Рэспубліканскі суботнік на Брагіншчыне праходзіць арганізавана і масава. У ім прымаюць удзел больш чым 4000 чалавек

Главное Грамадства

Вясна – лепшы час для азелянення. Старшыня райвыканкама Сяргей Карпенка разам з камандай – на пасадцы лесу

Брагічане разам з усёй краінай  прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай, гістарычная традыцыя ў нас не забыта. Жыхары раёна наводзяць парадак там, дзе жывуць і працуюць, добраўпарадкоўваюць месцы адпачынку. Нягледзячы на тое што рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу” закончылася, зялёны марафон на Брагіншчыне працягваецца.  Захаваць прыроднае багацце для будучых пакаленняў – прадмет агульнага клопату. Вось і ў дзень рэспубліканскага суботніка работнікі райвыканкама  начале з Сяргеем Карпенкам, дэпутаты на чале з Аляксандрам Калясанам праводзяць дапаўненне лясных культур на тэрыторыі Савіцкага лясніцтва Камарынскага лясгаса. Кіруе працэсам дырэктар Камарынскага лясгаса Аляксандр Дзягцярык.

 

Подзвіг герояў не будзе забыты

Сёлета жыхары раёна асаблівую ўвагу  ўдзяляюць гістарычна значымым месцам. З улікам палітычнай сітуацыі, якая складваецца вакол нашай краіны, гэта вельмі важна. Моладзь павінна ведаць гераічнае мінулае свайго народа, памятаць пра яго подзвіг, ахвяры, якія ён прынёс на алтар Перамогі.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман ЦЕСЛЯНОК:
– Удзел у такіх мерапрыемствах аб’ядноўвае і згуртоўвае калектывы. Агульная праца на карысць роднага краю – гэта не толькі ўклад у развіццё раёна, але і захаванне добрых традыцый, выхаванне ў маладога пакалення павагі да гістарычнага мінулага. Год міру і стварэння, як падкрэсліў Прэзідэнт, павінен стаць працягам Года  гістарычнай памяці. Мы мір мацуем добрасумленнай працай, каб заўтрашні дзень быў паспяховы. І ў адрозненне ад Украіны, Польшчы, краін Балтыі, дзе зруйноўваюць помнікі салдатам і афіцэрам савецкай арміі, захоўваем мемарыялы, наводзім парадак на брацкіх могілках, прыцягваем увагу да іх юнакоў і дзяўчат. Прафсаюзныя актывісты і на гэты раз задзейнічаны на вуліцы Камсамольскай г.п. Брагіна, дзе знаходзяцца брацкая магіла і абеліскі ў гонар воінаў-вызваліцеляў.

 

 Камарын першым адзначыць дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкай нечысці, пачнуцца сёлета з Камарына. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы гаварыў, звяртаючыся са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Пасёлак над Дняпром рыхтуецца да гэтай важнай падзеі. Калектывы прадпрыемстваў  і арганізацый, устаноў, размешчаных на  тэрыторыі Камарынскага сельскага Савета, наводзяць усюды парадак.

Валянціна БЛУДЧАЯ, в.а. старшыні Камарынскага сельсавета:

– Афарбоўкай і пабелкай помнікаў і пахаванняў займаліся настаўнікі і вучні Камарынскай школы, работнікі ўстаноў культуры. Пахаванне  ў  Карлаўцы прывялі ў парадак школьнікі, як і помнік партызанцы Пашы Аседач у Кацічаве. Для іх гэта – ганарова і пачэсна.

Прадстаўнікі працоўных калектываў працягваюць добраўпарадкоўваць замацаваныя тэрыторыі, беляць  дрэвы і бардзюры, вывозяць смецце. У в. Кірава мы ўстанавілі агароджу. Работу пачалі яшчэ ў мінулым годзе, а сёлета прадоўжылі. Ёсць у Камарыне дамы, дзе ніхто не жыве. Патрэбна было навесці парадак і тут. Стараемся зазірнуць у кожны куточак, каб усюды было чыста і прыгожа. Камарынцы любяць свой пасёлак і заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у суботніках.

 

Дапамаглі ветэрану

Работнікі Брагінскага РАНС наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Аляксандравіча Нікалаенку. Выратавальнікі не толькі пагутарылі з ім, падзякавалі за заваяваную для сённяшніх пакаленняў Вялікую Перамогу, але і аказалі дапамогу ў гаспадарчых справах: уборцы тэрыторыі домаўладання, абрэзцы дрэў, зносу шыферу, касьбе травы.

Рэспубліканскі суботнік, як і ў папярэднія гады, праходзіць арганізавана. Людзі працуюць  з добрым настроем і пазітывам. Толькі ў Брагіне задзейнічана больш чым 500 чалавек. Кіпіць работа на тэрыторыі ўсіх сельскіх Саветаў: вяскоўцы беляць дрэвы, фарбуюць агароджу, абнаўляюць малыя архітэктурныя формы, ачышчаюць ад смецця наваколле.

Па словах галоўнага агранома ААТ “Камарынскі” Аляксандра Петруненкі, механізатары ААТ выехалі ў поле ў 7.00. Фронт работ шырокі: падкормка азімых па другому разу, ворыва, сяўба кукурузы. На ўсіх участках – вопытныя хлебаробы. Не адстаюць ад іх аграрыі  з іншых гаспадарак.

 

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *