80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Ерамей Іванавіч Данільянц

80 гадоў вызвалення Беларусі Главное Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Ерамей Іванавіч Данільянц – камандзір кулямётнага разліку 4-га эскадрона 60-га палка 16-й гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, гвардыі старшы сяржант.

Нарадзіўся 5 мая 1901 года ў сяле Аранзамін Нагорна-Карабахскай АССР у сялянскай сям’і. Армянін. Пасля заканчэння пачатковай школы пайшоў у будаўнікі. Спачатку працаваў падсобнікам у муляроў, а затым і сам стаў муляром-каменячосам. Гады практыкі на будоўлях Савецкага Саюза зрабілі з яго прафесіянала, дзякуючы якому вырасла мноства аб’ектаў у розных кутках некалі вялікай краіны. На адной з такіх будоўляў у 1941 годзе Данільянц сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, і ўжо праз некалькі дзён у ліку сотняў тысяч добраахвотнікаў уступіў у рады Чырвонай арміі.

Прайшоў вайскова-падрыхтоўчыя курсы. З 1942 года – на палях бітваў. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі праявіў выдатную ваенную і тактычную вывучку. Так, ноччу 28 верасня 1943-га Ерамей Данільянц пад моцным мінамётна-кулямётным агнём першым са сваім разлікам пераправіўся на правы бераг Дняпра ў раёне вёскі Ніўкі (цяпер не існуе) Брагінскага раёна і адкрыў шквалісты агонь па праціўніку. Гэта дапамагло кавалерыйскаму эскадрону паспяхова фарсіраваць раку, заняць выгадную пазіцыю і забяспечыць пераправу галоўных сіл 60-га палка.

29 верасня, працягваючы наступленне на вёску Галкі, пры ўзяцці вышыні, з якой праціўнік вёў інтэнсіўны агонь, Данільянц быў у радах атакуючых. Ён выбраў зручную пазіцыю для кулямёта і адкрыў агонь, прымусіўшы фашысцкіх аўтаматчыкаў схавацца ў акопах. Знішчыў два кулямётныя разлікі і больш за 20 нямецкіх салдат і афіцэраў. У гэтым баі загінуў. Але шлях 4-му эскадрону на Галкі быў адкрыты.

З успамінаў Рыгора Бялова, камандзіра 16-й гвардзейскай Чарні-гаўскай кавалерыйскай дывізіі:

– Знішчыўшы варожыя танкі і самаходку, эскадрон падняўся ў атаку. Аднак шчыльны кулямётны і аўтаматны агонь з умацаванай немцамі вышыні паміж вёскамі Вялле і Галкі прыціснуў нашых байцоў да зямлі. Тады ў абход варожага ўмацаванага пагорка быў накіраваны кулямётны ўзвод лейтэнанта А.М. Сіманава. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Данільянц Ерамей Іванавіч здолеў зайсці ў тыл ворага і, устанавіўшы кулямёт, даў доўгую чаргу. Нямецкія аўтаматчыкі спынілі агонь і схаваліся ў траншэі. Тады Данільянц перанёс агонь па кулямётных гнёздах гітлераўцаў. Неўзабаве адзін, а затым і другі кулямёты замоўклі. Тады ўдалым манеўрам сяржант змог у корані змяніць баявую сітуацыю на карысць эскадрона.

Адразу ж пасля гэтага эскадрон падняўся ў атаку. Кароткімі перабежкамі пад знішчальным агнём сіманаўцаў немцы пакідалі пагорак. Аднак у запале бою сяржант Данільянц не заўважыў, як з другога боку да яго падкраўся фашыст і амаль ва ўпор выпусціў доўгую чаргу.

Герой загінуў, але сваім подзвігам ён выратаваў дзясяткі жыццяў сяброў па зброі. Эскадрон хутка авалодаў пагоркам і з фланга ўварваўся ў вёску Галкі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявога задання камандавання ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі старшаму сяржанту Ерамею Данільянцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Аб гэтым ён даведацца не паспеў… Пасмяротна ўзнагароджаны таксама ордэнам Леніна.

На Брагіншчыне імя вызваліцеля ўвекавечана на брацкай магіле ў Галках, дзе ён знайшоў вечны прытулак.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *