У Камарыне прайшлі раённыя спаборніцтвы па лыжных гонках сярод арганізацый Брагінскага раёна

Грамадства Спорт

Яны праводзіліся ў рамках круглагадовай спартакіяды на стадыёне фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі.

Негледзячы на выхадны дзень, на забег сабралася значная колькасць аматараў спорту. Тым больш што надвор’е з самай раніцы гэтаму спрыяла.

Адкрыў спаборніцтвы старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка, які пажадаў удзельнікам добрага старту і настрою. Да яго далучыўся і дырэктар Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Мікалай Шубянок. Ён падзякаваў усім прысутным за цікавасць да спаборніцтваў.

Удзельнікі лыжні разыгрывалі медалі ў асабістых першынствах, дзе мужчынам трэба было пераадолець адлегласць у 3 км, а жанчынам – 2 км. Сярод мужчын лепшым стаў Сяргей Літошанка (Камарынскі лясгас), другі вынік паказаў Міхаіл Канавальчык (Брагінская СШ), бронза – у Данііла Канцавога (Камарынская СШ).

У жанчын на першую прыступку п’едэстала ўзнялася Віталіна Сніцар (Камарынская СШ), срэбра – на рахунку Анастасіі Траілінай, трэцяе месца заняла Ангеліна Траіліна (абедзве – з Брагінскай СШ).

Не абышлося і без традыцыйнай эстафеты. У склад каманд уваходзілі двое мужчын і адна жанчына. Разам ім неабходна было пераадолець 4000 метраў. У выніку першае месца – у каманды Камарынскай сярэдняй школы, другое – у Брагінскай, трэцяе – у Камарынскага лясгаса.

Усе пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды: дыпломы і медалі. Як адзначыў Юрый Крываручка, дзень прайшоў вынікова. Радуе, што лыжныя гонкі ў раёне набіраюць папулярнасць і прыцягваюць усё больш удзельнікаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *