Аляксандра Званок. Радзіма пачынаецца з жанчыны

Грамадства

Раней за ўсіх яна ўстае, пазней за ўсіх кладзецца.  Яна жыве, яна пяе, – дзецям лепш пяецца.

Некалі гэтыя словы напісала выдатная беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет. Але актуальныя яны і сёння, асабліва напярэдадні Дня маці. Гэтыя радкі добра апісваюць Аляксандру Званок – жанчыну, якая страціла бацькоў на вайне, вырасла ў мнагадзетнай сям’і з дзевяці чалавек і сама выгадавала шасцярых дзетак.

Аляксандры Міхайлаўне сёлета споўнілася 87 год. За яе плячыма – вялікі і цяжкі шлях. Сама жанчына – з вёскі Ільічы, якая пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС была выселена. Маладая Аляксандра пакінула свой родны куточак значна раней: пераехала разам з мужам Міхаілам у суседнія Буркі. Якраз тут яна з ім і пазнаёмілася, калі прыходзіла на святы і ў госці да сваёй сястры.

Дом на вузенькай вуліцы, у якім Аляксандра Міхайлаўна зараз жыве, будавалі з мужам з нуля. Менавіта тут нарадзіліся і выраслі яе шасцёра дзетак: Рая, Саша, Васіль, Мікалай, Пеця і Таня. Жанчына ўзгадвае, што спалучаць іх выхаванне з працай даяркі было няпроста. Аднак пэўны час дапамагала свякроў, за што Аляксандра Міхайлаўна ёй была ўдзячна.

Акрамя хатніх спраў жанчына займалася і вышываннем. Узгадвае, як разам са сваімі сёстрамі збіраліся па вечарах і ўпрыгожвалі тканіны рознымі ўзорамі. Без рукадзелля Аляксандра Званок не ўяўляла свайго жыцця. У яе скрынях можна было знайсці вышыванкі на любы густ. Аднак з цягам часу адышла ад свайго захаплення. Кажа, што зараз адпачывае, гадуе коцікаў і сабак, якія весела бегаюць па яе двары.

Займалася Аляксандра Званок і выхаваннем сваіх унукаў. Яны часта прыязджаюць да яе з падарункамі і абдымкамі, такімі ж цёплымі, як і ў дзяцінстве.

Акрамя родных, жанчына з ветлівасцю ставіцца і да суседскіх дзетак. Да яе на кубачак гарбаты прыходзяць усе – ад малога да дарослага. Ды і сама Аляксандра Міхайлаўна любіць завітаць да сваіх сябровак увечары, каб пагутарыць пра вечнае і пажартаваць. Праз усе жыццёвыя выпрабаванні прайшла з годнасцю. Бачыць пазітыў у кожным дні і сёння.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *