30 кастрычніка — день аўтамабіліста і дарожніка. У аб’ектыве — прафесіяналы-вадзіцелі ААТ “Брагінаграсэрвіс”

Главное Грамадства Сельское хозяйство

Сёння цяжка ўявіць жыццё без транспартных сродкаў. Мы прывыклі перамяшчацца на аўтамабілях, нават невялікія адлегласці пераадольваем на колах. На вясковых дарогах і аўтамагістралях за рулём можна ўбачыць як вопытных шафёраў, так і маладых, якія нядаўна атрымалі пасведчанне. Да шматлікай арміі аўтамабілістаў залічыць можна многіх.

Але ж сёння – пра людзей, для якіх гэтая прафесія стала сэнсам жыцця, прызваннем. Працуюць яны ў ААТ “Брагінаграсэрвіс” – арганізацыі, якая ўносіць значны ўклад у харчовую бяспеку краіны. Штодня прадстаўнікі гэтага дружнага калектыву адпраўляюцца ў далёкія і блізкія рэйсы, каб своечасова даставіць неабходныя грузы, без якіх можа спыніцца вытворчы працэс у АПК. Пазнаёміў з імі галоўны інжынер прадпрыемства Аляксей Шам, за плячыма якога вялікі вопыт работы і багатая практыка. Да слова, цэняць яго ў ААТ не за гэта, а за дзелавыя якасці. Аляксей Рыгоравіч строгі, патрабавальны і ў той жа час уважлівы, неабыякавы да людзей. Хто чаго варты, прыкмячае адразу.

Першы, з кім мы сустрэліся ў двары, быў Уладзімір Кацеба, акуратны, дысцыплінаваны, ветлівы. Па тым, з якім стараннем наводзіў парадак у салоне свайго “Газіка”, можна меркаваць, што ён беражліва адносіцца да тэхнікі, умела яе эксплуатуе. У ААТ “Брагінаграсэрвіс” (раней яно называлася райаграпрамтэхніка) Уладзімір Міхайлавіч працуе з 1990 года. Менавіта яму, як найбольш вопытнаму, даверылі дастаўку людзей на аб’екты.

Уладзімір Кацеба працуе ў ААТ «Брагінаграсэрвіс» (раней – райаграпрамтэхніка) з 1990 года.

На жаль, з прадстаўніком маладога пакалення Дзянісам Рыловым пазнаёміцца не ўдалося. Ён якраз знаходзіўся ў рэйсе: паехаў у Рэчыцу на КХП за камбікармамі для грамадскага статка раёна. Аляксей Рыгоравіч адзначыў яго добрасумленную работу, неабыякавасць. Хаця ўліўся ў калектыў Дзяніс нядаўна, праявіў за гэты кароткі час свае здольнасці і лепшыя чалавечыя якасці.

Галоўны інжынер, калі характарызуе падначаленых, ставіць заўсёды на першае месца любоў да працы, уменне.

Гэтыя якасці ўласцівы Юрыю Капуру. Ён некалькі год таму заняў першае месца ў вобласці сярод механізатараў, якія былі задзейнічаны на адвозцы зерня ад камбайнаў і праславіў наш раён. Зараз у яго плённыя рэйсы на МАЗе з прычэпам.

Юрый Капур умела эксплуатуе і трактар, і аўтамабіль.

Больш чым сорак гадоў за баранкай аўтамабіля! Такому стажу можна толькі пазайздросціць. Мікалай Ярмак, а размова ў даным выпадку ідзе пра яго, заўсміхаўся, калі мы выказалі яму словы захаплення. Больш таго, у 2023-м споўніцца трыццаць гадоў, як ён прыйшоў на гэтае прадпрыемства. Мікалай Паўлавіч зараз задзейнічаны на адказным участку вытворчасці: дастаўляе ГЗМ у гаспадаркі раёна.

Вадзіцельскі стаж Мікалая Ермака складае 43 гады.

Трывалыя сувязі з абслугоўваючай арганізацыяй і ў Сяргея Гаўрыленкі. Папрацаваць шафёрам некалькі месяцаў юнаку ўдалося ў 1984-м, да службы ў арміі. Пасля дэмабілізацыі яго лёс быў звязаны з калгасамі “Пераможнік”, “Імя Энгельса”, аўтабазай, і ўсё ж асноўная частка жыцця – з ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Працуе Сяргей Пятровіч на МАЗе.

Сяргей Гаўрыленка ўпершыню сеў за руль аўтамашыны ў 1984 годзе.

Вадзіцелі ААТ перавозяць мінеральныя ўгнаенні, камбікармы, будаўнічыя матэрыялы, зерне ад камбайнаў, гаручазмазачныя матэрыялы – усё, што неабходна аграрыям, каб своечасова пасеяць і ўбраць ураджай. На асобных участках без Аляксандра Сыцянка і яго “Амкадора-352” не абысціся. За рулём пагрузчыка прафесіянал, і гэтым усё сказана.

Задача Аляксандра Сыцянка – хутка загрузіць транспарт, каб не прастойваў.

А як напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў не ўзгадаць пра тых, хто рамантуе машыны, дае ім другое жыццё? Не ўся тэхніка толькі што з канвеера, ёсць і якая эксплуатуецца не адзін год. І тут на дапамогу прыходзяць майстры сваёй справы – зваршчык Андрэй Кавалёў і токар Сяргей Баваненка. Разам з галоўным інжынерам мы зазірнулі да іх у рамонтную майстэрню, каб паглядзець, як яны працуюць. Калі адным словам – выдатна!

Зваршчык Андрэй Кавалёў і токар Сяргей Баваненка сваю справу ведаюць добра.

Вось такім атрымаўся агульны партрэт вадзіцельскага калектыву арганізацыі, якая з’яўляецца надзейным партнёрам хлебаробаў. Усе, пра каго ўзгадалі, не толькі самааддана служаць прафесіі і людзям, але і прымнажаюць славу свайго ААТ, выхоўваюць дастойную змену і заслужылі вялікую пашану і прызнанне за шматгадовую добрасумленную працу.

Са святам вас, паважаныя! І вам, і вашым калегам жадаем шчасця і здароўя, дабрабыту, бяспечнай і безаварыйнай работы, узаемапавагі на дарогах!

Ніна СІНІЛАВА
Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *