страдывары – запрасіў у 1814 годзе Дашчынскага на пасаду дырыжора свайго аркестра ў двары Гарадзішча Рэчыцкага павета. І менавіта пад яго непасрэдным кіраўніцтвам гэты аматарскі аркестр дасягнуў такога высокага ўзроўню, што бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты прыцягвалі слухачоў з розных куткоў Беларусі, праходзілі не толькі ў палацы Ракіцкага, але і ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. На іх упершыню прагучалі оперы А. Сальеры “Аксур, цар Армуза” і Ф. Буальдзьё “Белая дама”.

Больш таго, Юзаф Дашчынскі – аўтар звыш 100 музычных твораў, якія выконваліся ў той час амаль па ўсёй Еўропе. Сярод іх, як падаюць розныя крыніцы, музыка да камедыі-оперы Л. Дмушэўскага “Сядзіба пры дарозе”, трохактовая меладрама “Эгбэрт, альбо Аб’яднанне англічан”, чатыры уверцюры, тры фартэпіянныя канцэрты, фартэпіянны квартэт, струнны секстэт, маршы для духавога аркестра, варыяцыі на ўласныя і запазычаныя тэмы, вакальныя творы. Аднак усеагульную вядомасць Дашчынскаму прынеслі шматлікія паланэзы ў дзве і чатыры рукі, напісаныя ў папулярным стылі brillant. Найлепшыя з іх, як сцвярджалі сучаснікі, не саступалі па прыгажосці паланэзам Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Як і многія кампазітары свайго часу, Дашчынскі плённа працаваў і на глебе літургічнай музыкі. У 1818 годзе ён быў абраны членам Таварыства рэлігійнай і нацыянальнай музыкі ў Варшаве, што сведчыць аб прызнанні яго заслуг у названай сферы музычнай творчасці.

Адзіным з літургічных твораў Дашчынскага, які захаваўся да нашых дзён, з’яўляецца яго Вастрабрамская літанія, якую лічаць адной з апошніх прац кампазітара. І менавіта яна, на думку музыказнаўцаў, уносіць істотныя карэктывы ў карціну развіцця жанру літаніі ў гісторыі музыкі былога ВКЛ і Рэчы Паспалітай у цэлым. Да знаходкі рукапісу твора Дашчынскага першымі ўзорамі аркестровых спеваў лічыліся чатыры Вастрабрамскія літаніі Станіслава Манюшкі. Але ім, як потым стала відавочным, папярэднічаў твор такога роду Дашчынскага. Ён упершыню, дарэчы, прагучаў на аснове ўзноўленай партытуры на канцэртах у Беластоку (2011), потым – у Нясвіжы ў рамках вышэйузгаданага фестывалю (2012).

Звернемся, аднак, зноў да біяграфічных звестак. Аркестрам Людвіка Ракіцкага, да якога з мэтай сумеснага музіцыравання сцякаліся аматары музыкі з усяго краю, Дашчынскі кіраваў на працягу ўсяго яго далейшага існавання.  Атрымаўшы ад гаспадара палаца, свайго мецэната, пажыццёвую пенсію, кампазітар жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў. І нават пасля смерці Ракіцкага, калі аркестр распаўся, працягваў пісаць музыку. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям – пану нябожчыку і яго дачцэ Тэклі Прозаравай. Сярод іх – “Бліскучы вальс” і “Канцэртны паланэз” для фартэпіяна ў чатыры рукі.

Спачыў Юзаф Дашчынскі 29 жніўня 1844 года. У метрычным запісе Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначана, што нябожчык меў 70 гадоў ад нараджэння.

Запіс аб смерці і пахаванні на могілках у Астраглядах мэтра музыкі шляхетнага Юзафа Дашчынскага.

Ужо значна пазней, у 1853-м, “вясковы лірнік”, адна з яскравых зорак літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля пабудзе ў Вільні на лістападаўскай урачыстасці ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці – апякункі Беларусі і Літвы. Уражаны ўбачаным, ён пакіне па-мастацку яркае, маляўнічае апісанне гэтага свята. Як на працягу васьмі дзён касцёл і вуліца былі перапоўнены народам, “па некалькі тысяч молячыхся” – штодня, як у апошні вечар амаль усё віленскае насельніцтва высыпала на вуліцы і заліло сабой вялізную прастору вакол Вострай Брамы. І ў яркіх агнях ілюмінацыі было бачна, “як гэтыя некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў, натхнёныя адзіным пачуццём, падаюць на калені”, як людзі “рознага веку і розных слаёў грамадства зліваюцца каля ног агульнай Маці ў адну хрысціянскую сям’ю, якая настройвае сэрцы ў агульны акорд, каб маліць аб абароне Маці Міласэрнасці”.

Маці Божая Вастрабрамская.

Гучалі ў той апошні вечар і асаблівыя музычныя творы, пра якія таксама ўзгадае пясняр беларускай зямлі:

“Нешпары служацца ў капліцы. Пасля іх заканчэння святар-цэлебрант, звычайна віленскі біскуп, урачыста апрануты, уваходзіць у Вастрабрамскую капліцу. Самыя лепшыя музыканты, якіх мае Вільня, выконваюць літанію ў суправаджэнні мясцовага аркестра… Пасля скончанай літаніі пастыр, заклікаўшы да Божай дапамогі, звяртаецца да народа і, бачны ўсімі, благаслаўляе людзей, якія моляцца, і горад. Настае ўрачыстая цішыня”.

На жаль, паэт не данёс да нас імя аўтара літаніі, якую пачуў пры Вострай Браме. Не выключана, што якраз выконваўся музычны твор Юзафа Дашчынскага…

 

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *