У аб’ектыве – прызёры трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Знаёмцеся!

Важное Грамадства

Год міру і стварэння набірае абароты. Нас чакае плённая праца і шмат добрых, карысных спраў. А ў кагосьці ёсць ужо і першыя дасягненні: па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах брагінчане атрымалі чатыры дыпломы. Тры з іх – па беларускай мове і літаратуры. Віншуем!

Для Дарыны Ганна Леанідаўна не шкадуе самых цёплых слоў.

Пасля нашай сустрэчы з вучаніцай Чамярыскай школы Дарынай Катлабай і яе настаўніцай Ганнай Дзямяненкай прайшоў год. З 36-ці дзевяцікласнікаў, якія змагаліся тады за званне лепшых знаўцаў роднай мовы і літаратуры вобласці, наша юная зямлячка стала трэцяй. А сёлета, ужо ў 10 класе, узнялася на прыступку вышэй – заняла другое месца.

Наколькі гэта дапытлівая, руплівая і працаздольная, напорыстая ў дасягненні пастаўленых задач асоба, Ганна Леанідаўна, здаецца, можа гаварыць бясконца. Галоўным для сябе дзяўчынка лічыць не проста вывучыць матэрыял, а ва ўсім дэталёва разабрацца, знайсці адказ на кожнае пытанне. Таму яна – у пастаянным пошуку, руху наперад, імкненні да дасканаласці, прычым па кожнай дысцыпліне.

Поруч з такой прагай да ведаў, дарэчы, заўважаецца, што Дарына вельмі сціплая, добразычлівая, спагадлівая асоба, не схільная хваліцца ўласнымі дасягненнямі. Як слушна заўважае яе настаўніца, без зоркавай хваробы, з гатоўнасцю дапамагаць іншым. Хвалюецца не столькі за свой, колькі за агульны вынік. Не застаецца абыякавай, калі ў кагосьці не апраўдаліся надзеі, з’явілася падстава для засмучэння. Як гэта, у прыватнасці, было сёлета: лічаных балаў да прызавога месца не хапіла Кацярыне Краўчанцы, яшчэ адной вучаніцы Чамярыскай школы. Не дзіўна, што пра такі факт падчас нашай размовы Дарына распавяла ў першую чаргу. І выказала меркаванне, што высокі ўзровень падрыхтоўкі па беларускай мове і літаратуры прадэманстравала ўся брагінская каманда, шчыра парадавалася за кожнага ўдзельніка.

– Звычайна ў поспехах вучняў бачаць заслугі настаўнікаў. Але я лічу, што гэта мне пашанцавала на працоўным шляху: сустрэць такую вучаніцу – вялікае шчасце. Яна не шкадуе вольнага часу для вучобы, няспынна працуе над сабой. Як у школе, так і дома. Не ў яе характары – прапусціць нейкі ўрок. Шмат займаецца Дарына самастойна. Адпаведна, да поспеху яе вядуць высокае пачуццё адказнасці, напорыстасць і мэтанакіраванасць, вялікае жаданне вучыцца, дасягаць большага. Настаўніку дастаткова проста накіроўваць, дапамагаць, – адзначае Ганна Леанідаўна.

Узровень ведаў Дарыны, па словах настаўніцы, за апошні час прыкметна вырас. З папярэдняй сустрэчы добра ведаю, што найбольшую цяжкасць у дзяўчынкі выклікаў водгук на літаратурны твор. Але зрухі ў гэтым напрамку відавочныя: калі ў мінулым годзе яна набрала 25 балаў з магчымых 40, то сёлета – 33 з паловай. Не надта далёка ад максімуму сярод удзельнікаў – 37. Ды і ўвогуле, заданні для 10-класнікаў вызначаліся сёлета большай складанасцю. Таму гонар за другое месца звычайнай сельскай школьніцы ўзрастае ўдвая. І да таго ж яна стала трэцяй у абласным конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Кожны поспех дапамагае ёй паверыць у свае сілы, узмацняе жаданне ўзбагачаць веды.

– У наступным годзе Дарына ўжо стане выпускніцай, таму я шчыра жадаю ёй канчаткова вызначыцца з далейшым шляхам, заўсёды быць здаровай, часцей усміхацца. Якую б справу яна для сябе ні выбрала, я ўпэўнена: у дарослае жыццё ўвойдзе чалавекам адказным, добрасумленным, душэўна шчодрым. За яе ніколі не будзе сорамна, –  падкрэсліла педагог з багатым працоўным і жыццёвым вопытам.

Старанная, адказная, руплівая, – характарызуе сваю вучаніцу Алена Фурс.

Яшчэ адна дыпламантка аналагічнага інтэлектуальнага спаборніцтва – 9-класніца Хракавіцкай школы Аліна Ахрэменка – таксама прыхільніца роднай мовы. Лічыць, што на ёй, вобразнай і пявучай, павінна размаўляць больш людзей. А як жа? Мы – беларусы.

У алімпіядным руху дзяўчынка – з пятага класа. Яе лінгвістычныя здольнасці прыкмеціла настаўніца Алена Фурс. Але гэта не значыць, што Аліна праяўляе асаблівую цікавасць толькі да беларускай мовы і літаратуры: адзнакі на вышыні – па ўсіх прадметах. Больш таго, мае не адзін дыплом па выніках творчых і спартыўных спаборніцтваў. Нядаўна, напрыклад, паспяхова праявіла сябе ў абласным конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, дзе заняла другое месца. І з такім жа вынікам вярнулася ў складзе зборнай каманды раёна з фінальнага этапу абласных спаборніцтваў па баскетболе сярод дзяўчынак 2008–2009 г.н.

Здавалася б, у такой стараннай вучаніцы, якая паспявае па ўсіх прадметах і ніколі не задаецца пытаннем, удзельнічаць у алімпіядзе ці не (так – і абавязкова!), на іншыя справы часу не застаецца. Але Аліна размяркоўвае яго прадумана, з розумам, каб хапіла і на захапленні, якіх у дзяўчынкі шмат: ад малявання да спорту. Па сваёй натуры яна не толькі творчая, але і даволі энергічная, камунікабельная асоба. У будучым бачыць сябе толькі ўрачом. А на шляху да любой пастаўленай мэты настройваецца на пазітыўны лад, што надае сіл, рашучасці і ўпэўненасці.

Акрамя Алены Паўлаўны, у падрыхтоўцы дзяўчынкі да абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды былі задзейнічаны і іншыя вопытныя педагогі-філолагі. Усе хутка, нягледзячы на адлегласць паміж школамі, наладзілі паміж сабой сувязь. А яшчэ паглыбляць веды дапамаглі настаўнікі, з якімі Аліна займалася ў профільным лагеры для інтэлектуальна адораных вучняў пры Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У так званай летняй школе правяла адзінаццаць дзён, напоўненых не толькі цікавымі заняткамі, але і новымі знаёмствамі, насычанай культурнай праграмай. Калі выпадзе яшчэ такая магчымасць – не адмовіцца.

Як вынік – з філалагічнага спаборніцтва Аліна вярнулася з дыпломам трэцяй ступені. Так, дарэчы, было і ў мінулым годзе. Апынуцца ў ліку прызёраў, па меркаванні самой вучаніцы, дапамагло вялікае жаданне не панізіць узятую планку, застацца ў ліку лепшых. Для гэтага, вядома, давялося  шмат працаваць. А нейкі працэнт, на думку дзяўчынкі, залежыць і ад удачы: ніколі не ведаеш, якія выпадуць заданні і наколькі яны будуць для цябе складаныя.

Для Сцяпана Святлана Іванаўна – настаўніца і маці ў адной асобе.

Наступны прыпынак – Малажынская школа, дзе ўсе добра ведаюць пра поспех на абласным узроўні Сцяпана Харко. Да слова, таксама не першы. Трэцяе месца ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры заняў, будучы пяцікласнікам. А далучаць яго да рашэння алімпіядных заданняў пачала яшчэ першая настаўніца Наталля Кірычэнка, якая заклала трывалы падмурак ведаў па ўсіх прадметах.

Цяпер Сцяпан – у дзявятым класе. Шчыра прызнаецца: на чарговы дыплом трэцяй ступені нават не разлічваў, бачыў сябе толькі ў ліку ўдзельнікаў. Па-першае, таму што на раённым этапе не стаў лідарам. А па-другое, у старэйшых класах значна ўскладняецца іспыт: да комплекснай работы дадаецца водгук на літаратурны твор – праца творчая і індывідуальная, з асабістым успрыманнем прачытанага, аналізам тэксту. Так што навіна аб атрыманні ўзнагароды была для вучня даволі нечаканая і адначасова радасная, вельмі прыемная.

Па-мойму, Сцяпану пашанцавала, што пры падрыхтоўцы да алімпіяды ён мог разлічваць на дапамогу не толькі ў школе, але і дома. Святлана Іванаўна – его настаўніца і маці ў адной асобе. Але ў вучобе – ніякіх патуранняў. Настаўніцкая строгасць і патрабавальнасць гарманічна спалучаюцца з дабрынёй, разуменнем і клопатам. Ды і сам Сцяпан усведамляе, што веды – сіла, якая вядзе да поспеху, таму імкнецца да развіцця сваіх здольнасцей. А ў апошні час, не без уплыву старэйшага брата-студэнта, захапіўся яшчэ і спортам. У прыярытэце – шашкі, шахматы і тэніс Не выключаю, што ў Сцяпана шмат сяброў: аптымістычны, вясёлы, з пачуццём гумару – побач з такім наўрад ці будзе сумна.

Побач з Аленай Дзмітрыеўнай Ганна адчувае сябе камфортна і ўпэўнена, цэніць яе тактоўнасць і добразычлівасць.

Колькі дыпломаў на рахунку гімназісткі Ганны Цалуйкі, самой дзяўчынцы цяжка прыгадаць з дакладнасцю. На дапамогу прыходзіць  настаўніца, з якой яна займаецца з пятага класа, – Алена Харко: «Калі ўлічыць конкурс па замежных мовах «Мастацтва гаварыць», то гэта – шосты». Зразумела, што размова ідзе пра абласныя этапы лінгвістычных спаборніцтваў. А дакладней, вынік сумеснай працы па нямецкай мове. Цікавасць да яе, дарэчы, яшчэ ў раннім узросце абудзіла ў дзяўчынкі маці, якая на той момант выкладала ў школе менавіта гэты прадмет. А калі Ганна закончыла чацвёрты клас і паступіла ў гімназію, захапілі ўрокі Алены Дзмітрыеўны. На чале з ёй рыхтавалася штогод да ўдзелу ў алімпіядным руху. І, як вынік, кожны раз вярталася дамоў з прызавымі месцамі.

Пра гэтыя поспехі і шляху да іх, плённую працу вучаніцы ў тандэме з настаўніцай мы, вядома, распавядалі на старонках мясцовага выдання ўжо не раз. Але менавіта сёлетняя алімпіяда, па словах настаўніцы, патрабавала больш грунтоўнай падрыхтоўкі: Ганна – выпускніца. Заданні для 11-класнікаў, з аднаго боку, самыя складаныя. А з другога, удзел у спаборніцтвах прымалі вучні, нацэленыя на прадмет, неабходны пры паступенні ў ВНУ і, адпаведна, больш матываваныя, з глыбокімі ведамі. У лік пераможцаў, акрамя брагінчанкі, якая заняла трэцяе месца, трапілі толькі прадстаўнікі буйных гарадоў: Мазыра, Жлобіна і Гомеля. Таму ўзнагарода – асабліва каштоўная. А назапашаныя веды па прадмеце спатрэбяцца ёй пры паступленні і далейшай вучобе  – Ганна плануе атрымліваць вышэйшую адукацыю па эканамічным профілі. Ды і ўвогуле, валоданне замежнай мовай – норма для актыўных, мэтанакіраваных людзей, якія імкнуцца да пашырэння кругагляду і паспяховай кар’еры.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *