Супраць бяды – разам. Бацькі і дзеці: як паўплываць на свядомасць

Грамадства

Кожны раз, калі прысутнічаю на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх, адзначаю пра сябе, наколькі гэта адказная, надзвычай няпростая справа – прымаць рашэнні, звязаныя з лёсам дзяцей. Каб не памыліцца, не нашкодзіць, не выклікаць псіхалагічную траўму. Для гэтага, безумоўна, патрэбна ўсё дэталёва ўзважыць, абгрунтаваць, падмацаваць довадамі і фактамі. Мэта адна – дапамагчы ўсвядоміць: шлях у дарослае жыццё павінен пачынацца не з крымінальных “сюжэтаў”, а з асэнсавання адказнасці за ўласныя ўчынкі. Адпаведна, многае залежыць ад прыкладу бацькоў, узаемаадносін у сям’і. Няма даверу, належнай увагі і разумнага кантролю – падлетак рызыкуе не ўстояць перад цяжкасцямі, небяспечнай спакусай, трапіць пад уплыў сумніўнай кампаніі, пайсці на забароненае, зрабіць неабдуманы крок.

Так, дарэчы, і атрымалася з непаўналетнімі, якія разам са сваімі законнымі прадстаўнікамі давалі тлумачэнні камісіі. На пасяджэнні разглядаліся адміністрацыйныя матэрыялы ў дачыненні да юных парушальнікаў закону і іх бацькоў.

Наўрад ці, вядома, думалі маці, на якія прыгоды пацягне іх 8–11-гадовых дзяцей, калі дазволілі ім бавіць вольны час на вуліцы. Захацелі тыя пагуляць – адпусцілі. Але не ўлічылі, што яшчэ патрэбна было нагадаць пра межы дазволенага і забароненага, важнасць бяспечных паводзін. Больш таго, нават не палічылі неабходным пракантраляваць, куды дзеці накіраваліся і чым займаюцца. Вось гэтым юныя асобы і скарысталіся: учынілі гульні ў адным з нежылых дамоў. З агнём. Вырашылі такім чынам, як потым тлумачылі, пагрэцца. Запалкі з сабой прыхапіў адзін з хлапчукоў. Узяў, па яго словах, у бабулі. І думаю, няцяжка здагадацца, чым такое свавольства завяршылася: да месца здарэння ў хуткім часе імчаліся пажарныя машыны. Добра, што ўсё абышлося без ахвяр і траўм.

Яшчэ адзін вучань, ужо 12-гадовы, пазайздросціў на веласіпед, што стаяў у пад’ездзе дома: не ўтрымаўся ад спакусы – “узяў” пакатацца. Больш таго, у ходзе разбору выявілася, што падлетак два дні не наведваў школу, хаця бацька быў упэўнены: сын кожную раніцу ідзе з дому на заняткі.

Што падштурхнула ўжыць спіртное і дзе яго ўзяў, тлумачыў 9-класнік, затрыманы супрацоўнікам міліцыі ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. “Пачаставаў”, як высветлілася, старэйшы брат, будучы ў нецвярозым стане. І тым самым уцягнуў непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны, за што панёс адміністрацыйнае пакаранне. А сам падлетак, па ўсім відаць, спрытна карыстаецца дома падманам і хлуснёй, каб “прыкрыць” свае неналежныя паводзіны і дрэнныя ўчынкі. Таму яго законнаму прадстаўніку камісія дала параду: не верыць на слова, а правяраць праўдзівасць сказанага, узмацніць кантроль.

Усе інцыдэнты, дарэчы, адбыліся ў вячэрні час. Калі менавіта ў сем’ях павінны былі скіраваць на дзяцей максімальную ўвагу, далучыць іх да карысных спраў, знайсці альтэрнатыву гультайству. А ў дарослых, як выявілася, нават не ўзнікла сумненняў, што іх сын ці дачка, застаўшыся без прыгляду, могуць здзейсніць правапарушэнне, трапіць у небяспечную сітуацыю. Больш таго, часам бацькі і ўвогуле распісваюцца ва ўласным бяссіллі: маўляў, дзеці не слухаюцца, не паддаюцца ўплыву. Таму і ўзнікае заканамернае пытанне: што далей?..

Калі падобнае паўторыцца, непаўналетнія рызыкуюць апынуцца ў спецустанове, дзе будуць выхоўвацца ў строгіх умовах, а іх законныя прадстаўнікі – панесці адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу. Аб гэтым усіх і папярэдзілі. Задумацца, упэўнена, ёсць над чым. У першую чаргу – бацькам, якія павінны быць максімальна пільнымі, разумець, што любая няўважліваць ці абыякавасць могуць прывесці да бяды. І, вядома ж, усвядоміць: выхаванне дзяцей – вялікая адказнасць.

Зараз, калі светлавы дзень усё больш скарачаецца, а школьнікаў чакаюць асеннія канікулы, у іх павялічваецца рызыка трапіць у небяспечную сітуацыю. Асаблівую актуальнасць набывае праблема позніх прагулак дзяцей.

Таму КСН раіць бацькам загадзя прадумаць, чым заняць сваіх сыноў і дачок у вольны ад вучобы час, падтрымліваць з імі пастаянны кантакт. Кожны ўчынак нясе за сабой паследкі, якія варта прадбачыць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *