Вясеннія  клопаты. У добрым настроі і з пазітывам працавалі брагінчане на раённым суботніку

Грамадства

Прырода ў гэтую веснавую пару абуджаецца, зямля – адмыкаецца, настае час вялікай уборкі. Восьмага красавіка на Брагіншчыне прайшоў раённы суботнік. Аднымі з першых у работу ўключыліся прадстаўнікі райвыканкама на чале з Сяргеем Карпенкам і дэпутацкі корпус на чале з Аляксандрам Калясанам. Агульнымі намаганнямі добраўпарадкоўвалі зону адпачынку паблізу Дубліна.

Працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў наводзілі парадак на мехдварах і каля ферм, рыхтаваліся да пашавага перыяду. Дапамагалі ім прадстаўнікі іншых арганізацый. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам Гарашчанкам, работнікі Брагінскай ветэрынарнай станцыі перабіралі насенную бульбу ў ААТ “Імя Жукава” і затарвалі яе ў сеткі.  У аграрыяў – свае клопаты: своечасова завяршыць сяўбу яравых, пасадзіць бульбу і арганізавана вывесці грамадскія статкі на азімыя.

Вялікі аб’ём работы быў запланаваны і выкананы сельскімі Саветамі. У Новаіёлчанскім, да слова, прывялі ў парадак грамадзянскія могілкі ў Асарэвічах, Новай Іёлчы, Бярозках, помнік у аг. Краснае. У Камарынскім устанаўлівалі агароджу, фарбавалі яе, звозілі смецце, пазбаўляліся ад залішняй расліннасці і аварыйных дрэў, эстэтычна афармлялі малыя архітэктурныя формы.

Раённай талакой прыводзілі ў парадак помнікі, месцы вечнага ўпакаення землякоў у Старых Юркавічах,  Дубліне і Малажыне, каля паклоннага крыжа ў Дубліне Малажынскага сельсавета. Разам з вяскоўцамі працавалі прадстаўнікі ААТ “Брагінаграсэрвіс”, газавай службы, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Савіцкага лясніцтва.

У Буркоўскім сельсавеце рамантавалі агароджу, высаджвалі дрэвы, спілоўвалі аварыйныя, высякалі дзікую расліннасць, бялілі бардзюры. Арганізацыі Малейкаўскага сельсавета завіхаліся на замацаваных тэрыторыях. Убіраць рэшткі  старых будынкаў, абразаць дрэвы, спілоўваць іх, весці дэмантаж агароджы жыхарам Савета дапамагалі энергетыкі, Камарынскі лясгас, КЖУП “Брагінскае”, будаўнікі, ТЦСАН.

У Год міру і стварэння вучні Малейкаўскай школы высадзілі бярозкі і рабіны ў Тэльмане, Малейках, Сцежарным і Сяльцы, у агульнай колькасці – 120 дрэўцаў. Саджанцы прадаставіла Петрыкаўскае лясніцтва.

Як заўсёды, дружна працавалі ў гэты дзень калектывы арганізацый і ўстаноў, насельніцтва Вуглоўскага сельсавета. У Рудні Жураўлёвай добраўпарадкавалі памятнае для ўсіх месца – парк, дзе ўстаноўлены капліца і мармуровыя пліты з імёнамі землякоў, якія загінулі ў час ваеннага ліхалецця. Не засталіся без увагі і могілкі ў Таклінове, грамадскія месцы.

Чамярыскі сельвыканкам арганізаваў уборку могілак у Хракавічах і Чамярысах, тэрыторый вакол устаноў адукацыі, пасадку дрэў, афарбоўку лавак, знос аварыйных дрэў, старой агароджы ў Хракавічах. Наводзіць парадак чамярысцам дапамагалі работнікі Савіцкага лясніцтва.

Раённы суботнік праходзіў таксама з удзелам грамадскіх арганізацый і насельніцтва. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Раман Цеслянок разам са сваёй камандай працаваў на вуліцы Камсамольскай, дзе знаходзяцца брацкая магіла і абеліскі ў гонар воінаў-вызваліцеляў.

Яшчэ не адзін раз давядзецца мясцовым жыхарам выйсці з граблямі, рыдлёўкамі, мётламі, каб надаць прывабны выгляд нашым вуліцам, дварам, паркам і іншым тэрыторыям. Тым больш што наперадзе – вялікае праваслаўнае свята – Уваскрэсенне Хрыстова, а за ім Радаўніца. Месячнік па добраўпарадкаванні працягваецца.

Заробленыя ў час суботніка грошы будуць накіраваны на фінансаванне работ па добраўпарадкаванні, рамонт помнікаў і месц пахавання, іншыя мэты (па рашэнні райвыканкама).

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *