На абароне дзяцінства. У Брагіне прайшло сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18

Важное Грамадства

Падтрымка і абарона дзяцей, асабліва ў праблемных сем’ях, – справа няпростая і надзвычай адказная. Месца абыякавасці, патуранню, бескантрольнасці тут не павінна быць.

У сучаснай моладзі і падрастаючага пакалення шмат не толькі магчымасцяў, але і выклікаў, спакус. Любы неабдуманы крок, зроблены на парозе сталення, можа не лепшым чынам «упрыгожыць» біяграфію, накіраваць вектар жыцця ў непажаданым напрамку. Таму вельмі важна дапамагчы падлеткам знайсці правільныя арыенціры, сфарміраваць у іх цвёрдыя маральныя прынцыпы, разуменне і прыняцце норм грамадства. У сем’ях павінна панаваць здаровая псіхалагічная атмасфера. А бацькам варта разумець: яны – прыклад для сваіх сыноў і дачок. На жаль, не заўсёды станоўчы… Калі ў родным доме няма належнай увагі, даверу і падтрымкі, дзіця будзе шукаць іх, як і выйсце з цяжкасцей, у чужых людзей, сумніўных кампаніях. І можа такім чынам, пад негатыўным уздзеяннем трапіць у небяспечную сітуацыю, парушыць закон.

Менавіта над гэтымі пытаннямі разважалі падчас сумеснага пасяджэння прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Яны падвялі вынікі сваёй работы за мінулы год і абмеркавалі, на што патрэбна скіраваць больш пільную ўвагу ў далейшым, прааналізавалі прычыны і ўмовы супрацьпраўных паводзін падлеткаў.

У сумную статыстыку 2023-га, дарэчы, упісаліся два злачынствы, здзейсненыя непаўналетнімі, а дакладней, крадзяжы. Трывогу таксама выклікаюць факты ўжывання дзецьмі спіртнога і іх з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, хуліганскія дзеянні, парушэнні правілаў дарожнага руху. Больш таго, нярэдка на такія рызыкоўныя, неабдуманыя крокі ідуць 9–12-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. Пакаранне за іх супрацьпраўныя ўчынкі нясуць бацькі. Праблема маладзее.

Вядома, у раёне, каб папярэдзіць такія негатыўныя з’явы, праводзіцца маштабная прафі-лактычная работа, наладжана сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння. На фарміраванне ў дзяцей законапаслухмяных і бяспечных паводзін, здаровага ладу жыцця накіраваны шматлікія мерапрыемствы. У тым ліку таварыскія сустрэчы падлеткаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў на спартыўных пляцоўках, сумесныя велапрабегі, гутаркі ў фармаце адкрытага дыялогу. У размову з вучнямі ўстаноў адукацыі і бацькоўскай грамадскасцю ўключаюцца прадстаўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, суда, аддзела ўнутраных спраў, камісіі па справах непаўналетніх, медыкі. А тэмы, вынесеныя на абмеркаванне, датычацца самых злабадзённых і хвалюючых праблем. У прыватнасці, як засцерагчы дзяцей ад алкаголю і наркотыкаў, падману і махлярства ў інтэрнэце, злачынстваў супраць палавой свабоды і недатыкальнасці. Як не даць падлеткам пераступіць мяжу дазволенага.

Пад пільнай увагай і кантролем – занятасць школьнікаў у вольны ад вучобы час. Правесці яго з карысцю для сябе і іншых дапамагаюць гурткі, спартыўныя секцыі, аб’яднанні па інтарэсах, працоўныя дэсанты, валанцёрская дзейнасць і інш. Больш плённа і актыўна працаваць у гэтым напрамку, як было адзначана, павінны ўстановы культуры, асабліва ў аддаленых ад школ вёсках. І, вядома ж, ніхто не здымае першачарговай адказнасці з бацькоў. Быць побач са сваімі дзецьмі, дапамагаць ім спраўляцца з цяжкасцямі, падтрымліваць у складаных жыццёвых сітуацыях, накіроўваць на шлях без заганаў – лепшы спосаб папярэдзіць бяду.

На жаль, лад, дабрабыт, узаемаразуменне паміж самымі роднымі і блізкімі людзьмі пануюць не заўсёды. Бывае, што бацькоў бярэ ў палон алкаголь, і з кожнай апустошанай бутэлькай яны апускаюцца на дно. Таму трывогу патрэбна біць на ранняй стадыі, пакуль яшчэ сітуацыя не дайшла да крайнасці. Чым глыбей нядобранадзейнасць, тым цяжэй з ёю справіцца.

Менавіта п’янства, як паказвае практыка, найчасцей прыводзіць да таго, што сям’ю прызнаюць сацыяльна небяспечнай. Але гэта не прысуд, а падстава правільна расставіць прыярытэты, прыслухацца да рэкамендацый і парад спецыялістаў. Галоўны акцэнт робіцца на перакананне гора-бацькоў у тым, наколькі яны патрэбны сваім дзецям. Не з напоўненай шклянкай і чэрствым сэрцам, а з бязмежнай любоўю, клапатлівымі адносінамі, цвярозым поглядам на жыццё. У кожнага ёсць магчымасць атрымаць псіхалагічную дапамогу, прайсці бясплатнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Зараз у нашым раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 52 непаўналетнія, якія выхоўваюцца ў 17 сем’ях. За спакой і дабрабыт у такіх дамах змагаюцца ўсе суб’екты прафілактыкі. Калі ёсць важкія падставы, дзіця змяшчаецца на дзяржаўнае забеспячэнне, а бацькам даецца час, каб усё пераасэнсаваць і змяніць свой лад жыцця.

У мінулым годзе, дарэчы, такое рашэнне камісія па справах непаўналетніх прыняла ў дачыненні да пяці дзяцей з двух сем’яў. Захаваць іх, як ні балюча гэта прызнаваць, не ўдалося. Адсутнасць станоўчых зрухаў прывяла да таго, што бацькі пазбавіліся сваіх правоў.

Зразумела, што пры ўсіх намаганнях спецыялістаў паўплываць, папярэдзіць, засцерагчы такая дапамога ідзе на карысць толькі тым, хто гатовы яе прыняць і выкарыстаць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самые интересные и важные новости ищите в наших социальных сетях:   TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *