Сведкі вайны. Соф’я Маркаўна Галезнік з Мікуліч зведала ваеннае ліхалецце, з дзяцінства працавала ў калгасе і пайшла на заслужаны адпачынак у 73 гады

Главное Грамадства

У свае 94 гады Соф’я Маркаўна любіць чытаць, слухаць песні. А яшчэ – разглядваць альбом з фотаздымкамі родных і блізкіх.

29 красавіка 1929 года ў Мікулічах нарадзілася дзяўчынка, якой далі прыгожае імя Соф’я, што азначае мудрая, разумная. Такой яна была і застаецца. Да ўсяго яшчэ і працалюбівая, здольная, выдатная майстрыха, у якой залатыя рукі. Умее прасці, ткаць, вышываць, вязаць, шыць. Усе гады рабіла гэта з вялікім задавальненнем, укладваючы ў кожную рэч часцінку душы. Для сваіх дачушак шыла сукенкі, паліто, якія аздабляла ўзорамі, дапаўняла аксесуарамі з розных матэрыялаў. Вяскоўцы здзіўляліся фантазіі і ўменню жанчыны і не маглі паверыць, што такую абнову зрабіла непрафесійная швачка.

Сяброўкі, якія выходзілі замуж, стараліся ўзяць яе “за дружку”, бо ведалі, што да вяселля Соня навышывае ім ручнікоў, прасцін, падузорнікаў, накідак на падушкі. У яе гэта атрымлівалася хутка і акуратна, бездакорна. Дзяўчына прыходзіла з работы і адразу бралася за справу. Сама, прызнаецца, да 27 год аб шлюбе не думала, хаця прэтэндэнтаў на руку і сэрца было шмат. Яшчэ б! Аб такой спрытнай і ўвішнай прыгажуні марыў не адзін вясковы кавалер. А яна выбрала Фёдара Галезніка, з якім стварыла сям’ю ў 1957 годзе. У іх нарадзілася трое дзяцей: дзве дачкі і сын. На жаль, век Галезніка-малодшага быў нядоўгі. Пасля аўтамабільнай аварыі Іван у 50 год пайшоў з жыцця. У сэрцы Соф’і Маркаўны пасяліліся туга і боль. З дня смерці сына, заўважае з сумам, больш не спявае… Вялікі аматар народнай творчасці, жанчына ведае словы ўсіх папулярных песень, якія гучаць у праграмах “Привет, Андрей” і “Песни от всей души”. Найбольш падабаецца “Вішня беласнежная” ў выкананні групы “САДко”. Яе словы, калі чуе, паўтарае бязгучна.

На сцяне – сямейныя партрэты: Соф’я Маркаўна, Фёдар Сцяпанавіч, дочкі Алена (справа), Галіна і сын Іван.

А дочкі Алена і Галіна жывуць са сваімі сем’ямі ў Мазыры. У Мікулічы, да матулі, прыязджаюць па чарзе на два тыдні (абедзве ўжо на заслужанным адпачынку). У бацькоўскім доме ўтульна і цёпла. На ложку – насыпаныя з гусінага пер’я мяккія падушкі, прыгожая вышыўка, карункі, у чырвоным куце – іконы. Почырк майстрыхі пазнаеш адразу. А пад вокнамі – у белым вэлюме вішні, якія пасадзіла разам з мужам Фёдарам Сцяпанавічам.

Яны нагадваюць аб тых шчаслівых днях, калі ўсё было добра, калі з любоўю ўладкоўвалі сядзібу і спадзяваліся на лепшае. Дзеля гэтага шмат працавалі. Яна – на ферме і ў паляводчай брыгадзе, ён – на трактары і ў пажарнай.

У Соф’і Маркаўны – пяцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Яна па-ранейшаму жвавая, у свае 94 гады валодае фенаменальнай памяццю, да драбніц можа ўзгадаць падзеі Вялікай Айчыннай і той страшны дзень, калі карнікі знішчылі аднавяскоўцаў.

Жыхароў Мікуліч спалілі на Макавея

Соф’я Маркаўна ўспамінае:

– На Макавея (па царкоўным календары адзначаецца 14 жніўня, яго яшчэ называюць першы Спас – удакл. аўтара) людзей багата загінула. Жылі мы на хутары, трымалі карову. Маці пайшла яе даіць. Бачым, у Мікулічах такое вогнішча ўзнялося! Немцы сагналі жыхароў у куратнік і падпалілі.

У нас назбіралася поўненькая хата людзей, многія засталіся начаваць, баяліся ісці дамоў. Адправілі двух хлопцаў, каб паглядзелі, што там робіцца. Яны пайшлі, але хутка вярнуліся, ісці далей пабаяліся. Тады падахвоцілася двое мужчын. Схадзілі ў Мікулічы, прыйшлі і гавораць, што там нікога няма. А пад раніцу ў акно пастукалі партызаны. Яны пыталіся, што ў нас тут робіцца. Мама расказала ім пра тое, што адбылося. Мая стрыечная сястра выглянула ў акно і дадала, што спалілі яе брата з двума дзеткамі.

Немцы лютавалі, палілі і стралялі, калі адступалі. З хутара нас перасялілі ў Мікулічы, наша сям’я ўжо жыла тут. Ратуючыся ад бяды, мы забраліся на могілкі, ляжым, баімся ўзняць галаву. Раптам чуем голас Івана Галаса, партызана: “Гэта Марчышына карова, чаго яна тут?”. А мама карову і вала прывязала побач. Мы зразумелі, што немцы адступілі. Вяртаемся дамоў, а насустрач нашы салдаты. Худыя, змораныя, але шчаслівыя. Цалуюць, абдымаюць нас. Радасці не было канца.

Не ведаю, якім цудам мы з маці засталіся ўжывых. Аднаго дня ў хату заляцеў фрыц, прыставіў ёй пісталет да горла, а мне – да скроні і пачаў патрабаваць яйкі і малако. Са слязамі матуля пачала тлумачыць, што няма нічога, усё ўжо аддала. Страшна ўявіць, чым бы ўсё скончылася, каб на парозе не з’явіўся яшчэ адзін немец. Ён нешта гіркнуў на яго, і абодва пабеглі на вуліцу.

Маіх братоў выгналі на работу ў Германію. Малодшы па дарозе ўцёк, а старэйшы вярнуўся дамоў пасля вызвалення Чырвонай арміяй.

(Як вынікае з акта аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў, у Мікулічах 14 жніўня 1942 года было спалена 14 чалавек, з якіх – чацвёра дзяцей, трое падлеткаў, трое старых).

Працавала нараўне з дарослымі

Наш раён быў вызвалены ў 1943-м, а ў 1944-м Соф’я ўжо працавала ў калгасе. Папрасіла матулю, каб тая не адпраўляла яе ў школу. Неабходна было аднаўляць разбураную вайной сельскую гаспадарку. Валоў і кароў вяскоўцы паздавалі ў калгас, каб было крыху лягчэй апрацоўваць зямлю. Соф’я Маркаўна ўзгадвае, як трактарам (не ведае, адкуль ён з’явіўся) узаралі глебу, забаранавалі яе коньмі, нарэзалі рады, а бульбу яны саджалі ўручную.

Такім жа спосабам малацілі, пілавалі дровы. Яна старалася не адставаць ад дарослых, з удзячнасцю ўзгадвае суседак, якія працавалі з ёю ў пары, калі неабходна было нешта рабіць удваіх. Не многія хацелі бачыць побач з сабою худзенькае дзяўчо, хаця Соня была старанная і кемлівая. На пракосах дзяўчыну звычайна ставілі апошняй, баяліся, каб не падрэзала знянацку каго-небудзь з тых, хто ўперадзе.

А потым яна даглядала свіней, цялят. За стараннасць і добрыя вынікі Соф’ю Маркаўну заўсёды прэміравалі, аднойчы ў якасці натураплаты выдзелілі 200-кілаграмовага кабана. Паколькі сала і мяса хапала свайго, прадала яго. За гэтыя грошы купіла ў Гомелі два касцюмы: сабе і сястры.

Пакінула работу Соф’я Маркаўна ў 73 гады. Апошнія два была прыбіральшчыцай у канторы. “Я б і сёння працавала, – жартуе мая гераіня, – ды дзеці не дазваляюць”.

Ветэрана працы запрашаюць на розныя мерапрыемствы, уручаюць падарункі, дзякуюць за годна пражытыя гады. Але ж заслугоўвае Соф’я Маркаўна большага, як і яе аднагодкі. Ды і якімі словамі можна выказаць павагу і пашану людзям, якія на сваіх плячах вынеслі ўвесь цяжар пасляваеннага аднаўлення, працавалі, не шкадуючы сіл, каб у дастатку жылі і не ведалі гора наступныя пакаленні.

Даўгалецця Вам, паважаная Соф’я Маркаўна, моцнага здароўя і светлых дзён. Няхай кожную вясну расцвітаюць пад вокнамі дома беласнежныя вішні, радуюць квеценню і дораць цудоўны настрой. Жыццё працягваецца.

І сёлета дружна зацвілі пад вокнамі вішні, якія штогод адорваюць гаспадыню буйнымі сакавітымі ягадамі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *