Цікава, змястоўна і карысна павінны прайсці асеннія канікулы ў школьнікаў

Главное Грамадства

Вучні Малейкаўскай школы. Зарад станоўчых эмоцый на новую чвэрць будуць атрымліваць у лагеры дзённага знаходжання.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна пачаўся навучальны год, а ўжо мінула першая чвэрць. З нядзелі ў школьнікаў – асеннія канікулы. Падручнікі – убок! Але правесці ўсе дзевяць дзён у гультайстве, на канапе ці за камп’ютарам не дазваляецца. Забяспечыць максімальную занятасць непаўналетніх, засцерагчы іх ад неабдуманых крокаў і ўчынкаў, не дазволіць трапіць пад дрэнны ўплыў – задача дарослых нумар адзін.

Менавіта такую мэту ставіць прафілактычная акцыя “Арганізуй свой вольны час”, якая праводзіцца на тэрыторыі раёна ў перыяд канікул: з 31 кастрычніка па 7 лістапада. У рамках яе ва ўстановах адукацыі будуць дзейнічаць 11 лагераў дзённага знаходжання з ахопам 190 вучняў. І яшчэ адзін, для 30 юных спартсменаў, – на базе ДЮСШ. У раскладзе – рухавыя гульні, захапляючыя конкурсы, сяброўскія спаборніцтвы, цікавыя конкурсы, сустрэчы, экскурсіі… Гэтыя і іншыя мерапрыемствы накіраваны на фарміраванне здаровага ладу жыцця, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, пашырэнне іх кругагляду.

Вялікая ўвага будзе ўдзяляцца таксама грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Вучні, у прыватнасці, далучацца да агульнарэспубліканскай акцыі БРСМ “За справу”, у рамках якой прымуць удзел у добраўпарадкаванні помнікаў і воінскіх пахаванняў.

Каб канікулы прайшлі не толькі цікава, але і бяспечна, у дзейнасць, накіраваную на захаванне жыццяў і здароўя дзяцей, фарміраванне ў іх законапаслухмяных паводзін, уключаны ўсе, хто стаіць на абароне правоў падрастаючага пакалення. Гэта ў першую чаргу прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, сістэм адукацыі і спорту, культуры, медыкі. Яны нагадаюць школьнікам аб правілах бяспечных паводзін, у тым ліку на дарогах, каля вадаёмаў, у лесе, грамадскіх месцах, пагутараць з бацькамі.

У зоне асаблівай увагі, безумоўна, застануцца падлеткі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Узмоцніцца кантроль за становішчам спраў у праблемных сем’ях, а таксама за месцазнаходжаннем школьнікаў у вячэрні і начны час. Бацькам не варта забываць, што менавіта яны нясуць адказнасць за сваіх дзяцей у выпадку іх позніх прагулак без суправаджэння дарослых, здзяйснення іншых супрацьпраўных учынкаў.

За дні без урокаў вучням патрэбна як след адпачыць, умацаваць здароўе, аднавіць сілы. І, вядома ж, назапасіць толькі прыемных уражанняў. Для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Цімафея МІХАЛЕНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *