Любоў і клопат – на ўсіх. Расказваем пра выхавальніцу Малейкаўскага дзіцячага сада Святлану Бухавец

Главное Грамадства

Добрая, уважлівая, чулая і спагадлівая. Усе гэтыя эпітэты ў поўнай меры можна аднесці да выхавальніцы Малейкаўскага дзіцячага сада Святланы Бухавец.

Набліжэнне самага цёплага, пяшчотнага і радаснага вясновага свята ў сценах устаноў дашкольнай адукацыі адчуваецца асабліва. Да яго тут заўсёды рыхтуюцца загадзя, і падыход, як і належыць, творчы. У праграме – вершы, песні, танцы, конкурсы, гульнявыя моманты… Віншаванні дзяцей для матуль, безумоўна, самыя жаданыя, замілавальныя і шчырыя, а падарункі, зробленыя іх рукамі, – самыя каштоўныя. Таму так важна стварыць адпаведную атмасферу, задзейнічаць у працэсе кожнага.

Сваё жыццё без гэтых прыемных клопатаў, усмешак дзяцей, іх адкрытых і даверлівых позіркаў Святлана Бухавец не ўяўляе. Значыць, справа, якую выбрала, па душы: амаль трынаццаць гадоў крочыць па сцяжыне педагагічнай дзейнасці. Быць выхавальнікам – няпростая, разлічаная на будучыню праца. Але менавіта яна для Святланы Рыгораўны з’яўляецца крыніцай станоўчых эмоцый. Побач – адзінаццаць непасрэдных маленькіх асоб. А колькі яшчэ выпушчана ў школу! І колькі душэўных сіл, цярплівасці і мудрасці патрэбна, каб даць ім першае ўяўленне аб навакольным свеце, навучыць успрымаць усю яго шматгранную палітру, адрозніваць дабро і зло, быць справядлівымі і адказнымі, даражыць Радзімай.

Разумеючы, што для плённай, мэтанакіраванай дзейнасці патрэбны адпаведныя веды, пасля Лоеўскага педкаледжа Святлана Рыгораўна аддала перавагу факультэту пачатковай адукацыі Мазырскага ўніверсітэта. Яна прайшла таксама перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Практычная псіхалогія».

Як клапатлівая маці, надзейны сябар, праваднік і дарадчык, выхавальніца закладвае ў дзецях зерне цікавасці да ведаў, любові да творчасці, духоўных і культурных каштоўнасцей. І шчыра верыць: яно абавязкова прарасце.

З такой жа радасцю, як і на працу, ідзе пасля работы дамоў, бо сям’я для яе – апора і падтрымка. У дарослае жыццё хутка накіруюцца двое сыноў, старэйшы з якіх сёлета заканчвае гімназію. І для маці галоўнае – бачыць іх у будучым людзьмі сумленнымі, адказнымі і прыстойнымі.

Любімая праца, моцная сям’я, павага землякоў, светлыя пачуцці, якімі напаўняе душу вясна… Што яшчэ для гармоніі, дабрабыту, шчасця жанчыны патрэбна?

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

Самые интересные и важные новости ищите в наших социальных сетях:   TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *