У лёсе пакаленняў

Главное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Маё дзяцінства, вядома, не толькі не супала з падзеямі 1917 года, але і вельмі далёкае ад іх. Ды гэта ніколькі не перашкодзіла яму быць наскрозь прасякнутым Вялікім Кастрычнікам. Усе мы добра ведалі і пра Леніна, і пра сацыялістычную рэвалюцыю, якая ўяўлялася як нешта светлае, бясконца-бязмежнае. У яе гонар – і працоўныя вынікі, і грандыёзныя планы. Не гаворачы ўжо пра іншы арсенал савецкай ідэалогіі – ад літаратурных твораў і мастацкіх стужак да ленінскіх пакояў. А калі святочны дзень 7 лістапада, то абавязкова з калонамі дэманстрантаў, чырвонымі сцягамі і транспарантамі. Настрой – прыўзняты, баявы. І ніякіх сумненняў у правільнасці выбранага курсу.

Ад Кастрычніцкай рэвалюцыі нас сёння аддзяляе 105 гадоў, за якія, безумоўна, дадзена нямала розных ацэнак тым падзеям. Час змяніў погляды на іх, унёс супярэчнасці ў асэнсаванне. Але бясспрэчным застаецца адно: яны былі непазбежныя. Як заканамерная вяха ў гістарычным развіцці, абумоўленая доўгімі і пакутлівымі пошукамі шляхоў дасягнення грамадскага прагрэсу. Як імкненне мільёнаў людзей да пераўтварэнняў на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і калектывізму.

Рэвалюцыя па сутнасці прадвызначыла жыццё многіх народаў, замацавала іх правы на працу і свабоду, змяніла ўклад людзей, іх псіхалогію. І нават прымусіла палітыкаў Захада разглядваць эканоміку не толькі як сродак прыбытку, але і як аснову для рэалізацыі надзённых сацыяльных патрэб шырокіх слаёў насельніцтва. Вынікам паўстання пралетарыяту стала стварэнне вялікай дзяржавы – Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Так, сёння нам усё здаецца звычайным: права на 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную адукацыю і медыцынскую дапамогу, на пенсійнае забеспячэнне ў старасці, магчымасць пайсці ў водпуск, у тым ліку жанчынам – па цяжарнасці і родах… І наўрад ці хто задумваецца, што гэта і ёсць заваёвы Вялікага Кастрычніка.

Больш таго, ён абудзіў творчую ініцыятыву і энтузіязм працоўных. За параўнальна кароткі тэрмін краіна пераўтварылася ў моцную індустрыяльную дзяржаву. Будаўніцтва яе, вялікай і магутнай, дазволіла многім нацыянальнасцям не толькі пераадолець працяглую адсталасць, але і ўзняцца да вышынь сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. Для беларусаў, у прыватнасці, Кастрычнік адкрыў гістарычную магчымасць дабравольнага дзяржаўнага вызначэння ў саюзе братэрскіх народаў. А зараз? Закладзеная ім сістэма сацыяльна-маральных каштоўнасцей – у аснове далейшага развіцця рэспублікі. Таму і не дзіўна, што 7 лістапада ў нашым календары па-ранейшаму застаецца чырвонай датай. Беларусь на дзяржаўным узроўні захавала павагу да сваёй гісторыі. Выкрасліць, фальсіфікаваць – не для тых, хто даражыць мінулым.

Менавіта Кастрычнік 1917-га навучыў людзей рашуча ісці да пастаўленай мэты, імкнуцца да лепшага, самастойна клапаціцца пра лёс Айчыны. Ён выхаваў мужныя, працалюбівыя, мудрыя і моцныя духам пакаленні, якія з вялікім энтузіязмам увасаблялі ў жыццё мару аб усеагульнай роўнасці, дабрабыце. А потым, у суровых саракавых, сталі ў такім жа адзіным парыве на абарону Радзімы.

Сведчаннем таму, што беларусы лічылі савецкую ўладу сваёй, з’яўляецца масавы партызанскі і падпольны рух. Без шырокай народнай падтрымкі ён быў бы немагчымы. І якраз камуністычная партыя, камсамол сталі той арганізацыйнай асновай, што садзейнічала развіццю супраціўлення, усенароднай барацьбе з фашызмам.

Камуністы першымі ішлі ў бой, цвёрда трымаліся пад катаваннямі ў нацысцкіх засценках, натхнялі і арганізоўвалі людзей. У імя ідэалаў, зацверджаных Кастрычнікам, здзяйсняліся подзвігі. Значыць, без яго не было б і Вялікай Перамогі.

Разважлівы, уніклівы чытач, не выключу, заўважыць: а як жа драматычныя факты? Так. Яны былі – трагедыі, памылкі, страты, правалы… Гісторыю не намалюеш толькі чорнымі ці светлымі фарбамі. Як і не знойдзеш аднолькавага адказу на пытанне, па звычцы ці цвёрдым перакананні вы адзначаеце 7 лістапада. Але менавіта ў праўдзе аб мінулым з яго дасягненнямі і горкімі ўрокамі – сіла нацыі. Гэта тое, што дае нам бясцэнны вопыт, што нас вучыць і робіць мацнейшымі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *