Да 105-годдзя УЛКСМ. З натхненнем, энергіяй і маладым запалам

Главное Грамадства

Партыйна-камсамольскі актыў Брагінскага раёна. 1930-я гады.

У 30-х гадах Брагінская раённая камсамольская арганізацыя налічвала каля 400 чалавек.

Галоўным асяродкам саюзнай і масава-палітычнай работы моладзі з’яўляліся вясковыя хаты-чытальні, бібліятэкі і клубы. На работу ў іх камсамольскія ячэйкі накіроўвалі найбольш адукаваных і ініцыятыўных, бо гэта па сутнасці былі цэнтры асветы, ідэалогіі і культуры. Тут разгортвалася шырокая інфармацыйна-прапагандысцкая, ваенна-патрыятычная і культурная дзейнасць, адбываліся гутаркі і сустрэчы, працавалі гурткі. А якая ўвага тады звярталася на творчасць пісьменнікаў, можна меркаваць па адным з артыкулаў, змешчаным 1 студзеня 1935 года ў раённай газеце “Трыбуна калгасніка”:

“28 снежня адбылося пасяджэнне штаба пры райкоме па правядзенню пахода за асваенне мастацкай літаратуры. Штаб вызначыў арганізаваць гурткі па чытанню мастацкай літаратуры ў 35 буйнейшых калгасах нашага раёна…

Вызначана, як мінімум, прачытаць і распрацаваць у гуртках наступныя творы: “Маці” Максіма Горкага, “Чапаеў” Фурманава, “Паднятая цаліна” М. Шолахава, “Дрыгва” Якуба  Коласа, “Над ракой Арэсай” Янкі Купалы, “Сполах на загонах” П. Галавача…”

Яшчэ адна публікацыя, ужо за 18 кастрычніка 1939 года, прысвечана тэме, пра якую гаворыць сам загаловак: “Вывучаюць выбарчы закон”. Акцэнт, у прыватнасці, зроблены на калгас “Новая Грэбля” Хракавіцкага сельсавета:

“У калгасе арганізаваны 4 гурткі, якімі ахоплены ўсе выбаршчыкі. Асабліва добра працуе гурток, якім кіруе настаўнік – камсамолец тав. Ходас. Ім ужо праведзена 5 заняткаў, на якіх прысутнічалі ўсе выбаршчыкі яго ўчастка.

Тав. Ходас разам з вывучэннем Палажэння аб выбарах і рашэнняў унечарговай Чацвёртай Сесіі Вярхоўнага Савета СССР расказвае выбаршчыкам і аб міжнародных падзеях”.

Мелі непасрэднае дачыненне камсамольцы і да важных клопатаў і спраў, звязаных з развіццём сельскай гаспадаркі. Калі ў калгасы і саўгасы пачалі паступаць трактары і іншыя складаныя сельгасмашыны, паўстала пытанне аб падрыхтоўцы механізатарскіх кадраў. У1934-м і затым у 1936 гадах рашэннямі Брагінскага і Камарынскага райкамаў камсамола на курсы трактарыстаў накіравалі вялікую групу моладзі, у тым ліку 30 дзяўчат. Пазней з часткі гэтай групы была сфарміравана першая на Брагіншчыне жаночая трактарная брыгада. Узначаліла яе камсамолка з калгаса імя Тэльмана, член бюро райкама ЛКСМБ (1936) Н. Нэпава.

Зарэкамендавалі сябе многія маладыя людзі і ва ўмацаванні мясцовых органаў улады. Найбольш адукаваных і актыўных накіроўвалі на пасады старшынь і сакратароў сельскіх Саветаў. Напрыклад, камсамолец Міхаіл Даніленка, які ўзначаліў выканкам Капоранскага сельсавета яшчэ ў 1921 годзе, добрасумленна працаваў на гэтай пасадзе 15 гадоў.

Нямала іх, маладых і мэтанакіраваных, было задзейнічана на ўзвядзенні Камсамольска-на-Амуры, Днепрагэса, Кузбаса, Магніткі, заводаў сельскагаспадарчых машын і інш. Мікалай Грыцанок, напрыклад, паехаў на будаўніцтва Днепрагэса ў 1929 годзе – па пуцёўцы, атрыманай у Камарынскім райкаме камсамола. Потым працаваў на ўзвядзенні іншых ударных аб’ектаў у розных кутках краіны. Ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Да яго высокіх ратных узнагарод у мірны час дадаліся ордэн Леніна і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якіх быў удастоены за самаадданую працу на будаўніцтве Краснаярскай ГЭС.

У 1935 годзе па камсамольскай пуцёўцы паехаў з Брагіншчыны на будаўніцтва беларускай сталіцы камсамолец Пётр Агафоненка. І менавіта з яго непасрэдным удзелам вырас акруговы Дом афіцэраў у Мінску. На будоўлях Данбаса, узвядзенні Гомсельмаша працавалі пасланцы Брагінскай раённай камсамольскай арганізацыі Пётр Гарошка, Яўсей Балобан, Ёсіп Шэхтман і інш. Сотні маладых энтузіястаў настойліва памнажалі грамадскае багацце на палетках і фермах калгасаў і саўгасаў. Славіліся вытворчымі здабыткамі паляводчыя камсамольска-маладзёжныя звенні А. Радчанкі з в. Петрыцкае, В. Кулая з в. Бакуны і інш.

На Камарыншчыне было добра вядома прозвішча загадчыцы перадавой  жывёлагадоўчай фермы, сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса “Серп і молат” Марыі Бажанок.

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці камсамола, яго пярвічных арганізацый у 30-я гады з’яўлялася ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзялялася яе дапрызыўнай падрыхтоўцы. Служба ў радах Чырвонай арміі была самым ганаровым і пачэсным грамадзянскім абавязкам. У гэтым можна пераканацца з газетнай заметкі, аўтарам якой з’яўляўся член пярвічнай камсамольскай арганізацыі Камарынскага райвыканкама Кірыл Мазураў, у далейшым вядомы партыйны і дзяржаўны дзеяч.

“На мяне, прынятага сёлета ў Чырвоную Армію, лажыцца абавязак абараняць сваю радзіму. Штодзённай сістэматычнай вучобай па аўладанню вайсковай тэхнікай, усебаковай фізічнай падрыхтоўкай я даб’юся таго, што буду лепшым байцом. І калі фашысцкія псы захочуць напасці на нашу вялікую радзіму, я выканаю свой ганаровы абавязак грамадзяніна СССР, са зброяй у руках стану ў першыя рады і, калі гэта спатрэбіцца, аддам сваё лепшае – жыццё ў імя вялікай радзімы…”,  – чыталі ў верасні 1936 года падпісчыкі Камарынскай раённай газеты “Калгасны сцяг”.

Далейшы лёс юнака пацвердзіў глыбокую вернасць дадзенай ім клятве камсамольца-чырвонаармейца.

У перадваенныя гады па заданні ЦК ЛКСМБ Брагінскі і Камарынскі райкамы камсамола ажыццяўлялі адбор юнакоў у ваенныя лётныя вучылішчы. У ліку тых, хто атрымаў пуцёўкі, былі Іван Вашчанка, Яфім Лысенка і інш.

Райкамамі камсамола сумесна з ваенкаматамі і раённымі камітэтамі Асаавіяхіма праводзіліся спаборніцтвы па праграме Усесаюзных дзён савецкага стралка, па здачы норм на значкі “Варашылаўскі стралок”, “Гатоў да працы і санітарнай абароны”, ваенізаваныя паходы і гульні. Наладжвалася шэфства камсамольскіх арганізацый над воінскімі часцямі. У 1935–1936 гг. у гаспадарках, у тым ліку ў калгасах “Новы свет”, “Парыжская камуна”, “Серп і молат”, ствараліся эскадроны варашылаўскіх коннікаў. Зведзеныя потым у полк, яны прымалі ўдзел у спаборніцтвах, якія заканчваліся парадам. Адзін з іх у 1935 годзе прымаў камандзір 37-й стралковай дывізіі, будучы вядомы военачальнік Іван Конеў. Брагінскі раён шэфстваваў тады над 111-м стралковым палком гэтай дывізіі, што дыслацыравалася ў Рэчыцы.

Некаторыя выхаванцы камсамольскіх арганізацый Брагінскага і Камарынскага раёнаў вызначыліся ў 1937–1939 гг. у баях супраць іспанскіх і італа-германскіх фашыстаў, змагаючыся ў радах інтэрбрыгадаўцаў. У прыватнасці, у 1937 годзе ў рэвалюцыйнай Іспаніі ваяваў камандзір танкавай роты Васіль Скідан, адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі за подзвігі ў далёкай краіне.

Сотні камсамольцаў нашых мясцін адважна змагаліся з ворагамі падчас ваенных канфліктаў 30-х гадоў.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *